Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Літвы: “Беларусі будзе аддадзеная асаблівая ўвага”


Уладзімер Глод, Менск Сёньняшні дзень для былога амбасадара Літвы ў Беларусі Пятраса Вайцякунаса стаў першым у ранзе міністра замежных справаў сваёй краіны. Спадар міністар знайшоў час, каб адказаць на некалькі пытаньняў нашага радыё, нягледзячы на новыя клопаты. Гэтае інтэрвію — першае, якое міністар даў для замежных мэдыяў.

Пятрасу Вайцякунасу не хапіла аднаго тыдня, каб адзначыць першую і апошнюю гадавіну працы ў Беларусі. Аднак і за гэты, параўнальна кароткі тэрмін у былога амбасадара склалася ўражаньне аб Беларусі:

(Вайцякунас: ) “І ад народу беларускага, і ад зямлі беларускай, і ад таго, што я пабачыў у Менску. Канечне, гэта быў год асэнсаванай дзейнасьці. Паміж суседзямі, беларускім і літоўскім народамі, існуе мноства гістарычных і культурных сувязяў. Але цяпер літоўскім дыпляматам даводзіцца працаваць у Беларусі ў асаблівых варунках, улічваць унутраную сытуацыю і міжнароднае становішча вашай краіны. Я хачу таксама нагадаць, што амбасада Літвы ў Беларусі выконвае яшчэ і функцыі кантактнай амбасды НАТО. І мы робім шмат, каб высьпяваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі знаходзілася ў цэнтры ўвагі нашых эўраатлянтычных інтарэсаў, нашых эўраатлянтычных партнэраў”.

Я пацікавіўся ў спадара міністра, якое месца зойме Беларусь у вонкавай палітыцы Літоўскай Рэспублкі. Адказ быў наступны:

(Вайцякунас: ) “Беларусь — гістарычная суседка Літвы. І таму я скажу, што, безумоўна, Беларусі будзе нададзеная асаблівая ўвага”.

Хто зойме вакантнае месца кіраўніка дыпляматычнай місіі Літвы ў Беларусі замест спадара Вайцякунаса? На гэтае пытаньне спадар міністар адказвае так:

(Вайцякунас: ) “Вядома, сёньня я не магу дакладна адказаць на гэтае пытаньне, паколькі кіраўнікоў літоўскіх дыпмісіяў за мяжой прызначае прэзыдэнт нашай краіны. Але я ўпэўнены, што мы знойдзем у Літве вельмі дасьведчанага і аўтарытэтнага дыплямата, з улікам таго, што я казаў пра значэньне Беларусі й значэньне нашага супрацоўніцтва”.
XS
SM
MD
LG