Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кісель падаў у суд на “КП” (абноўлена)


Радыё Свабода Кіраўнік тэлеканалу ОНТ Рыгор Кісель зьвярнуўся ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасьці да газэты «Комсомольская правда» в Белоруссии».

Старшыня праўленьня закрытага акцыянэрнага таварыства “Другі нацыянальны канал” Рыгор Кісель падаў у суд Савецкага раёну Менску на “Комсомольскую правду в Белоруссии”. Заяўнік абвяргае зьвесткі, пададзеныя ў нумары за 11 ліпеня пра тое, што “на ОНТ пасьля фінансавай праверкі заведзеная крымінальная справа супраць кіраўніка кампаніі Рыгора Кісяля”. Як пісала “Комсомолка”, размова ішла пра прыўлашчваньне альбо растрату дзяржаўных сродкаў. Рыгор Кісель ацэньвае маральныя страты на 1 мільярд рублёў. Сума пазову да аўтаркі публікацыі журналісткі Натальлі Крывец — 10 рублёў.

Факт падачы Рыгорам Кісялём пазову аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі пацьвердзіла Радыё Свабода юрыстка ОНТ Аляксандра Пархоменка:

(Пархоменка: ) “Гэта кампэнсацыя маральных стратаў, якую рэдакцыя й аўтар нанесьлі Рыгору Леанідавічу”.

А вось што сказаў нашаму радыё намесьнік рэдактара “Комсомолки” Віктар Малішэўскі:

(Малішэўскі: ) “Сёньня першы дзень, як я выйшаў з адпачынку. Пачуў, што да нас ёсьць прэтэнзіі ад Кісяля. Пазоў на 1 мільярд. Ну і як гэта патлумачыць? Мы тут ужо баімся слова сказаць, таму што вось так чапляюцца за кожнае зь іх”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” яшчэ працягвае аспрэчваць судовы пазоў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага. За памылкова разьмешчаны ягоны здымак у адным з нумароў “Камсамолкі” заяўнік адсудзіў 60 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG