Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паважанае спадарства Радыё Свабода, вы ў творчым застоі...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду, 19 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадарыня: ) “Да тых пор, пакуль Казулін ня будзе вызвалены зь вязьніцы, пытаньне пра яго, пра яго ўчынкі падчас выбараў і пасьля іх будзе гучаць у эфіры, у асноўным, на “Свабодзе”, бо мы чуем у адказах, што многія ня ведаюць, хто такі Казулін, а другія, быццам бы, знаёмыя зь ім, але ня ведаюць, што зь ім адбылося. Таму трэба ўсё часьцей і часьцей казаць аб ім, каб большая частка людзей даведалася пра яго цяперашняе цяжкае становішча, у якім ён апынуўся. Чалавек ні ў чым не павінен. За тое, што разьбіў шкло ў рамцы партрэта Аляксандра Рыгоравіча, ён ужо адседзеў. А па другой частцы, што ішоў на Акрэсьціна, лічу, што гэта было мірнае шэсьце ў падтрымку тых, хто быў арыштаваны на Кастрычніцкай плошчы. Інакш і не магло быць. У асноўным ішла моладзь, і ў руках несьлі кветкі. А некаторыя, у якіх зьвілін у галаве мала лічаць, што голымі рукамі магчыма штурмаваць турму, якая добра ахоўваецца. Гэта ж трэба было да такога дадумацца? Казулін павінен быць на свабодзе!”

(Спадар: ) “Я хацеў бы даведацца, дзе вы знаходзіцеся, каб прыехаць да вас і пагаварыць”.

(Спадар: ) “Ну і малайцы, калі так, што толькі дзьве хвіліны. За дзьве хвіліны нічога не скажаш”.

(Ларыса, пэньсіянэрка: ) “Учора праслухала перадачу “Апошняя гадзіна” зь нейкай мастачкай (ня памятаю яе прозьвішча)…І такое уражаньне, што нават пры такой танальнасьці: слабы голас, нейкія сьмяшкі…Я нічога не зразумела…Карэспандэнтка адказвала за яе. Выступ пра Лумумбу вельмі цікавы. Пытаньне: хто яе вёў? І раскажыце, хто ён па прафэсіі, бо я вельмі зацікавілася яго выступам. Вельмі цікава і незвычайна, бо гэта адлюстроўвае той час, калі мы былі маладымі”.

(Зіноўеў: ) “Добры дзень, беларуская “Свабода”. Я наконт прысуду Аляксандру Казуліну. Я лічу, што ў сакавіку 2006-га Аляксандар Казулін зьдзейсьніў маральны подзьвіг, зрабіў адчайную спробу прарвацца праз моц і вызваліць мільёны беларусак і беларусаў ад манаполіі дыктатуры. І вось заўвага Лукашэнкі, што той выступіць хацеў…Так, хацеў выступіць. А вы паглядзіце, Аляксандр Рыгоравіч, на свайго хаўрусьніка ў Маскве, што робіцца, калі трэба дарвацца да ўлады. І я заклікаю тэрмінова вызваліць Казуліна, пакараць вінаватых у яго цкаваньні, заклікаю адправіць у адстаўку міністра ўнутраных спраў і старшыню КДБ, распачаць расьсьледаваньні па ўсіх фактам злоўжываньня, зьвязаных з Маршам Свабоды 25 сакавіка. Дзякуй”.

(Васіль Васільевіч з Гомельшчыны: ) “Паважанае спадарства Радыё Свабода, вы ў творчым застоі, вашыя перадачы аднастайныя, недастаткова аналітычных праграм, з фарматам 8 гадзін у суткі спраўляецеся зь цяжкасьцю, чым запоўніць іх для вас праблема, занадта многа паўтораў. Пажадана, каб вы знаёмілі слухачоў з найбольш цікавымі матэрыяламі недзяржаўнай прэсы нашай краіны і матэрыяламі замежных выданьняў пра Беларусь”.

(Спадарыня: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хачу выказацца. Я ня маю даверу да Лукашэнкі і яго “дзеячоў.” З-за Казуліна Аляксандра Уладзіслававіча недавер Лукашэнку, пракуратуры і судам. Недавер! Хопіць зьдзекавацца зь людзей. Хопіць! І кропка!”

(Яблонскі з Маладэчна: ) “Я наконт таго, ці правільны прысуд Аляксандру Казуліну. Я лічу, што наогул, такое пытаньне і такі прысуд ня мае быць пастаўленым. Гэты прысуд – гэта страх улады перад чалавекам, якога слухала і глядзела па тэлебачаньні ўся краіна, ад слоў якога там, наверсе некаторым няўтульна стала. А судзіць трэба тых, хто зьдзекаваўся з кандыдата на прэзыдэнта падчас выбарчай кампаніі. Дзе і ў якой краіне такое магло адбыцца? У якой краіне могуць зьбіваць мірнае шэсьце, кідаць за краты толькі за тое, людзі ішлі выказаць свой пратэст супраць зьняволеньня па палітычных матывах? А ў гэтую хлусьню, што ішлі выпускаць нейкіх бандытаў толькі дурні могуць паверыць”.

(Спадарыня з Магілеву: ) “Адзін радыёслухач вельмі шкадаваў Аляксандра Казуліна, назваўшы яго дурнем, што празь пяць год яго ніхто ведаць ня будзе, што яго наогул забудуць. Усё, што гэты мужчына сказаў, можа быць, толькі ў дачыненьне да яго і такіх, як ён. Але тыя людзі, якія галасавалі за яго на выбарах, тыя, што ішлі за ім 25 сакавіка на Дзень Волі. Тыя, хто хваляваўся за яго, калі яго арыштавалі, судзілі, вынесьлі прысуд, ніколі яго не забудуць, бо Аляксандр Казулін – гэта новая гісторыя Рэспублікі Беларусь. Той, хто будзе апісваць усе гэтыя падзеі, імя Аляксандра Казуліна напіша адным зь першых у новай гісторыі Беларусі”.
XS
SM
MD
LG