Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ў Радыё Свабода ёсьць нядобразычліўцы — значыць, яно на правільным шляху”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 19 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма, якая зь месяца ў месяц і з году ў год з большай ці меншай інтэнсіўнасьцю гучыць у допісах многіх нашых слухачоў — лёс дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, прычыны яе шматлікіх паразаў, праблема дэмакратычнага лідэра, які б мог скласьці рэальную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму й пачну сёньняшні агляд пошты. Наш слухач Аляксандар Забэла зь Ліды ў сваім допісе, разважаючы пра дэмакратычную апазыцыю, спрабуе адказаць на пытаньне: якой можа быць палітыка ў Беларусі, калі апазыцыйныя лідэры прыйдуць да ўлады. Спадар Забэла піша:

“Калі чую ў вашых перадачах выказваньні некаторых рэлігійных і палітычных фанатыкаў — пачынаю сумнявацца, ці правільна я зрабіў, калі ўвесну падтрымаў апазыцыю і галасаваў за Мілінкевіча? Калі гэтыя фанатыкі з дапамогай апазыцыі прыйдуць да ўлады, то ці ня створаць яны новую, так бы мовіць, “сьвятую інквізыцыю” і ці не пачнуць апантаны перасьлед іншадумцаў — усіх тых, хто ня згодны зь іхнай палітыкай? Упэўнены: усё так і будзе, і менавіта гэта яны паспрабуюць зрабіць. І ня толькі гэта, але ўвядуць і дыскрымінацыю расейцаў ды іншых прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў — так, як гэта адбылося ў Прыбалтыцы і Сярэдняй Азіі, ня кажучы ўжо пра Каўказ. Вось тады мы паспытаем ліха”.

Трэба мець багатую фантазію, спадар Забэла, каб убачыць у дзейнасьці Аляксандра Мілінкевіча праявы фанатызму ці экстрэмізму. Больш памяркоўнага, асьцярожнага, узважанага ў ацэнках палітыка ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі цяжка знайсьці. Гэта, дарэчы, стала падставай для нярэдкіх абвінавачаньняў яго з боку саюзьнікаў па кааліцыі ў нерашучасьці і нясьмеласьці. Незразумела таксама, спадар Забэла, выступы якіх рэлігійных і палітычных фанатыкаў вы чулі на “Свабодзе”. Выказваньні, якія могуць зьняважыць прадстаўнікоў любых рэлігійных, этнічных, сацыяльна-эканамічных ці культурных групаў, на нашым радыё не гучаць.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача й сябра Ільлі Копыла зь Менску. Гэтым разам ён зьвярнуў увагу на тое, што ў нашых праграмах (у тым ліку ў аглядах пошты і тэлефанаваньняў) часам гучаць галасы людзей, якія вельмі непрыхільна ставяцца да дэмакратычных ідэяў, апазыцыі, беларушчыны.

“Такіх людзей, сапраўды, вельмі шмат, — піша слухач. — Іх можна сустрэць у грамадзкім транспарце, на вуліцы, у сваім пад’езьдзе — усюды. Ад гэтага нікуды ня дзенесься. Усім нам, незалежна ад поглядаў, трэба навучыцца суіснаваць, выказваць свае думкі прыстойна, пераконваць адзін аднаго аргумэнтавана й цывілізавана. Вось праціўнікі дэмакратыі абвінавачваюць апазыцыю ў тым, што яна рвецца да ўлады. Сьмешнае абвінавачаньне. Зьмена ўлады — звычайная зьява ў любой дэмакратычнай краіне, дзе паважаюцца законы. А Лукашэнка й ягонае атачэньне якім чынам утрымліваюць у сваіх руках уладу?

Другое абвінавачаньне: апазыцыя існуе на грошы заходніх краінаў. Асабіста Лукашэнка не аднойчы казаў: “Яны ж нідзе не працуюць; за якія ж сродкі жывуць?” Улада хацела б, каб кіраўнікі апазыцыі скарыліся, у нечым пакаяліся, прызналі рэжым. І тады б іх прылашчылі, працаўладкавалі. Ёсьць і прыклады: Яўген Новікаў, паплечнік Сяргея Калякіна Васіль Новікаў, Сяргей Гайдукевіч”.

Пры канцы свайго ліста былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску выказваецца пра тых, хто лае апазыцыю у сваіх тэлефанаваньнях і допісах на “Свабоду”:

“Яны нядобразычліва ставяцца да “Свабоды”, але, што цікава, вельмі ўважліва яе слухаюць. Насамрэч, дзе яшчэ можна пачуць праўду? Яны добра ведаюць, што на дзяржаўных радыё- і тэлеканалах — суцэльная хлусьня. Калі ў Радыё Свабода ёсьць нядобразычліўцы, значыць, яно на правільным шляху”.

Мы ўважліва ставімся да меркаваньняў усіх нашых слухачоў, спадар Копыл, у тым ліку і тых, хто непрыхільна выказваецца на наш адрас, крытыкуе апазыцыю і дэмакратычныя прынцыпы. Часам гэта ня столькі цьвёрдыя перакананьні гэтых людзей, колькі жаданьне паспрачацца, выклікаць дыскусію, пачуць меркаваньне апанэнтаў. Жаданьні гэтыя зусім натуральныя, а ў сёньняшніх беларускіх умовах адкрытыя спрэчкі на палітычныя тэмы сталі небясьпечныя. Многія людзі баяцца адкрыта гаварыць пра палітыку ня тое што на сходах, а нават у прыватных гутарках са знаёмымі. Тыя, хто хваляць рэжым і лаюць апазыцыю, на афіцыйных сходах у сваіх калектывах, вядома, могуць выступаць адкрыта. Але спрачацца і шчыра размаўляць зь імі там ніхто ня будзе. Замест дыскусіі яны атрымаюць кплівыя й падазроныя позіркі ў свой бок, а то і адкрыта дэманстраваную пагарду. І яны выдатна разумеюць гэта.

Ліст ад нашай сталай слухачкі Валянціны Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. Спадарыня Сакаловіч — пасьлядоўная і прынцыповая праціўніца таго грамадзкага ладу, які створаны ў сёньняшняй Беларусі. Ёсьць у яе і ўласны спосаб барацьбы з тымі зьявамі, якія яна лічыць заганнымі й якім спрабуе супрацьстаяць. Валянціна Сакаловіч піша:

“Улада падзяліла людзей на тых, хто здольны выжываць, і тых, хто выжываць ня здольны. Асабіста ў мяне ажно з 1996 году няма ў Бакштах працы і заробку — толькі дапамога на дзіця. Гэта вельмі жорсткае стаўленьне з боку ўлады. Інфляцыя зьядае нават тыя жабрацкія даходы, якія людзям удаецца атрымаць. Гэта не жыцьцё, а пекла. А тым часам самі чыноўнікі й рознага кшталту начальнікі езьдзяць на дарагіх аўтамабілях, адпачываюць за мяжой, жывуць у катэджах. Гэта якія трэба мець заробкі, каб так жыць? Вось цяпер многа гавораць пра тое, што нашы мужыкі шмат п’юць. А таму і п’юць, што ня бачаць выйсьця, з гора яны п’юць. Бо ня ў стане пракарміць сям’ю, ня кажучы ўжо пра ўсё астатняе. Пачынаючы з 1996 году, я ўвесь час пішу пра гэта ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Помсты не баюся: пішу праўду, шчыра і сумленна. А звольніць мяне немагчыма — бо працы ня маю”.

На свае запыты

заявы слухачка ўжо даўно не атрымлівае ніякіх адказаў. Але працягвае пісаць у розныя ўстановы, у тым ліку і на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі, бо лічыць гэта сваёй уласнай акцыяй грамадзянскага супраціву.

Такіх лістоў, спадарыня Сакаловіч, розныя дзяржаўныя інстанцыі, у тым ліку і Адміністрацыя прэзыдэнта, атрымліваюць дзясяткі й сотні тысяч. Чытаюць іх у лепшым выпадку адзін ці два дробныя чыноўнікі-рэгістратары — пасьля гэтага палымяныя лісты, калі ў іх няма канкрэтных фактаў, альбо (як у вашым выпадку) калі аўтар ужо зьвяртаўся з падобнымі заявамі і атрымліваў адказы — накіроўваюцца ў архіў.

Што да вашай заўвагі пра п’янства сярод вяскоўцаў. Думаю, п’юць ня толькі ад безвыходнасьці й немагчымасьці пракарміць свае сем’і. Часьцей, ведаю, лягічны ланцужок пачынаецца з другога боку: спачатку — згубная залежнасьць бацькоў ад алькаголю, а потым — галеча й голад у сям’і. Цьвярозы і працаздольны чалавек, працуючы на зямлі, галадаць ня будзе. Нават у сёньняшніх беларускіх умовах. Так, дзяржава прыватных вясковых гаспадароў асабліва не заахвочвае, але ня дужа і замінае. Няма каму ўжо замінаць: мільёны гектараў ворнай зямлі зарастаюць быльнягом і хмызам безь сялянскіх рук.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Анатоля Адаменкі з Гомелю:

“Я сталы слухач Радыё Свабода са шматгадовым стажам. Кожны дзень, калі толькі дазваляе надвор’е, якое вельмі ўплывае на якасьць прыёму, слухаю вашы перадачы з 18-й да 19-й гадзіны. Нядаўна пачуў, што “Свабода” выдала новую кнігу “Беларуская Атлянтыда”. Гэта мяне вельмі ўсьцешыла, але адначасова і засмуціла. Як набыць гэтую кнігу? Справа ў тым, што тэма мяне вельмі цікавіць, а паслухаць удалося ня ўсе перадачы. Дый тыя, якія чуў, хацелася б пачытаць больш уважліва, пазнаёміць сваіх суседзяў і родных, расказаць праўду пра нашу даўніну. У савецкі час пра гэта і блізка не гаварылі. Дый цяперашняя ўлада замоўчвае многія з такіх тэмаў. Вельмі ўдзячны вам за вашы перадачы. Для мяне яны — акно ў вялікі сьвет. Жыву я адзін, інвалід першай групы з 1985 году: хворы на расьсеяны склероз. Выпісваю “Народную Волю”, слухаю Беларускую Свабоду. Беларускае афіцыйнае радыё і БТ не ўспрымаю ні фізычна, ні духоўна”.

Кніга “Беларуская Атлянтыда” выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды” невялікім накладам, і мы, на жаль, ня маем магчымасьці падарыць яе ўсім нашым слухачам, якія дасылаюць нямала лістоў з такімі просьбамі. Але для вас, спадар Адаменка, улічваючы ваша даўняе сяброўства са “Свабодай” і вашы папярэднія лісты да нас, робім выключэньне. Вы атрымаеце новую кнігу зь “Бібліятэкі Свабоды” і каляндарыкі зь летнім раскладам нашых перадачаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG