Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нагавіцы ў традыцыйнай культуры


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Эфір 20 ліпеня 2006 году. Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ніхто ня стане спрачацца, што менавіта адзеньне выступае своеасаблівым пашпартам чалавека, што паказвае на ягоную полавую, клясавую, сацыяльную аднесенасьць. Але ж сёньня фантазіі ў манеры апранацца няма межаў. Калі ж прыгледзецца да касьцюма сучасьніка, то высьветліцца, што самым папулярным яго элемэнтам сталі штаны, як для мужчыны, гэтак і для жанчыны. Толькі на выявах ці ў кіно можна пабачыць паважаных мужоў у тозе. А менавіта тога была адным з паказьнікаў прадстаўніка цывілізаваных народаў – ці старажытнага рымляніна, ці старажытнага грэка. Сталася ж так, што дамінаваць пачало паясное адзеньне качавых плямёнаў, барбараў. Гісторыя насамрэч разьвіваецца непрадказальна”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Больш за тое, гэтае барбарскае адзеньне выціскае паступова і жаночую спадніцу. Так траціцца адзін з даволі важкіх полавызначальных крытэраў адзеньня. Між тым у традыцыйнай культуры штанам адводзіцца заўважнае месца, калі надзяляюцца яны шэрагам знакавых, сымбалічных характарыстык. Менавіта штаны ў абрадах, рытуалах і вераваньнях – яркі мужчынскі сымбаль і абярэг”.

(Ракіцкі: ) “Дык як сталася, што штаны рашуча і безапэляцыйна зьмянілі паважную тогу?”

(Валодзіна: ) “Безумоўна, сярод асноўных прычынаў – кліматычныя ўмовы. Але і першыя штаны не выконвалі такой абавязковай для іх пазьнейшай полавызначальнай ролі, бо яны наагул ня мелі сярэдняга шва. Першыя штаны – гэта дзьве трубачкі, якія замацоўваліся на вяроўку, а гэта зусім не прызначалася для прыкрываньня полавых органаў. Задача тых штаноў – захаваць унутраны бок сьцягна, бо інакш, як сядзіш на кані, проста саб’юцца ногі. Дарэчы, і ва ўсходнеславянскай традыцыі маленькаму княжычу надзявалі першыя штонікі ў часе ягонай своеасаблівай ініцыяцыі, калі ўпершыню садзілі на каня”.

(Ракіцкі: ) “Гэта княжыча. Якой жа была сытуацыя ў традыцыйнай вёсцы? Калі там зьявілася мода насіць штаны?”

(Валодзіна: ) “У старых дакумэнтах, увогуле ў раньніх друкаваных матэрыялах, нідзе ня згадваюцца штаны. Выключэньнем ёсьць толькі назва порты, але і яна азначае не штаны, а ўсё адзеньне. Так, у Ніканаўскім летапісе гаворыцца: “И ездиша порты своя с плеч спущающе". У дакумэнтах з XVI стагодзьдзя пры апісаньні мужчынскага адзеньня заможных сустракаецца тэрмін шаравары, а калі пералічваецца адзеньне простага народу, штаны не адзначаюцца. Гэта дае падставу меркаваць, што нагавіцы як адзін з элемэнтаў мужчынскага касьцюма зьявіліся значна пазьней, чымся сарочка. Але ХІХ стагодзьдзе як час актыўнага бытаваньня і запісваньня традыцыйнай духоўнай культуры ўжо дэманструе высокі сэміятычны статус гэтага адзеньня”.

(Ракіцкі: ) “Але якім было надзяваньне хлопчыкам першых штаноў? У якім узросьце і як гэта адбывалася?”

(Валодзіна: ) “Яшчэ і сёньня ў часе экспэдыцыяў на вёсках расказваюць, што даўней хлопцы хадзілі ўлетку ў падпаясаных кашулях ледзь не да вясельля. Першыя нагавічкі шыліся хлопчыку да гадоў пяці – шасьці. Як кожная першая рэч, яны надзяляліся сакральным статусам. Прыкладам, цалкам зношаныя першыя штаны ня мыліся, а спальваліся ў печы. Іх маглі скарыстоўваць у магічнай практыцы, напрыклад, імі абціралі пухліну вымя ў каровы. Нават шыцьцё першых нагавічак суправаджалася шэрагам пэўных запабегаў: "Калі хлопчыку шыюць першыя штаны, іх трэба пачаць і кончыць за адзін прысест, бо ў адваротным выпадку яму будзе цяжка знайсьці нявесту".

