Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партыя ў падарунак беларускім дзецям дала опэру, якая вучыць іх клясавай нянавісьці, шпіёнскіх прыхватак” (1956)


Падрыхтаваў Дзьмітры Падбярэскі Беларускія газэты 18 ліпеня ў розныя гады.

“Беларуская справа”, 1926 год:

“№158 віленскай часопісі “Unzer Tog” сканфіскаваны, а рэдактар пайшоў пад суд за перадрук тэксту адозвы французскіх пісьменьнікаў і вучоных з дамаганьнем амністыі ў Польшчы. Часопісь была сканфіскавана на падставе арт.163, як за памяшчэньне сьвядома фальшывых ведамасьцей. З тае прычыны, што факт істнаваньня камітэту — агульна ведамы, і што той самы тэкст быў зьмешчаны ў варшаўскіх газэтах, — рэдакцыя “Toga” зьвярнулася з просьбай аб заступніцтве да некалькіх паслоў”.

“ЛіМ”, 1946 год. Начальнік Кіраўніцтва справаў мастацтва пры Савеце Міністраў БССР П.Лютаровіч:

“Вельмі дрэнна працуе Беларуская Дзяржаўная эстрада. Яе кіраўніцтва недастаткова ўяўляе сабе свае задачы і стала на шлях фармавання шматлікіх уласных, у большасці нізкапробных, калектываў. Канцэрты, якія наладжвае эстрада, часта вельмі дрэнныя і часамі прыносяць толькі шкоду, таму што мастацкая якасць, а часамі нават і ідэйная накіраванасць рэпертуара, якім частуе нашых слухачоў эстрада, не вытрымлівае крытыкі”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год:

“Пару месяцаў таму беларускі опэрны тэатр паказаў першую беларускую опэру “Марынка” — музыка кампазытара Пукста, лібрэта Агняцьвет… Адкінуўшы мэты ўзгадаваньня моладзі ў духу шляхотных агульналюдзкіх прынцыпаў — дапамогі слабейшаму, абароны пакрыўджаных і пашаны да старэйшых, як буржуазны гнілы гуманізм, — партыя ў падарунак беларускім дзецям дала опэру, якая вучыць іх клясавай нянавісьці, шпіёнскіх прыхватак ды спосабаў зьнішчэньня за ўсякую цану кажнага іншадумца”.
XS
SM
MD
LG