Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаданьні вызначаюць, што чалавек бачыць


Тацяна Поклад, Прага Нашыя жаданьні падсьвядома кіруюць тым, што мы пасьля бачым. Альбо, прынамсі, уплываюць на гэта, – такія высновы зрабілі амэрыканскія псыхолягі з Карнэльскага ўнівэрсытэту пасьля спэцыяльнага дасьледаваньня.

Хіба навукоўцы насамрэч знайшлі сувязь паміж думкамі чалавека і фізіялягічнай рэакцыяй яго вачэй? Навуковае дасьледваньне паказала, што такая сувязь існуе.

Вынікі гэтага дасьледваньня зьявяцца ў бліжэйшым выпуску часопісу “Journal of Personality and Social Psychology”. Аўтары дасьледаваньня – псыхолягі прафэсар Дэвід Данінг (David Dunning) і яго вучаніца Эмілі Балсэціс ( Emily Balcetis) з Карнэльскага ўнівэрсытэту (Cornell University).

У псыхалёгіі існуе даўняя гіпотэза пра тое, што жаданьні могуць уплываць на тое, што бачаць людзі. Гэтая ідэя заставалася, аднак, па-за ўвагай псыхолягаў каля паўстагодзьдзя, бо ня мела ніводнага доказу сваёй слушнасьці. І вось знайшліся навукоўцы, якія зацікавіліся гэтымі, як яны самі кажуць, “цёмнымі водамі”.

Прафэсар Дэвід Данінг і яго вучаніца Эмілі Балсэціс зрабілі пяць асобных тэстаў на 412 валантцёрах у сваім унівэрсытэце. Людзям паказалі няпэўны малюнак, у якім адны бачылі галаву каня, іншыя – усяго цюленя. Умова была такая – у залежнасьці ад таго, хто што пабачыў, далей трэба было каштаваць альбо сьвежы апэльсінавы сок, альбо кісель, альбо непрывабнае пюрэ з гародніны бяз смаку. У розных групах спалучэньне вобразу і таго, што пасьля давалі каштаваць, было рознае.

Адзначу, што італьянская газэта “La Repubblica” з артыкулам пра гэтае дасьледfваньне падае і сам малюнак, які выкарыстоўваўся у тэстах. Я, да прыкладу, не пабачыла ў ім ані блізка ні каня, ні цюленя? – па-мойму, гэта падобна на цьмяны фотапартрэт чалавека з барадой.

Вынік тэстаў быў такі: мозг удзельнікаў, якім была невядомая сапраўдная мэта экспэрымэнту, заўсёды абіраў вобраз, які павінен быў прывесьці да сьвежага апэльсінавага соку, смак якога, пэўна, быў найбольш прывабны з усяго прапанаванага.

Прафэсар Данінг кажа, што вынікі сьведчаць пра тое, што “мозгу была пастаўленая умова, і ў залежнасьці ад таго, што удзельнік тэсту хацеў пасьля пакаштаваць, ён бачыў на малюнку галаву каня альбо цела марской жывёліны.”

Прафэсар Данінг кажа: “Два вобразы, якія мы выкарыстоўвалі, былі пільна падабраныя для таго, каб людзі, якія ня ведалі пра мэты экспэрымэнту, не маглі маніць”. Сутнасьць адзінага заданьня для 412 удзельнікаў экспэрымэнту была ў тым, каб назваць, які малюнак яны бачылі ў залежнасьці ад таго, што б яны хацелі пакаштаваць. Гэта актывізавала жаданьне, якое, бяз сумневаў, і вызначыла, які вобраз пасьля пабачыў удзельнік тэсту.

Навукоўцы таксама удакладняюць, што сачылі за вачыма удзельнікаў тэсту, за аўтаматычнымі і несьвядомымі рухамі вачэй. Гэта сьведчыць пра тое, што удзельнікі тэсту не маглі загадзя ведаць пра другі альтэрнатыўны варыянт.

Калі падсумаваць вынікі – вобразы, якія людзі бачылі на прапанаваным цьмяным малюнку, наўпрост залежалі ад таго, да якога з прапанаваных пасьля напою імкнуліся іх думкі.

Пасьля дасьледаваньня, зробленага прафэсарам Данінгам з Карнэльскага ўнівэрсытэту і яго вучаніцай, іншыя псыхолягі, якія спэцыялізуюцца на сувязях паміж думкамі і рэакцыяй вачэй, атрымалі новыя дадзеныя для такіх праблемаў, як матывацыя і самаматывацыя (яе магчымасьці і патэнцыял). Наступнае пытаньне у навукоўцаў фармулюецца такім чынам: “Ці можам мы тлумачыць двухсэнсоўныя сытуацыі ў залежнасьці ад нашых спадзяваньняў, жаданьняў вызваліцца ад нашых страхаў?”. Так што будзем чакаць вынікаў новых дасьледаваньняў.
XS
SM
MD
LG