Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Вайтовіч: "Я памыляўся, прызнаюся, з-за недахопу палітычнага досьведу"


Валер Каліноўскі, Менск Пры канцы мінулага тыдня на тэлефанаваньні слухачоў “Свабоды” адказваў Аляксандар Вайтовіч, былы старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, правадзейны сябра Эўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасьці, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 1996 году, аўтар 24 вынаходзтваў і 200 навуковых працаў, актыўны грамадзкі дзяяч, удзельнік перадвыбарчай кампаніі 2006 году.

У Беларусі існуе самая сапраўдная дыктатура

(Віктар Дашкевіч, вёска Калодзежнае Капыльскага раёну: ) “Калі вы зарэгістравалі ініцыятыўную групу, то ці быў там хто зь землякоў. Калі не, то што гэта – недавер нам? І яшчэ, калі можна, коратка: у чым прычыны паразы на выбарах? У людзях, у апазыцыі. І апошняе: на вашую думку, што трэба рабіць цяпер, каб нарэшце стаць сапраўднымі людзьмі, беларусамі?”

(Вайтовіч: ) “Дзякуй, Віктар, рады вас чуць. Клопату ў гэтай выбарчай кампаніі было так шмат для ўсіх, таму я мала ўмешваўся ў працу людзей, якія фармавалі ініцыятыўную групу – у мяне была іншая праца. Пра сутнасьць паразы на выбарах. Вы ведаеце, сытуацыя ў Беларусі такая, што нічога іншага і не даводзілася чакаць, таму што ў Беларусі існуе самая сапраўдная дыктатура, і ў гэтай сытуацыі дыктатуры ніхто не можа перамагчы. Вынікі выбараў сапраўдныя не абвяшчаюцца. Кандыдатам у прэзыдэнты, якія супернічаюць з Лукашэнкам, не даецца такіх магчымасьцяў, як яму. Ня тое што такіх самых, а наагул ніякіх. Я таму й не пайшоў да канца на выбарах, бо разумеў, што ніякіх выбараў папраўдзе ня будзе. І я лічу да гэтага часу, што было б самым лепшым усім незалежным кандыдатам зьняцца з выбараў, на розных этапах выбарчай кампаніі: я зьняўся раней, Мілінкевіч мог зьняцца за 10 дзён да выбараў, Казулін таксама ў гэты самы час мог зьняцца, ужо выступіўшы па тэлебачаньні, па радыё. І гэта было б моцным ударам па Лукашэнку. Лукашэнка гэтага вельмі баяўся, ён хацеў, каб у яго выбары выглядалі легітымнымі, і ўдзел у выбарах Мілінкевіча і Казуліна, на мой погляд, легітымізаваў вялікім чынам гэтыя выбары Лукашэнкі.

Што трэба рабіць, каб зьмяніць сытуацыю ў Беларусі? Я думаю, што карэнным чынам трэба мяняць тактыку апазыцыі, тую, якую яна дэманструе сягоньня, неабходныя новыя ідэі, неабходна паказаць беларускаму грамадзтву, які шлях яму прыйдзецца пераадолець для таго, каб Беларусь стала сапраўды квітнеючай краінай”.

Весьці людзей да турмы на Акрэсьціна было памылкай

(Спадарыня: ) “Я вельмі ўсхваляваная судом над Казуліным і хачу выказаць у ягоную падтрымку некалькі слоў. Я не магу гаварыць бязь сьлёз... Хачу папрасіць прабачэньня за тое, што наш беларускі народ, кіраўнікі партыяў слаба падтрымлівалі Казуліна ў цяжкі для яго час. Ён пацярпеў за праўду, за тое, што выказаўся пра ўсе жахі, якія чыняцца ў нашай краіне”.

(Каліноўскі: ) “Спадар Вайтовіч! Толькі што абвешчаны прысуд Аляксандру Казуліну, і нашыя слухачы рэагуюць на гэта. І, парушаючы правілы нашай перадачы, я хацеў бы не ў канцы, а ў пачатку нашай размовы задаць вам пытаньне тыдня Радыё Свабода: як Вы ацэньваеце прысуд Аляксандру Казуліну?”

(Вайтовіч: ) “Хацеў бы сказаць, што Беларусь – не прававая дзяржава, у ёй не выконваюцца законы, не выконваецца Канстытуцыя. Можна прывесьці мноства такіх прыкладаў, у тым ліку й гэты. Я вельмі спачуваю Аляксандру Ўладзіслававічу, але я казаў і цяпер, каб сустрэўся, сказаў бы яму, што гэта была памылка яго – весьці людзей на Акрэсьціна да турмы. Так рабіць нельга – гэта таксама парушэньне закону. А ўлада скарысталася гэтай памылкай на поўную моц”.

(Каліноўскі: ) “Пытаньне, якое паступіла да нас праз смс, таксама зьвязанае зь сёлетняй кампаніяй: “Які плён ад вашай спробы ўдзелу ў перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі гэтага году?”

(Вайтовіч: ) “Я атрымаў досьвед, удалося сфармаваць каманду, якую можна потым выкарыстоўваць у далейшай палітычнай працы. Гэта самы вялікі плён”.

Непрафэсіяналізм з самага верху Акадэміі навук пачаў распаўсюджвацца ўніз

(Валянцін Лідзкі: ) “Як вы ставіцеся да таго, што прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук прызначаюць, а не абіраюць, як гэта было ўва ўсе часы, нават у часы застою?”

(Вайтовіч: ) “Я адношуся да гэтага адмоўна, тым больш што прызначаны старшыня прэзыдыюму, як цяпер называецца гэтая пасада са зразумелых прычын, не зьяўляецца прафэсіяналам, і гэта адмоўна адбіваецца на працы акадэміі, таму што гэты непрафэсіяналізм з самага верху Акадэміі навук пачаў распаўсюджвацца ўжо ўніз. Ужо дырэктарамі інстытутаў пачынаюць прызначаць непрафэсіяналаў”.

(Лідзкі: ) “Калі вы былі прэзыдэнтам Акадэміі навук, вы маглі ўсё ж неяк разьмяркоўваць грошы на праблемы, якія вы лічылі патрэбнымі для беларускай навукі. Каб вы засталіся на пасадзе прэзыдэнта акадэміі, вы хоць бы штосьці зрабілі, вы прафэсіянал, вы клясны фізык, нашто вы перайшлі ў Савет Рэспублікі? Ці вы думалі, што маглі нешта зварухнуць у гэтай сыстэме палітычнай? Там жа адзін чалавек усё вырашае”.

Я памыляўся, прызнаюся, з-за недахопу палітычнага досьведу

(Вайтовіч: ) “Працуючы прэзыдэнтам акадэміі, я прыйшоў да высновы, што, каб рэалізоўваць інавацыйныя ідэі, разьвіваць інавацыйную эканоміку, каб уплываць на разьвіцьцё краіны, маёй улады прэзыдэнта акадэміі недастаткова. Другі факт быў такі – я зусім быў наіўны. Я думаў, што мне ўдасца, будучы там, у першым эшалёне кіраўніцтва краінай, шмат добрага зрабіць для дзяржавы. Мяне ў гэтай думцы падтрымліваў увесь склад прэзыдыюму Акадэміі навук. Усе выступоўцы казалі: так, трэба ісьці, вы там зробіце намнога болей для навукі і для краіны, чым будучы прэзыдэнтам акадэміі. Я памыляўся, я прызнаюся, што я памыляўся з-за недахопу палітычнага досьведу. Я раіўся ня толькі з прэзыдыюмам акадэміі, я паехаў да свайго старэйшага брата. Я да яго прыйшоў і сказаў ўсё гэта, а ён адказаў мне наступнае: ты зь ім не спрацуесься. Меў рацыю”.

(Спадар: ) “Ці ёсьць нейкая карысьць ад Савету Рэспублікі, які вы нейкі час узначальвалі?”

(Вайтовіч: ) “Будучы старшынём Савету Рэспублікі, я прыйшоў, ведаеце, да якой высновы? Што Лукашэнка гэта зрабіў спэцыяльна, ён так напалохаўся той працэдурай імпічмэнту, якая разгарнулася ў 1996 годзе, што яму трэба было паставіць такія дамбы, каб гэтага не зрабілася, таму ён парлямэнт разьбіў на дзьве палаты. А што да таго, патрэбен Савет Рэспублікі ці не, то я хацеў бы сказаць наступнае: магчыма, і не патрэбен. Але я думаю, што калі зьменіцца ўлада ў Беларусі, а яна абавязкова зьменіцца, мы станем на шлях не дыктатарскага праўленьня, якое мы сёньня маем, а дэмакратыі, вось тады й трэба правесьці грамадзкае абмеркаваньне будучай канстытуцыі і адначасова вырашаць пытаньне, які парлямэнт нам патрэбен”.

