Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца людзі да прысуду Аляксандру Казуліну?


Радыё Свабода Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Ён прызнаны вінаватым у хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Як людзі ставяцца да гэтага прысуду? Такое пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта бяспраўе!”

(Хлопец: ) “Правільна. Навошта дзяцей заклікаць выходзіць на мітынгі?”

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?”

(Спадар: ) “Стаўлюся нэгатыўна. Я не лічу, што былі беспарадкі, і гэта не абвінавачаньне”.

(Спадарыня: ) “Так яму і трэба. Найлепшы прэзыдэнт у нас Лукашэнка”.

(Студэнт: ) “Я ня моцны ў палітыцы, і за ўсімі гэтымі падзеямі не сачу. Але лічу, што ў краіне павінна быць дэмакратыя. А ў нашай краіне ўзурпацыя. Цэнзура ў СМІ і гэтак далей”.

(Спадар: ) “Я палітыкай не займаюся, бо я чыноўнік”.

(Спадар: ) “У нашай краіне ўсё так цяпер адбываецца. Страшна. У мяне пачуцьцё вялікай павагі да гэтага чалавека, які не пабаяўся пайсьці супраць улады. Магчыма, нешта зьменіцца”.

(Спадарыня: ) “Гэта не зусім нармальна. Але, думаю, ён падасьць апэляцыю — і ўсё будзе нармальна. Аляксандар Казулін — вядомы дзеяч беларускай палітыкі, неабходна было гэтае пытаньне вырашыць інакш”.

(Спадар: ) “Яму, як грамадзкаму дзеячу, ня варта было даваць такі тэрмін. Сваёй дзейнасьцю ён нічога благога не зрабіў”.

(Спадар: ) “Я згодны з прысудам. Гледзячы, як ён выступаў па тэлебачаньні, — гэта проста ні ў якія рамкі. Непрыгожа было з абразам выходзіць на плошчу”.

(Пэнсіянэр: ) “Я яго добра ня ведаю, але гэтыя моманты, калі ён рваў газэты, гэта было неяк не зусім культурна. Але павінна быць павага і да ягонай палітычнай дзейнасьці”.

(Спадарыня: ) “Гэта жах! Чалавек ні ў чым не вінаваты, а асуджаны. Але ж вы ведаеце, якая практыка склалася ў нас у апошнія гады. Мяне гэта не зьдзіўляе, але вельмі абурае. Дай Бог, каб нешта зьмянілася”.
XS
SM
MD
LG