Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйс з Тэль-Авіву: грамадзяне Беларусі вяртаюцца з Ізраілю


Радыё Свабода Сёньня ў аэрапорт “Менск-2” прыляцеў самалёт з Тэль-Авіву. У гэтыя дні кампанія “Белавія” бярэ на борт самалётаў на 10 – 12 пасажыраў болей, чым звычайна. Прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі не выключаюць, што найбліжэйшым часам будуць арганізаваныя дадатковыя чартэрныя рэйсы, каб усе ахвотныя грамадзяне Беларусі змаглі пакінуць Ізраіль. Рэйс з Тэль-Авіву сустракала нашая карэспандэнтка.

Настрой у людзей, якія прыляцелі сёньня, быў розны. І з настрою можна было меркаваць, адкуль прыбылі людзі. Калі яны з цэнтру Ізраілю – Тэль-Авіву, Натаніі – то пры сустрэчы ўсьміхаліся. Калі з поўначы – з Хайфы, Карміэлю, куды далятаюць ракеты “Хэзбалы” – дык тыя не хавалі сьлёзаў. Што мяне асабіста ўразіла сёньня, так гэта агрэсіўная рэакцыя большасьці з пасажыраў на мікрафон. Яны гаварылі: “Мы нічога вам ня скажам. Не чапайце нас”.

Чаму такое стаўленьне? Як казалі гэтыя людзі, у Ізраілі можна глядзець спадарожнікавыя расейскія і беларускія праграмы. І, паводле суразмоўцаў, гэтыя тэлеканалы адкрыта дэманструюць свае сымпатыі да лібанскага боку. Зь іх рэпартажаў выглядае, што ўсе пакуты і разбурэньні ідуць ад Ізраілю, што толькі ў Лібане ўсё жахліва. Суразмоўцы апавялі, што на поўначы Ізраілю сёньня вельмі шмат разбурэньняў, жыхары пакідаюць свае дамы, як ніколі шмат тэрарыстычных актаў.

Мне ўдалося пагаварыць зь некалькімі беларускімі грамадзянкамі, якія прыліцелі сёньня. Большая частка пасажыраў сёньняшняга рэйсу з Тэль-Авіву – жанчыны. Маладзейшыя, што вярнуліся ў Менск зь дзецьмі, гасьцявалі ў сваіх ці ў мужавых бацькоў. Старэйшыя, наадварот, езьдзілі да сваіх дзяцей.

(Пасажырка: ) “Самалёт абсалютна поўны. Абсалютна ніводнага вольнага месца. У аўторак рэйсы былі адмененыя. Рэгулярныя рэйсы ўсе раскупленыя, арганізуюцца чартэрныя, аднак цэны там надзвычайныя”.

(Другая пасажырка: ) “Учора за вечар 70 “кацюшаў”. Зносіць дахі з дамоў. Было так: людзі паехалі, і адразу праз паўгадзіны ракета трапіла да іх у дом. Ці: мужчына завёў сваю сям’ю ў бамбасховішча і выйшаў. І усё. Гэта жудасна. Спачатку езьдзіла машына і аб’яўляла: “Будзьце побач з бамбасховішчамі!” Мяне зь дзецьмі муж правёў у аэрапорт, а потым вярнуўся назад. Кажа, горад мёртвы”.

(Трэцяя пасажырка: ) “У мяне сын служыць у войску. Ён у Газе знаходзіцца. Пазваніў сёньня і сказаў: “Мама, я вас люблю, вось і ўсё”.
XS
SM
MD
LG