(Ракіцкі: ) “Ужо ў гэтым прадпісаньні відавочнай стае мужчынская сымболіка нагавіцаў. У якіх яшчэ сытуацыях яна відавочная?”

(Валодзіна: ) “Паказальна, дзяўчынку раілі прымаць падчас родаў у бацькавы нагавіцы, "каб яе мальцы любілі". Каб зацяжараць хлопчыкам, жанчынам раілі класьці пад ложак штаны мужа. Тут жа абрады, варожбы — "на Андрэя дзяўчына ня есьць, ня п''е, моўчкі кладзецца спаць і кладзе пад падушку мужчынскія штаны". Але асабліва відавочная мужчынская сымболіка штаноў у любоўнай магіі: "Калі мужык ходзіць па другіх, узяць яго штаны, парваць на касьнічкі, зьмераць ад галавы да ног і пад сваю пасьцель пакласьці". У вёсцы Любонічы Кіраўскага раёну зафіксавана такое прадпісаньне:

"На Івана нада ўкрасьці хлапоцкія штаны, усім дзяўкам узяцца і ў дзьвінаццаць часоў абнесьці, цягнуць па зямлі, каб мальцы ні хадзілі ў сусецкія дзярэўні к дзяўчатам. Як і ў песьні:

А Іван Купала, Што ў цібе прапала? — Прапалі штанёнкі, Укралі дзяўчонкі. Ля рэчкі хахочуць, Штанёнкі валочуць".

(Ракіцкі: ) “Як самы важны выразьнік полавага сымбалізму выступае вясельле. Наколькі тут выяўляецца сымболіка нагавіцаў?”

(Валодзіна: ) “У Лепельскім раёне раней, калі дзяўчына пры сватаньні адмаўляла хлопцу, дык казалі: "Залапіў штаны''''. Відавочна, тут тая сэмантыка рытуальнага асьмейваньня, як бы пазбаўленьня полу. Варта параўнаць гэтую фразэму са звычаем беластоцкіх беларусаў: пры канцы дзявочага вечара сяброўкі нявесты адбіралі ў маладога прыгатаваныя для яго нагавіцы, прышывалі да іх каляровыя лапікі ці вялікія драўляныя гузікі. Тым як бы хавалася мужчынская сутнасьць”.

(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што рытуальныя зьдзекі з мужчыны тычыліся ягоных штаноў. А наколькі гэта распаўсюджана і як яшчэ выражаецца ў народных забавах?”

(Валодзіна: ) “У традыцыі існуе строгі падзел сфэраў дзейнасьці на мужчынскую і жаночую. Парушэньне яго мужчынамі выклікала адпаведныя дзеяньні — іх умоўна пазбаўлялі полу:

"На Юр''я ў саду гулялі адны жэншчыны, мужыкоў не прымалі. Свае бабскія песьні, гульні. Ну, а раз мужчына зайшоў. Узялі яму штаны разадралі, а у белых толькі стаяў. А будзіць знаць, другі раз ня пойдзіць".

(Ракіцкі: ) “Усюды тут нагавіцы складалі як бы адзінае цэлае зь іх уладальнікам. А самі па сабе, зьнятыя? Ці сустракаюцца такія выпадкі?”

(Валодзіна: ) “У такіх выпадках нагавіцы сымбалічна прэзэнтавалі ўласна мужчынскую сутнасьць, станавіліся заменьнікам ягонага голага цела. У архаічнай сьвядомасьці аголенае цела чалавека ў сутыкненьні зь зямлёй мела прадукавальнае значэньне. Пра гэта сьведчыць практыка пасеву зерня голым або, уласна кажучы, без нагавіцаў. Гэткія дзеяньні, як і прынос на поле зерня ў старых нагавіцах, мелі асновай сымболіку пасеву як апладненьня зямлі. У Беларусі распаўсюджаны звычай цягаць нагавіцы па агурках, "каб завязі болей было". Апладняльная скіраванасьць гэтага дзеяньня не выклікае сумневу”.

