Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Комсомолка” яшчэ не атрымала пазову кіраўніка ОНТ


Радыё Свабода Рэдакцыя “Комсомольской правды” в Белоруссии” яшчэ не атрымала пазову кіраўніка ОНТ Рыгора Кісяля аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі з патрабаваньнем кампэнсацыі 1 мільярд рублёў. Тым часам прадстаўнікі ОНТ гавораць, што яшчэ дачасна падаграваць увагу да звароту ў суд Рыгора Кісяля.

Як раней паведаміла Радыё Свабода, старшыня праўленьня закрытага акцыянэрнага таварыства “Другі нацыянальны канал” Рыгор Кісель падаў у суд Савецкага раёну Менску на “Комсомольскую правду в Белоруссии”. Заяўнік патрабуе абвергнуць зьвесткі, пададзеныя ў нумары за 11 ліпеня пра тое, што “на ОНТ пасьля фінансавай праверкі заведзеная крымінальная справа супраць кіраўніка кампаніі Рыгора Кісяля”. Як пісала “Комсомолка”, размова ішла пра прыўлашчваньне альбо растрату дзяржаўных сродкаў. “Комсомолка” падкрэсьлівала, што зьвесткі былі атрыманыя ў пракуратуры Беларусі.

Спраўджваю інфармацыю ў гэтай праваахоўнай установе. На пытаньне, ці сапраўды, як пісала “Комсомолка”, была праверка фінансавай дзейнасьці ОНТ, адказвае супрацоўнік прэсавай службы Генадзь Вярцінскі:

(Вярцінскі: ) “Афіцыйнай інфармацыі пакуль мы ня можам паведаміць. Патэлефануйце празь некалькі дзён. Мажліва, што-небудзь зьявіцца”.

У менскім офісе “Комсомолки” таксама адмаўляюцца ад камэнтароў. У сваю чаргу юрыст ОНТ Аляксандра Пархоменка таксама лічыць, што пакуль дачасна падаграваць увагу да заявы Рыгора Кісяля ў суд Савецкага раёну Менску:

(Пархоменка: ) “Яна толькі накіраваная ў суд. Не сьпяшайцеся! Яшчэ мусяць прайсьці тры-чатыры дні”.

Сёньня чакалася, што заяву наконт спрэчкі ОНТ і “Комсомолки” зробіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Аднак намесьнік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец кажа, што пакуль яшчэ застаюцца магчымасьці для прымірэньня бакоў:

(Бастунец: ) “Як грамадзянін, Кісель мае права зьвяртацца ў суд. І суд павінен вырашыць, наколькі ягоныя прэтэнзіі абгрунтаваныя. Зразумела, што наша пазыцыя будзе залежаць ад таго, якая дапамога патрэбная “Комсомолцы”.

Андрэй Бастунец нагадвае храналёгію судовых пазоваў беларускіх чыноўнікаў да выданьняў дэмакратычнага кірунку:

(Бастунец: ) “Першымі разбуральнымі для СМІ былі пазовы Шэймана, які тады займаў пасаду дзяржаўнага сакратара бясьпекі, да газэты “Навіны”. Пасьля быў пазоў старшыні Дзяржкантролю Тозіка да газэты “Наша Свабода”. У абодвух выпадках сума спагнаньня была 50—60 тысяч даляраў. Летась сярод найбольш такіх гучных справаў быў пазоў амэрыканскага грамадзяніна Мара да “Белорусской деловой газеты” і пазоў Гайдукевіча да “Народнай Волі”. Сумы спагнаньня вымяраліся лічбамі зь пяцьцю нулямі”.

Кіраўнік тэлеканалу ОНТ Рыгор Кісель у пазове аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі патрабуе ад “Комсомольскай правды” в Белоруссии” кампэнсацыі 1 мільярд рублёў. Нагадаю, што ў 2004 годзе Менскі гарадзкі суд задаволіў аналягічны пазоў колішняга старшыні БТ Ягора Рыбакова да недзяржаўнай газэты “Народная Воля” і пастанавіў выплаціць яму 50 мільёнаў рублёў. Гэтая сума была спагнаная з выданьня нават пасьля таго, як Ягора Рыбакова асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня за хабарніцтва й фінансавыя злоўжываньні ў структуры Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG