Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі беларусаў засталося ў Лібане?


Радыё Свабода Працягваецца эвакуацыя беларускіх грамадзянаў зь Лібану. Чакаецца, што 21 ліпеня ў Менск рэйсам “Белавія” вернуцца каля 160 чалавек.

Паводле беларускага Міністэрства замежных справаў, на момант канфлікту ў Лібане знаходзілася каля 300 грамадзянаў Беларусі. Сярод іх турысты, жанчыны, якія выйшлі замуж за лібанцаў альбо грамадзяне, якія працавалі па кантракце. Больш за 200 беларусаў выказалі жаданьне пакінуць тэрыторыю Лібану. Сёньня асноўная група грамадзянаў скіруецца аўтобусамі ад ганаровага кансуляту Беларусі ў Лібане. Спачатку іх прывязуць у Дамаск, а адтуль на самалёце адправяць у Беларусь. Дыпляматы будуць дапамагаць таксама іншым грамадзянам. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў:

(Папоў: ) “Рэйсы трэба расплянаваць, гэта калідор, гэта ўзгадненьне тысяч і тысяч дэталяў — і ўсё гэта робіцца ва ўмовах напружанасьці й надзвычайнай сытуацыі”.

Толькі 19 грамадзянаў Беларусі эвакуяваныя ў Сырыю з дапамогай расейскіх канвояў — гэта пераважна жанчыны зь дзецьмі. Паводле спадара Папова, пакуль не з усімі беларусамі ў Лібане ёсьць сувязь.

(Папоў: ) “З 250-цю мы маем пэўную сувязь, яны выказалі жаданьне, каб мы ім дапамаглі адтуль выехаць. Тыя, хто самастойна выйшаў на сувязь, з тымі кантакт усталяваны. Яны альбо ў Бэйруце альбо намагаюцца дабрацца да Бэйруту”.

Застаецца складанай сытуацыя з тымі, хто ня выйшаў на сувязь з дыпляматамі. Як шукаюць гэтых грамадзянаў?

(Папоў: ) “Гэта складана, бо ўся праца каардынуецца з Дамаску. У Лібане знаходзіцца толькі наш ганаровы консул. Пра пошук не вядуць гаворкі нават больш магутныя дзяржавы. У зоне вядзеньня баявых дзеяньняў –— гэта вельмі складаная задача, таму што, напэўна, найбольшая колькасьць тых, з кім няма сувязі, апынуліся на поўдні Лібану, там, дзе цяпер ужо адбываюцца баявыя дзеяньні”.

У беларускай амбасадзе ў Сырыі ніякай інфармацыі пра эвакуацыю беларускіх грамадзянаў зь Лібану не падалі. Супрацоўніца амбасады аднак сказала:

(Супрацоўніца: ) “Дзеці пішчаць. Консул афармляе, мы ж візы павінны адкрыць — і ўсё. У нас амбасада — чатыры чалавекі. Нам жа трэба хутчэй людзей абслужыць, а не па тэлефоне размаўляць. Мы ж дакумэнты ўсім афармляем. Яны ж выехаць ня могуць. На кожнага, на дзіця, пашпарты, візы ўклеіць, усё аформіць, іх жа ніхто не выпускае з Сырыі й Лібану без афармленьня. На мяжу паехалі афармляць”.
XS
SM
MD
LG