(Андрэй Белагубаў, Магілёў: ) “Спадар Вайтовіч, вы пачуваеце сябе больш навукоўцам ці палітыкам і чаму?”

(Вайтовіч: ) “Я пачуваю сябе і навукоўцам, і палітыкам. Я вельмі рады, што мне ўдалося ўзнавіць свой патэнцыял у навуцы. А па-другое, я актыўны чалавек у палітыцы, таму што я разумею, што для таго, каб краіна мела будучыню, мы павінны памяняць вельмі шмат”.

(Максім, Івянец: ) “Вы заявілі пра падтрымку кампаніі “Свабоду палітвязьням!”. А як можна рэальна дапамагчы беларускім палітвязьням і іх сем’ям?”

Я вельмі высока ацэньваю ўдзел моладзі ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы

(Вайтовіч: ) “Рэальна можна дапамагчы сем’ям палітвязьняў толькі маючы вызначаны аб’ём матэрыяльнай падтрымкі, грашовых сродкаў”.

(Каліноўскі: ) “Пытаньне з смс: “Як вы ацэньваеце ўдзел моладзі ў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы?”

(Вайтовіч: ) “Я вельмі высока ацэньваю ўдзел моладзі ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Для мяне гэта было нечакана, таму што я бачыў, што гэты рух узьнікае спантанна, што ідуць на плошчу маладыя людзі, якія ніколі не ўдзельнічалі ў палітыцы. Я вельмі высока ацэньваю гэты ўсплёск ініцыятывы і актыўнасьці моладзі”.

Прэзыдэнта ў нас няма. У нас ёсьць узурпатар

(Натальля, Менск: ) “Ці прызнаяце вы Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі?”

(Вайтовіч: ) “Я яго не прызнаю легітымным. Таму што рэфэрэндум, які быў абвешчаны, супярэчыў Канстытуцыі, такі рэфэрэндум нельга было праводзіць, такім чынам, усе наступствы рэфэрэндуму незаконныя. Па-другое, нават калі стаць на такую пазыцыю, палічыць, што адбыўся рэфэрэндум і прынялі пазытыўнае рашэньне па гэтым пытаньні. Дапусьцім. Тым ня меней у дзейнай Канстытуцыі Беларусі запісана, як выбіраецца прэзыдэнт, і нічога ня сказана наконт абмежаваньня тэрмінаў для адной асобы займаць пасаду прэзыдэнта. У Канстытуцыі няма пра гэта нічога. У такім выпадку мы павінны зьвяртацца да закону Рэспублікі Беларусь аб прэзыдэнту. У гэтым дзейным законе, прынятым у поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй, у артыкуле 8 запісана, што адна і тая асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта ня больш за два тэрміна. Усё, прэзыдэнта ў нас няма. У нас ёсьць узурпатар”.

(Каліноўскі: ) “Ёсьць яшчэ два пытаньні: якой магла б быць Беларусь без Лукашэнкі? Ваш прагноз, калі скончыцца прэзыдэнцтва Лукашэнкі?”

(Вайтовіч: ) “Я ўпэўнены, што пры інтэлектуальным і чалавечым патэнцыяле нашага народу, я ўлічваю й мэнталітэт беларусаў (такі спакойны, вытрыманы народ, такі працавіты, які капейку да капейкі складвае), калі б нам была магчымасьць праявіць сваю ініцыятыву, то мы жылі б намнога лепей, чым цяпер жывем. Людзям трэба даць працаваць, як яны хочуць, каб яны разумелі, што ад іх парцы залежыць іх будучыня, дабрабыт іх дзяцей і ўнукаў”.

Трэба разбураць перш-наперш гэтую верхавіну дыктатарскай сыстэмы

(Спадар: ) “Вы ўзначальвалі Акадэмію навук Беларусі пры Лукашэнку. Чаму ж не адкрылі ўсіх архіваў і не дасьледавалі ў навуковым парадку злачынстваў савецкіх начальнікаў?”

(Вайтовіч: ) “Архівы адкрытыя, і публікуюцца матэрыялы па гэтай тэме. Што да акадэміі, то выйшла праца акадэміка Аляксандра Махнача, у якой пералічаныя ўсе супрацоўнікі Акадэміі навук, якія былі рэпрэсаваныя, іншыя працы выходзяць. Так што я думаю, што ў гэтым напрамку дастаткова робіцца”.

(Спадар: ) “Прабачце, што перабіваю, але я не разумею: гэтыя сьледчыя судзьдзі, гэтыя тройкі, яны цяпер жывуць і шыкуюць на нашыя пэнсіі. Трэба й пра іх друкаваць, каб людзі ведалі сваіх злачынцаў, якія без суду і сьледзтва зьнішчалі найлепшых людзей”.

(Вайтовіч: ) “Мне цяжка на гэтае спэцыфічнае пытаньне адказаць. Думаю, што ёсьць матэрыялы, у якіх і гэтыя людзі названыя, але ўсіх да канца назваць, магчыма, вельмі цяжка. Тым больш, вы ж разумееце, гэта была дзяржаўная машына запушчаная. Як у Гітлера, як у Сталіна, прабачце, як запушчаная дзяржаўная машына сёньня ў Беларусі. І калі выходзяць на плошчу амапаўцы і пачынаюць людзей калашмаціць, якія прэтэнзіі да іх прад’явіць? У іх ёсьць прысяга, што ён павінен выконваць загад начальніка. Начальнік яму загадаў ісьці гэта і рабіць. Трэба разбураць перш-наперш гэтую верхавіну дыктатарскай сыстэмы, якая прыводзіць да гэтага. Самую верхавіну трэба пакараць, як зрабілі з атачэньнем Гітлера. А распаўсюджваць на ўсіх – я ня думаю, што гэта было б правільна”.

(Ірына, Менск: ) “Аляксандар Паўлавіч! Вельмі шмат ходзіць чутак, што Лукашэнка апошнім часам моцна страціў здароўе, што ён перанёс ці інсульт, ці інфаркт. Вы зь ім неаднаразова блізка сутыкаліся, як вы лічыце, ці маюць падставы гэтыя чуткі, ці зьмяніўся, на ваш погляд, яго выгляд?”

(Вайтовіч: ) “Я бачыў часта Лукашэнку, як працаваў старшынём Савету Рэспублікі, і пасьля аднаго выпадку, калі за 20 хвілін зьмяніліся ягоныя паводзіны і выгляд, я пачаў уважліва назіраць за ім, калі ўдавалася. Цяпер я прыходжу да такой высновы, што са здароўем у яго дрэнна”.

Нічога не робіцца для таго, каб рэфармаваць навуку

(Тацяна, Менск: ) “Аляксандар Паўлавіч! Калі ласка, ацаніце стан беларускай навукі, ці знаходзіцца яна ў крызісе?”

(Вайтовіч: ) “Сапраўды, навука ў крызісе, усе паказчыкі навукі з году ў год пагаршаюцца. Памяншаецца колькасьць навуковых супрацоўнікаў на 10 тысяч насельніцтва. Вельмі нізкае фінансаваньне навукі, намнога ніжэйшае, чым у нашых суседзяў: у Расеі, Украіне, Літве, Эстоніі. І калі Лукашэнка кажа, што мы больш за іншыя краіны былога СССР зьбераглі навуку, то гэта няпраўда”.

(Каліноўскі: ) “Адкажыце яшчэ на пытаньне, якое датычыць вашай працы. Вы працуеце ў Акадэміі навук, ці не адчуваеце ціску з боку адміністрацыі, ці сочаць і падслухоўваюць вас?”

(Вайтовіч: ) “Тут можна было б шмат чаго расказаць, але толькі некалькі фактаў скажу. Пасьля рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі я паехаў у Маскву, і там мне прапанавалі выступіць на прэсавай канфэрэнцыі. Гэта было зьнята тэлеканаламі, і мой выступ паказалі. І адразу начальнік аддзелу кадраў прэзыдыюму акадэміі прыбег правяраць, а зь якой такой нагоды я паехаў у Маскву, як гэта ўсё аформлена, ці не прагуляў я. Я ж такі бюракрат спрактыкаваны, я зрабіў усё так, як мае быць, каб камар носа не падтачыў. Пасьля гэтага я сустрэў Мясьніковіча і кажу: перастаньце прэсінгаваць мяне, бо я напішу ўва ўсе акадэміі Эўропы – расейскую, украінскую – як вы мяне прэсінгуеце. Ён сказаў, што ён тут ні пры чым”.

