Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца ў Беларусі адна камуністычная партыя?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сакратар Партыі камуністаў беларускай Валеры Ухналёў і сябра ЦК Камуністычнай партыі Беларусі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларускія дзяржаўныя мэдыі паведамілі, што мінулай суботай дзьве камуністычныя партыі аб’ядналіся ў адну на плятформе праўрадавай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Але прадстаўнікі апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) абвяргаюць гэтую інфармацыю. Яны сьцьвярджаюць, што на гэтым зьезьдзе прысутнічала толькі пяць чалавек, якія на дадзены момант зьяўляюцца сябрамі Партыі камуністаў беларускай на чале з Калякіным. Дык што насамрэч адбываецца з так званым “аб’яднаньнем” дзьвюх кампартыяў?”

(Валерый Ухналёў: ) “Дзяржаўныя мэдыі шмат кажуць, што ПКБ ужо не існуе, засталося толькі КПБ. Але гэта няпраўда. ПКБ працягвае дзейнасьць ня толькі юрыдычна, але і практычна. А так званы “аб’яднаўчы зьезд” ладзіла ўлада. Насамрэч ніводная арганізацыя ПКБ не дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на зьезд. Ёсьць невялікі шэраг людзей з ПКБ, якія вырашылі ўдзельнічаць у гэтым зьезьдзе і перайсьці ў КПБ. Але гэта іхнае асабістае рашэньне. Большасьць тых дэлегатаў, якіх прадстаўляюць як сяброў ПКБ, насамрэч ня маюць да нашай партыі ніякага дачыненьня. Яны даўно выйшлі з ПКБ. Дзяржаўныя мэдыі паказваюць інтэрвію з Васкрасенскім і прадстаўляюць яго як члена бюро ЦК ПКБ. Але ён адышоў ад працы ў партыі з 1999 году”

(Сяргей Касьцян: ) “Найперш, хачу ўдакладніць, што адбыўся зьезд не аб’яднанай Кампартыі Беларусі, а зьезд дзеля аб’яднаньня камуністаў Беларусі. Гэты зьезд быў падрыхтаваны зьнізу партыйнымі арганізацыямі як КПБ, так і ПКБ. Таму ён легітымны. Шараговыя сябры ПКБ болей не давяраюць Калякіну. Таму хоць юрыдычна ПКБ яшчэ існуе, але фактычна яе ўжо няма. І ніхто юрыдычна забараняць гэтую партыю ня будзе. Да канца года камуністы з ПКБ добраахвотна пяройдуць у КПБ. Дэлегаты ад ПКБ на аб’яднаўчы зьезд былі абраныя на сходах першасных партарганізацыяў ПКБ”.

(Карбалевіч: ) “Які сэнс у такім аб’яднаньні? Чаму менавіта цяпер нечакана паўстала такая праблема? Дзесяць гадоў існавалі дзьве кампартыі, і нічога не адбывалася. Чаму так імгненна адначасова тысячы камуністаў усхвалявала праблема аб’яднаньня? Складваецца ўражаньне, што гэта здарылася на нечую каманду. Адкуль магла паступіць такая каманда?”

(Ухналёў: ) “Гэтае пытаньне больш хвалюе не шараговых сяброў абедзьвюх партыяў, а ўлады. Для гэтага ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, кіраўніцтва і структуры ПКБ адыгралі значную ролю ў прамінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Па-другое, ПКБ актыўна дзейнічае на левым палітычным полі, якое даўно кантралюе Лукашэнка. Таму ён імкнецца зьнішчыць канкурэнта”.

(Касьцян: ) “Большасьць нашага грамадзтва давярае КПБ і падтрымлівае яе. Таму, каб аб’яднаць грамадзтва, трэба аб’яднаць дзьве партыі. Тым больш, што мэты ў нас аднолькавыя. Доўгі час сябры ПКБ верылі Калякіну. Але апошнія прэзыдэнцкія выбары яшчэ раз паказалі, куды, з кім, у якасьці каго і на чые інтарэсы ён працуе. Таму сябры ягонай партыі адмовіліся яго падтрымліваць, яны лічаць дзейнасьць Калякіна правакацыйнай, скіраванай супраць інтарэсаў беларускага народу”.

(Карбалевіч: ) “Вось вашы апанэнты кажуць, што аб’яднаньне дзьвюх партыяў адбываецца па камандзе з адміністрацыі прэзыдэнта”.

(Касьцян: ) “Ніякай каманды з адміністрацыі прэзыдэнта не было. Нават у рабоце зьезду ніхто ня ўдзельнічаў з гэтай установы. Палітычная кар’ера Калякіна на пасадзе лідэра ПКБ закончылася. Таму ён цяпер хапаецца за саломінку, каб пратрымацца й атрымоўваць гранты ад замежных фірмаў”.

(Карбалевіч: ) “Складваецца ўражаньне, што ўвесь сэнс гэтай кампаніі палягае ў тым, каб ліквідаваць Партыю камуністаў беларускую на чале з Калякіным. І вось учорашні зварот КПБ да Міністэрства юстыцыі з просьбай учыніць праверку асабістага складу ПКБ сьведчыць пра гэта. Чым гэта можа скончыцца? У выпадку праверкі Мін’юсту ці набярэ цяпер ПКБ неабходную 1 тысячу сяброў?”

(Ухналёў: ) “У кіраўніцтва нашай партыі няма сумненьняў, што 1 тысячу сяброў мы прадставім”.

(Карбалевіч: ) “Ці згодныя вы з тым, што сэнс усёй гэтай апэрацыі “аб’яднаньня” ў тым, каб запусьціць працэс юрыдычнай ліквідацыі апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай?”

(Ухналёў: ) “Гэта так. Мы гатовыя да любых крокаў уладаў. Просты ціск на сяброў ПКБ, каб яны пераходзілі ў КПБ, не далі эфэкту. Таму яны будуць шукаць іншых хадоў. Нам задаюць пытаньне, ці гатовыя мы працаваць у падпольлі. Мы адказваем: так, гатовыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG