Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі чарговы раз абвінавачвае Дзярждэпартамэнт ЗША


Радыё Свабода З гледзішча Міністэрства замежных справаў Беларусі, ЗША “тэндэнцыйна ды аднабакова падыходзяць да стану з правамі чалавека ў Беларусі”. Пра гэта сёньня падчас брыфінгу ў замежнапалітычным ведамстве Беларусі заявіў ягоны прэсавы сакратар Андрэй Папоў. Ён пракамэнтаваў справаздачу Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб стане з правамі чалавека ў сьвеце ў 2005 годзе.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміў, што міністэрства разам з зацікаўленымі ведамствамі зрабіла разгорнуты камэнтар да той часткі штогадовай справаздачы Дзярждэпартамэнту, якая тычыцца сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:

(Папоў: ) “Амэрыканскі бок на словах дэкляруе распаўсюд свабоды ды дэмакратыі, захаваньне прынцыпу неўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў. Аднак, напраўду тая настойлівасьць, зь якой ЗША абапіраюцца ў справаздачы выключна на думкі апанэнтаў беларускіх уладаў, якраз і не адпавядае заяўленым крытэрам. Гэта зьяўляецца прыкладам нічым не падмацаванага выкарыстаньня праваабарончай тэматыкі як падставы для аказаньня ціску. Беларусь лічыць такія мэтады абсалютна непрымальнымі й контрапрадуктыўнымі”.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі таксама дадаў, што, на ягоны погляд, “асабліва нелягічнымі й некарэктнымі” такія ацэнкі выглядаюць яшчэ і таму, што ў саміх Злучаных Штатах існуюць шматлікія парушэньні правоў чалавека. Спадар Папоў заклікаў ЗША пры падрыхтоўцы новых адпаведных справаздачаў падыходзіць да гэтай справы з большай адказнасьцю і абавязкова ўлічваць камэнтары афіцыйных беларускіх асобаў.

Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падкрэсьлівае, што справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША рыхтуюцца перадусім на падставе паведамленьняў мясцовых праваабарончых арганізацыяў і артыкулаў мясцовых мэдыяў:

(Гулак: ) “Там могуць быць нейкія дробныя недакладнасьці. Але звычайна справаздача у сваёй сутнасьці адлюстроўвае тое, што адбываецца насамрэч”.

Датычна да ацэнак МЗС Беларусі ў спадара Гулака ёсьць сваё меркаваньне:

(Гулак: ) “Такая пазыцыя Міністэрства замежных справаў Беларусі — насамрэч ёсьць нежаданьне бачыць тыя рэальныя і вельмі вялікія праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у краіне. А гаворка пра падвойныя стандарты — гэта тая ж спроба пазьбегнуць рэальнага абмеркаваньня тых праблемаў, якія сапраўды існуюць”.
XS
SM
MD
LG