Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калякін: “У КПБ з ПКБ па ўсёй краіне перайшло ўсяго пяць чалавек”


Радыё Свабода Так званы аб’яднаўчы дзявяты зьезд КПБ – праўладнай партыі – ды Партыі камуністаў Беларускай, якая застаецца апазыцыйнай да ўладаў, афіцыйныя СМІ выдаюць за “чарговую паразу” апазыцыі. Ці сапраўды гэта так, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Зь лідэрам філіі ПКБ у Лідзе Янінай Гузоўскай мы сустрэліся напярэдадні зьездаў дзьвюх камуністычных партыяў. Але спадарыня Яніна ўжо тады не хавала іроніі.

(Гузоўская: ) “Гэта вельмі сьмешна, таму што сябраў КПБ у Лідзе ня так шмат. А зьвяртаюцца да тых, хто пакінуў ПКБ некалькі гадоў таму, ня бралі ніякага ўдзелу ў партыйных справах. Я думаю, ПКБ мае добрую сілу, калі на яе зьвярнуў увагу ідэалягічны аддзел, каб разваліць. Але цяпер гэта ня ўдасца. Бо тыя, хто засталіся, людзі разумныя, стойкія, нічога не баяцца. Ніколі наша Беларусь ня будзе такой, як была! Я бачыла на Дзень Волі фашысцкую Германію 33-га году, калі праспэкт Скарыны быў чорны ад амапаўцаў – брыдка і сорамна! А ў людзей прайшоў страх. Людзі пачалі сьмяяцца з улады, а для яе гэта вельмі дрэнны паказчык. Цяпер зацішша перад бурай. Калі падвысяцца цэны на газ і нафту, Беларусь ня зможа працаваць у каманднай сыстэме, усё можа абрынуцца ў адзін дзень. Адразу я была супраць Мілінкевіча, бо ён падаваўся вельмі пакладзістым чалавекам, няздатным для актыўных рухаў. А цяпер разумею, што гэта самы аптымальны варыянт, бо ён чалавек разумны, ураўнаважаны і сьмелы…”

Учора ўвечары я зьвязаўся зь ёй па тэлефоне.

(Гузоўская: ) “Ніводзін чалавек не пайшоў з нашай арганізацыі ў другую. Ніхто з нашай ініцыятыўнай групы не прапаў – усе “штыхі” на месцы”.

Гутару зь лідэрам Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным.

(Карэспандэнт: ) “Як можаце пракамэнтаваць заяву беларускага тэлеьачыньня, што з ПКБ у КПБ перайшла большасьць сябраў?”

(Калякін: ) “Як абсалютную хлусьню. Зь дзейных сябраў пяцёра (!) перайшлі па краіне ў тую партыю і былі выключаныя напярэдадні гэтага зьезду. І гэта нягледзячы на вялікі ўціск на людзей. Лагойскаму сябру нашай партыі Жагло прапаноўвалі кабінэт, кампутар зь Інтэрнэтам і шыкоўнае пахаваньне, калі ён пяройдзе ў КПБ – аб гэтым гаварыў ён на нашым зьезьдзе”.

(Карэспандэнт: ) “Разам з ПКБ хацелі пахаваць…” (сьмех)

(Калякін: ) “Так! Няма ніякіх падставаў гаварыць, што адбыўся аб’яднаўчы зьезд. ПКБ будзе працаваць на супольнай плятформе дэмакратычных сіл…”

(Карэспандэнт: ) “А як вы пракамэнтуеце сьцьвярджэньне, што ў часе перарэгістрацыі ў Мінюсьце партыя ня зможа набраць тысячу сябраў па краіне?”

(Калякін: ) “Мы абсалютна гатовыя прад’явіць патрэбную колькасьць сябраў. Нашы людзі абураныя хлусьнёй, якая ідзе ў афіцыйных СМІ. Гэта падштурхнула прыхільнікаў, і вельмі актыўна пачаўся прыём у нашу партыю…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG