Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Георгі Таразевіч (17.7.1937 — 21.03.2003)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Пасьля гістарычных “Дзядоў” 1988 году, якія адгукнуліся далёка за межамі Беларусі, Георгія Таразевіча, які тады быў старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, прызначылі кіраўніком камісіі па расьсьледаваньні тых падзеяў. Амаль адразу ён накіраваўся на агульны сход нашага Саюзу пісьменьнікаў. Сход быў надзвычай бурны. Высокі госьць шчодра раздаваў абяцаньні ўва ўсім разабрацца, абы толькі не пасылалі тэлеграмнага звароту да Гарбачова. Сярод выступоўцаў апынуўся і я: пасьля прамовы на “Дзядах” цягам двух дзён на мяне склалі два пратаколы за пражываньне ў сталіцы без прапіскі і, склаўшы трэці, абяцалі арыштаваць. “Даю слова, таварыш Арлоў, што міліцыя да вас больш ня прыйдзе”, — сказаў Таразевіч.

Назаўтра людзі ў форме сапраўды пакінулі мяне ў спакоі. Гэта асабліва ўражвала таму, што ўчора – не пасьпеў скончыцца сход – Таразевічу даклалі: пісьменьніцкая тэлеграма ў Маскву адпраўленая яшчэ да ягонага візыту...

Ён быў не тыповым функцыянэрам высокага рангу. Атрымаўшы ў Львоўскім політэхнічным інстытуце дыплём інжынэра-геадэзіста, Таразевіч аб’ехаў з геалягічнымі экспэдыцыямі ўвесь Савецкі Саюз. На пасадзе старшыні Менскага гарвыканкаму ён вызначаўся нярэдкімі публічнымі выступамі па-беларуску. Стаўшы ў 1989-м народным дэпутатам СССР, узначаліў камісію па міжнацыянальных дачыненьнях і наведаў усе тагачасныя “гарачыя пункты”, пачынаючы з Нагорнага Карабаху. Галоўныя рашэньні, вядома, прымаліся не Таразевічам, але і ад армянаў, і ад летувісаў мне даводзілася чуць пра ягоную разважлівасьць.

У гады незалежнасьці ён быў першым намесьнікам міністра замежных справаў, а затым паслом Беларусі ў Польшчы, адкуль Таразевіча адклікалі пасьля яго адкрытых рэзкіх выказваньняў супроць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму 1995-га.

Знаходзячыся ў апазыцыі, Георгі Таразевіч увайшоў у Нацыянальны выканаўчы камітэт (ценявы ўрад), дзе кіраваў камісіяй па нацыянальных і рэлігійных дачыненьнях.

Аднойчы мы сустрэліся на сьвяткаваньні Дня Волі. Хітравата прымружыўшы вочы, Таразевіч нечакана запытаўся: “А вы памятаеце той сход у 88-м, спадар Арлоў?”
XS
SM
MD
LG