Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Вялікая Брытанія запатрабавалі ад лібанцаў вызваленьня закладнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Прага На тэрыторыі Лібану працягваюцца цяжкія баі паміж ізраільскімі сіламі і ваеўнікамі групоўкі "Хэзбала". Ізраільскія жаўнеры ўвайшлі ў Лібан, каб, як тлумачыць камандаваньне, знайсьці базы "Хэзбалы", адкуль вядзецца ракетны абстрэл Ізраілю. Між тым кіраўніцтва Лібану зьвяртаецца па дапамогу да міжнароднай супольнасьці.

Прэм’ер-міністар Лібану Фуад Сыніёра зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці зь вельмі эмацыйным зваротам. Ён сярод іншага заявіў, што ягоную краіну “разрываюць на кавалкі” і што міжнародная супольнасьць павінна “не глядзець на ўсё спакойна, а дапамагчы спыніць бамбаваньні Ізраілем лібанскіх тэрыторыяў”. Сыніёра адзначыў:

(Сыніёра: ) “Я заклікаю вас усіх адказаць неадкладна, без хістаньняў і адгаворак, адказаць на мой заклік неадкладна абвясьціць перамір’е, спыніць наступ на лібанскую тэрыторыю і неадкладна арганізаваць міжнародную дапамогу нашай зьнішчанай вайной краіне”.

Прамаўляючы ў Бэйруце, Фуад Сыніёра сказаў, што ў выніку ізраільскіх абстрэлаў загінулі 300 лібанцаў, пераважна цывільных грамадзянаў, каля тысячы чалавек параненыя, а прыкладна паўмільёна лібанцаў, ці адна восьмая частка насельніцтва краіны, пакінулі свае дамы ў выніку ваенных дзеяньняў. З ізраільскага боку загінулі 29 чалавек. Палова зь іх – жаўнеры.

Прадстаўнік ізраільскага боку Эфраім Снэх заявіў, што пра перамір’е ня можа быць гаворкі, пакуль Ізраіль не выканае сваёй задачы – гэта значыць, пакуль ня зьнішчыць базаў "Хэзбалы" ў паўднёвым Лібане і не адкіне ваеўнікоў групоўкі ад сваёй паўночнай мяжы. Ерусалім патрабуе, каб "Хэзбала" спыніла абстрэл Ізраілю і каб лібанскае войска, а не "Хэзбала", кантралявала паўднёвы Лібан.

Што да міжнароднай рэакцыі, дык сёньня ўвечары ў справе ізраілська-лібанскага канфлікту павінна адбыцца кароткае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН.

ЗША і Вялікая Брытанія запатрабавалі ад лібанцаў неадкладна вызваліць захопленых жаўнераў, а Расея ў сваю чаргу лічыць, што пачаць трэба менавіта са спыненьня баёў.
XS
SM
MD
LG