(Ала, Менск: ) “Урад Беларусі вырашыў пабудаваць у Беларусі сваю атамную станцыю, і чакаецца, што гэта зробяць расейскія спэцыялісты. Вашае меркаваньне як фізыка, ці не зьяўляецца гэта небясьпечным, ці не пагражае паўторам Чарнобылю?”

(Вайтовіч: ) “Пытаньне складанае, на яго накладваецца чарнобыльскі фон. Але я фізык і вучоны і буду зыходзіць з таго, што мы атрымліваем найбольш энэргіі з вуглевадароднага паліва, нафты. Але гэтыя выкапні ня вечныя. Гадоў праз 20 у нас узьнікнуць цяжкасьці зь імі. А што далей? Чалавецтва ж ня пойдзе назад у пячоры. Адзінай пакуль што пэўнай крыніцай, якая дае пэўнасьць, што мы не абрынемся у нейкі крызіс, зьяўляецца атамная энэргетыка”.

(Міхаіл, Менск: ) “На сёньняшні дзень як вы бачыце разьвіцьцё беларускай навукі з пункту погляду залучэньня моладзі. Таму што яна сыходзіць куды хаця, але толькі не ў навуковыя інстытуты...”

(Вайтовіч: ) “Нічога ня робіцца для таго, каб рэфармаваць навуку. Тое, што цяпер адбываецца, гэта шлях у нікуды. У тым ліку й па кадравых пытаньнях – навука старэе і старэе. Экспэрымэнтальнае абсталяваньне зусім ужо старое, на ім амаль нічога рабіць немагчыма. Вось я супрацоўнічаю з італьянцамі, дык хоць туды мае супрацоўнікі разы два ў год езьдзяць і хоць магчыма правесьці нейкія вымярэньні на сучасным абсталяваньні. Вось так выкручваемся”.

Большасьць стала ў апазыцыю, будучы яшчэ на сваіх пасадах

(Спадар: ) “Як вы ставіцеся да палітыкаў, якія гадамі служаць дыктатару, а калі іх прагоняць, дык у той жа дзень ідуць у апазыцыю. Такіх людзей я ведаю нямала”.

(Вайтовіч: ) “Дзякуй за пытаньне, яно з такім нейкім сэнсам, я так адчуваю. Але гэта нічога. Я ня думаю, што вы можаце вызначыць дакладна, хто, працуючы ва ўладных структурах, працуе на дыктатара, а хто – на краіну. Ня думайце, што ўсе чыноўнікі працуюць на дыктатара. Яны працуюць на краіну. У любой краіне павінен быць урад, у тым ліку ў дыктатарскай. І коратка пра сябе. Калі вы сачылі за маімі паводзінамі на пасадзе старшыні Савету Рэспублікі, то чыталі, што я выказваўся супраць дэкрэтаў. Гэта друкавалася ў газэтах. Я лічу, што дэкрэты, якія выдае прэзыдэнт раз за разам, супярэчаць Канстытуцыі. Яны толькі пры надзвычайных умовах павінны выдавацца. А калі я сказаў, што лічу, што падаўжэньне тэрмінаў прэзыдэнцтва для адной асобы вельмі шкоднае для Беларусі, то менш чым праз тыдзень Лукашэнка выпер мяне з пасады. Гэта быў адназначны сыгнал, што ён пойдзе на трэці тэрмін... Ды большасьць стала ў апазыцыю, будучы яшчэ на сваіх пасадах”.

(Каліноўскі: ) “Пытаньне прыйшло праз смс. Алена пытаецца: “Спадар Вайтовіч, што для вас зьяўляецца сэнсам жыцьця?”

(Вайтовіч: ) “Галоўнае – дастойна прайсьці сваё жыцьцё. Не крывіць душою, казаць тое, што думаеш. Вядома, што ёсьць выпадкі, калі немагчыма гэта казаць... Зрабіць нешта для краіны, пакінуць нейкі сьлед у жыцьці”.
XS
SM
MD
LG