Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары чарнобыльскіх вёсак хочуць перасяліцца ў чысьцейшыя раёны


Радыё Свабода Сёлета ўлады афіцыйна абвясьцілі пра завяршэньне перасяленьня людзей з заражаных радыяцыяй зонаў на чыстыя тэрыторыі. На Гомельшчыне новае жытло павінны атрымаць апошнія трыста сем’яў, што былі ў сьпісах на адсяленьне. Аднак у чарнобыльскіх вёсках цяпер становіцца ўсё больш жыхароў, якія перагледзелі стаўленьне да перасяленьня і жадаюць перабрацца бліжэй да людзей, да мэдычнай і сацыяльнай дапамогі.

У Хойніках, напрыклад, парогі райвыканкаму абабіваюць жыхары Дворышча, Іванаўкі, Малішава ды іншых невялікіх вёсак, што засталіся ў радыяцыйнай зоне. Валянціна Тарасенка і Марыя Буйневіч, 75-гадовыя бабулі зь вёскі Іванаўка, сьлёзна просяць старшыню райвыканкаму Мікалая Садчанку , як яны кажуць, “перасяліць іх да людзей, каб ня жыць побач з ваўкамі”.

У Іванаўцы цяпер жывуць шэсьць нямоглых пэнсіянэраў, і кожны думае пра пераезд. Гаворыць вяскоўка Галіна Турчына:

(Турчына: ) “Сядзелі тут, бы дурныя. Адумаліся, бо страшна ўжо жыць тутака. Усё зарасло, хаты параскідалі. Мы, як на тым сьвеце. Дзікі ў сад, агарод лезуць і бульбу рыюць”, — кажа Галіна.

У свой час Галіне й яе мужу прапаноўвалі перабрацца ў Стралічава. Гэта за нейкіх пяць кілямэтраў ад Іванаўкі. Яны адмовіліся. А цяпер, калі абодвум ужо за семдзесят, калі няма ні сілаў, ні здароўя, права на абавязковае адсяленьне страчанае. Вёска, паводле пастановы ўраду, пераведзеная ў шэраг паселішчаў зь меншым узроўнем радыяцыі.

У Евы Вяргейчык, адзінокай пэнсіянэркі зь вёскі Дворышча, свая гісторыя перасяленьня:

(Вяргейчык: ) “Я запісалася на перасяленьне ў 1986-м. Жытла мне ў Менску не было. Тады я перапісалася ў 1998 годзе, каб пераехаць у Гомель. У Гомелі: вось будзе кватэра, вось будзе. Падманвалі, падманвалі — і ўжо чыстая зона, няма радыяцыі. Ужо ўсё, ужо жыві”.

Жыхары Дворышча таксама страцілі права на абавязковае перасяленьне, паколькі яна гэтаксама пераведзеная ў разраз паселішчаў зь меншым узроўнем радыяцыі.

Мясцовым ўладам гэтаксама вядома, што жыцьцё пэнсіянэраў у невялічкіх радыяцыйных вёсках становіцца ўсё больш складаным. У тым жа Хойніцкім раёне наважваліся перасяліць жыхароў шасьці малых вёсак. Што з гэтага атрымалася — распавядае загадчыца аддзелу чарнобыльскіх праблемаў райвыканкаму Натальля Родзькіна:

(Родзькіна: ) “Прынялі мы сваё рашэньне, Гомельскі аблвыканкам прыняў сваё рашэньне. Накіравалі праект указу прэзыдэнту. Прэзыдэнт даў каманду Камітэту дзяржкантролю правесьці праверку. Летась у жніўні яны прыяжджалі, аб’ехалі ўсе гэтыя вёскі, перамовіліся з кожным чалавекам і напісалі прэзыдэнту, што нямэтазгодна перасяляць гэтых людзей”, — распавяла спадарыня Родзькіна.

Самі ж пабудаваць жытло й перасяліць тых, хто застаўся ў свой час у невялікіх радыяцыйных вёсках, мясцовыя выканаўчыя органы ня могуць, паколькі на гэта проста бракуе сродкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG