Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся закрыты працэс над былымі кіраўнікамі “Нафтану”


Радыё Свабода Сёньня ў Вярхоўным Судзе Беларусі пачаўся судовы працэс над былым дырэктарам наваполацкага адкрытага акцыянэрнага таварыства “Нафтан” Канстанцінам Часнавіцкім і яшчэ двума былымі кіраўнікамі прадпрыемства, якіх абвінавачваюць у крадзяжы буйных сумаў грошай ад экспарту бэнзіну праз злоўжываньне службовым становішчам.

Старшыня Вярхоўнага Суду Беларусі Валянцін Сукала пастанавіў, што працэс наконт карупцыі былога кіраўніцтва “Нафтану” будзе закрыты, паведаміла супрацоўніца арганізацыйнай управы Вярхоўнага Суду Сьвятлана Паўлоўская.

(Паўлоўская: ) “На жаль, паколькі гэта закрыты працэс, ніякіх камэнтароў, ніякай інфармацыі я ня маю права даваць”.

Канстанцін Часнавіцкі быў арыштаваны ў 2005 годзе, адразу яго трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, ён перанес гіпэртанічны крыз. А зь лістапада мінулага году Часнавіцкі знаходзіцца пад хатнім арыштам у Менску — пасьля таго, як ён нібыта вярнуў дзяржаве 1 мільён даляраў. Пасьля гэтага ж з-за мяжы ў Беларусь вярнулася ягоная сям’я.

Незадоўга да пачатку судовага працэсу генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч паведаміў аб арышце швайцарскіх рахункаў Часнавіцкага і яшчэ двух былых кіраўнікоў “Нафтану” — разам на суму больш за 3,7 мільёна даляраў.

Пракуратура выставіла Канстанціну Часнавіцкаму і ягоным калегам абвінавачаньне паводле артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу Беларусі — “крадзеж у асабліва буйных памерах праз злоўжываньне службовым становішчам”. Ім пагражае да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле інфармацыі зь незалежных крыніцаў, спадар Часнавіцкі сябе вінаватым у злоўжываньнях не прызнае, дачыненьне да швайцарскіх рахункаў катэгарычна адмаўляе.

На “Нафтане” тым часам зьявілася новае кіраўніцтва, і скандал з арыштам Канстанціна Часнавіцкага патроху забываецца, хаця многія дагэтуль там лічаць, што крымінальны перасьлед Часнавіцкага несправядлівы, арганізаваны на замову ўладаў. Многія супрацоўнікі прадпрыемства дагэтуль добра ставяцца да спадара Часнавіцкага. Гаворыць супрацоўнік “Нафтану” Васіль Галавацкіх:

(Галавацкіх: ) “Насамрэч Часнавіцкі быў вельмі ўплывовы чалавек у гэтым рэгіёне, меў добрыя сувязі з расейскімі фірмамі. Магчыма, ён нейкім чынам быў небясьпечны для ўладаў. Хоць ён і не займаўся палітыкай, але такіх людзей у нас ня любяць”.
XS
SM
MD
LG