Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУ не плянуе разьвіваць ініцыятыву былога рэктара Казуліна


Радыё Свабода Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту не плянуе павялічваць колькасьць скульптурных кампазыцыяў на тэрыторыі унівэрсытэцкага гарадка. Ініцыятыву ўшанаваньня вядомых беларускіх асьветнікаў запачаткаваў колішні рэктар унівэрсытэту Аляксандр Казулін. Усталёўваць помнік Васілю Быкаву цяперашні рэктарат БДУ таксама пакуль не зьбіраецца.

Восеньню Белдзяржунівэрсытэт сьвяткуе 85-годзьдзе свайго заснаваньня. Але адзначыць юбілей папаўненьнем унівэрсытэцкага гарадка новымі скульптурамі не плянуецца, кажа прэсавая сакратарка БДУ Тацьцяна Бышкала.

(Бышкала: ) “Нічога зьмяняцца й дадавацца пакуль ня будзе. Адзінае, магчыма, будзе дадатковая інфармацыя пра гэтыя помнікі. А як там далей будзе – нават гаворкі не вядзецца пакуль. Як ёсьць, так і ёсьць”.

Цяпер у двары ўнівэрсытэту можна пабачыць помнікі Францішку Скарыну, Эўфрасіньні Полацкай, Міколу Гусоўскаму, Кірылу Тураўскаму, а таксама Сымону Буднаму ды Васілю Цяпінскаму. Усе яны былі ўсталяваныя з ініцыятывы кіраўніка гістарычнага клюбу “Спадчына” Анатоля Белага пры падтрымцы былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. Цяпер гэтую ініцыятыву новае кіраўніцтва ВНУ не падтрымлівае, кажа спадар Белы.

(Белы: ) “Я шмат што прапаноўваў, у тым ліку помнік Быкаву. За свой кошт я гатовы зрабіць і сваімі сіламі, але яны на гэта глядзяць вельмі й вельмі асьцярожна”.

Паводле спадара Белага, экс-рэктар у свой час падтрымаў ідэю усталяваць ва ўнівэрсытэцкім гарадку камень-капліцу вагою ў сто тонаў з выявамі ўсіх беларускіх сьвятых. Але гэтаму перашкодзіла прымусовае адхіленьне Аляксандра Казуліна з пасады, кажа спадар Белы.

(Белы: ) “Ён быў выдатным дзеячом, ён разумеў, ён бачыў пэрспэктыву на будучыню. За чатыры гады свайго кіраваньня ён паставіў гэтулькі помнікаў беларускім дзеячам культуры, колькі Міністэрства культуры не паставіла за 80 год”.

А вось што пра гарадок БДУ кажуць студэнты ўнівэрсытэту й абітурыенты.

(Юначка: ) “Вельмі падабаецца, вельмі хораша, вельмі добра тут”.

(Юнак: ) “Гісторыяй трэба цікавіцца, каб не паўтараліся ранейшыя памылкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці цікава было б пабачыць яшчэ якія-небудзь помнікі?”

(Юнак: ) “Пісьменьнікаў нашых беларускіх. Таго ж Васіля Быкава, Купалу, Коласа”.

(Юначка: ) “Я бы Кастуся Каліноўскага паставіла. Тут побач студэнты і, гледзячы на гэтыя помнікі, магчыма, яны не дазвалялі бы скажаць гісторыю гэтак, як яна скажаецца цяпер”.
XS
SM
MD
LG