(Ракіцкі: ) “Тое, што нагавіцы прэзэнтуюць мужчыну і ягоныя прадукавальныя здольнасьці, відавочна. Толькі ці закончваецца гэтым сымболіка дадзенай часткі мужчынскага адзеньня?”

(Валодзіна: ) “Другім надзвычай яскравым сэмантычным парамэтрам штаноў выступае іх апатрапэічная моц, скіраваная на супрацьдзеяньне ўсім магчымым праявам іншасьвету. Гаспадар выходзіць на вуліцу без кальсонаў і б''е імі па сьценах, лаючы дамавіка апошнімі словамі — пасьля гэтага дваровы дух будзе любіць жывёлу. Праз нагавіцы раілі пераступаць парадзісе. Магчыма, гэтае павер''е абапіралася на ўяўленьні пра недаступнасьць самога мужчыны і ягоных рэчаў тым духам, што шкодзяць жанчыне, хоць тут не аспрэчваецца і прадукавальная сэмантыка. У абаронча-мужчынскае разуменьне штаноў добра ўпісваюцца і парады з арсэналу вясковых знахараў:

“Ад падучай хваробы на твар трэба накідваць чорныя штаны або ўзяць іх, перахрысьціць хворага левай рукой, надзець іх і пакласьці спаць. Ад сурокаў дапамагае выціранне тварыка дзіцяці матузамі толькі што зьнятых бацькавых нагавіцаў, толькі пакуль яны не астылі. Можна выкарыстаць і нагавіцы якога-небудзь дзеда, але выціраць тады трэба "гузеннай ластаўкай". Калі ж захварэе карова ці іншая жывёла, трэба ўкрасьці штаны суседа і гэтымі штанамі выцерці яе праз жывот і сьпіну тры разы. Пасьля гэтага штаны не вярталі. "Як толькі выседзюцца ціпляты ці гусюняты, нада кажнага цераз калашыну штаноў прапусьціць — тады добрыя будуць".

Цікава, што іншым разам рыхтаваліся нават спэцыяльныя рытуальна-ўмоўныя нагавіцы, якія выконвалі тую ж апатрапеічную ролю: "у Чысты чацьвер штаны такія маленькія ткалі і на плот вешалі, каб каршун куранятаў не хапаў". Асаблівы эфэкт дасягаўся праз спалучэньне апатрапэічных сродкаў, да прыкладу, штаноў і юраўскай расы: каб папярэдзіць чарадзейства, гаспадыні зьбіралі юраўскую расу штанамі і вешалі іх на шыю карове".

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, што сталася прычынаю такой менавіта абарончай моцы звычайных мужчынскіх нагавіцаў?”

(Валодзіна: ) “Найбольшай апатрапэічнай сілай валодаў матуз, на якім трымаліся нагавіцы. Ён спалучаў абарончую моц уласна полавых органаў чалавека з унівэрсальным кругам-абярэгам паса. Раілі, калі навязваеш цяля, то ня трэба класьці на яго шыю петлі зь вяроўкі, тады нячысьціку будзе лёгка падвесьці цяля да ваўка, значна лепей зрабіць лямку з матуза ад старых штаноў гаспадара. Да таго ж штаны ўваходзяць у ахвярны камплект, як у замове:

“На сінім моры стаіць камень, на тым камені тры папы, гавораць аб кашаль — у Тані кашаль. Аднаму папу штаны, другому рубашка, а трэцяму мак, каб ад етай дзевачкі, ад етай ражонай, пасьвяцонай, хрышчонай прапаў кашаль так”.

Такім чынам, сэмантыка нагавіцаў абапіраецца на сымболіку саміх геніталіяў, якія ў народнай традыцыі мелі магічныя жыватворныя ўласьцівасьці, прадукавальную моц ды адганялі нячыстую сілу”.
XS
SM
MD
LG