Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрты па заяўках


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Далёкай хрушчоўскай парой вялікую папулярнасьць мелі канцэрты па заяўках, якія перадавала ўсесаюзнае ды рэспубліканскае радыё. Асабліва іх любіла жаночая аўдыторыя. Нават васьмідзесяцігадовыя кабеты, ссунуўшы з вуха хусьцінку, падсядалі да радыёкропак.

Зрэшты, ссоўвалі не адразу, бо напачатку перадавалі сур’ёзную музыку. І, што дзіўна, замаўлялі яе скрозь паспалітыя людзі. Так, работнікі леспрамгасу прагнулі паслухаць фрагмэнт 9-й сымфоніі Бэтховэна, комплексная брыгада будаўнікоў – Другі канцэрт Рахманінава, а бухгальтар зьверафэрмы прасіла ўключыць у канцэрт фінал “Патэтычнай араторыі” Георгія Сьвірыдава. Відавочна, усе гэтыя замаўленьні былі падрыхтаваныя радыёкарэспандэнтамі, што працавалі ў рэгіёнах.

У другой частцы канцэрту, поруч зь песьнямі грамадзянскага гучаньня, прарывалася да слухача і эстрадная лірыка. З-за яе, уласна кажучы, цётухны і сядзелі ля прымачоў. Эстрадны рэпэртуар быў дарэшты аднастайны, гучалі адны і тыя ж галасы: Трошын, Бэрнэс, крыху пазьней да іх далучаліся Кабзон з Крысталінскай.

У другой палове шасьцідзесятых грамадзянскія песенныя ідэалы зьлёгку пажухлі. І на канцэртах па заяўках пачалі пракідвацца песенькі, якія ўжо не заклікалі слухачоў да працоўных зьдзяйсьненьняў. Іншай стала і атмасфэра перадачы. Раней канцэртныя нумары абвяшчалі як на тым партсходзе. Цяпер у галасах вядоўцаў зьявілася душэўнасьць. Зьмянілася і сама парадыгма канцэрту па заяўках. На ім сталі гучалі віншаваньні юбілярам.

“А цяпер музычныя падарункі сямідзесяцігадовым юбілярам, – барытоніў вядоўца. “Вось што пішуць нам дзеці Праскоўі Іванаўны Хрушч з Полацкага раёну: “Наша мамачка выгадавала семярых дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі праўленьня калгасу…” Далей ішоў пералік працоўных дасягненьня Праскоўі Іванаўны, і слухачак, што сядзелі ля прымачоў, пачынаў адольваць сон.

Былі на канцэртах па заяўках і свае гіты. На пачатку сямідзесятых ніводны канцэрт не мінаўся без расейскай народнай песьні “Качанё лугавое”, а ў сярэдзіне дзесяцігодзьдзя слухачоў даймаў салодкі тэнарок Генадзя Бялова: “Травы, травы, травы не успели…” Зь беларускага рэпэртуару безумоўным лідэрам быў “Дубочак зялёненькі” квартэту “Купалінка”.

Сёньня музычныя віншаваньні апанавалі этэр, і ніхто іх канцэртамі па заяўках не называе. І ўсё ж словазлучэньне гэтае захавалася ў людзкой памяці. І калі нейкі падпіты дзядзька зацягне песьню з рэпэртуару Генадзя Бялова, ці дзятва раздурэе, старыя цёткі зь лёгкім дакорам і ўвадначас з захапленьнем прамаўляюць: “Ну… канцэрт па заяўках!”
XS
SM
MD
LG