Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кожнаму культурнаму і безстароннаму чалавеку ведама, што перадаваныя “людовэ песьні з Віленшчыны” — песьні выключна і чыста беларускія” (1936)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 19 ліпеня

“Беларуская крыніца”, 1936 год. Слухач піша:

“5-га г. месяца польскае радыё перадавала канцэрт народных песень. У праграме канцэрту — “людовэ песьні Віленшчыны”. Кожнаму культурнаму і безстароннаму чалавеку ведама, што перадаваныя “людовэ песьні з Віленшчыны” — гэта песьні выключна і чыста беларускія. Радыё аднак не назвала гэтых песень іх уласным імям… А частку беларускіх песень пяялі ў польскай мове, не падаўшы, што гэта пераклады тэкстаў”.

“ЛіМ”, 1966 год. Вольга Нячай пра беларускае кіно:

“Як жа гэта здарылася, што беларуская кінематаграфія аказалася кінематаграфіяй без акцёраў, што ў нас не стала сваіх артыстычных кадраў і мы вымушаны шукаць іх на старане? У пяці апошніх карцінах, знятых на “Беларусьфільме”, — звыш 30 роляў. Толькі тры з іх, прычым не галоўныя, былі давераны беларускім акцёрам. Гэтыя тры ролі плюс тры ролі школьнікаў і складаюць актыўны баланс рэспублікі. Астатніх выканаўцаў работнікі студыі шукалі дзе толькі можна”.

“БДГ”, 1996 год. Аляксандар Фядута піша да другой гадавіны абраньня прэзыдэнта:

“Праз тры гады Аляксандар Рыгоравіч распавядзе выбарцам, як шмат добрага ён мог бы зрабіць, калі б яму не заміналі. Яму заміналі, замінаюць і, бадай, будуць і надалей замінаць ашчасьлівіць наш народ Канстытуцыя, заканадаўства, Вярхоўны Савет, Канстытуцыйны суд, БНФ, ПКБ, газэты, НАТО, расейскае кіраўніцтва… Але ён, мужны, вытрыманы, самаадданы, пераадолеў усе беды і зьбярог краіну. Аляксандар Рыгоравіч — добры прамоўца і ўмее размаўляць з народам. Гэта будзе выключнае відовішча. Шкада, што многія пры гэтым выключаць тэлевізар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG