Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: за забойства шчанюкоў – да двух гадоў турмы


Тацяна Поклад, Прага Існуе Ўсясьветная дэклярацыя правоў жывёлін, абвешчаная ў сядзібе ЮНЭСКО яшчэ ў 1978 годзе. У 1990 годзе генэральны дырэктар ЮНЭСКО ўхваліў новую рэдакцыю, падрыхтаваную Міжнароднай лігай правоў жывёлін. Паводле Ўсясьветнай дэклярацыя правоў жывёлін ЮНЭСКО, абарона і бясьпека жывёлін мае быць прадстаўленая на ўзроўні ўрадавых арганізацыяў. Законы, якія патрабуюць гуманнае абыходжаньне з жывёлінамі, існуюць ува ўсіх дэмакратычных краінах. Нашая карэспандэнтка вывучала сытуацыю ў суседніх зь Беларусьсю Літве і Польшчы.

І законы, і грамадзкая думка ў сфэры гуманнага абыходжаньня з жывёлінамі і, болей за тое, у сфэры правоў жывёлін яшчэ павінны ўдасканальвацца – у гэтым перакананыя актывісты Зялёнага руху Літвы, ініцыятыўная група “Шануй права жывёлін”, Таварыства апякунства над жывёлінамі Літвы.

Літоўскія абаронцы жывёлін кажуць, што працягваюць традыцыі руху абароны правоў жывёлін, які пачаўся у Ангельшчыне ў XIX ст., хаця, паводле іншых меркаваньняў, рух за правы жывёлін нарадзіўся толькі у 1960-х. Нядаўна ўсе балтыйскія краіны далучыліся да традыцыі адзначаць Міжнародны дзень жывёлін, які з 1931 году ў дзясятках краінаў адзначаецца 4 кастрычніка – у дзень сьвятога Францыска Асыскага. Час ад часу ладзяцца вялікія акцыі, у тым ліку й рэклямныя, па ўсёй краіне – накшталт “Дзён правоў жывёлін” у Літве пры канцы траўня. Актывісты наракаюць на тое, што паміж заканадаўчай і выканаўчай сфэрамі існуе пэўны разрыў – законы добрыя, але на практыцы іх ня так лёгка рэалізаваць.

У ліку іншых заканадаўчых актаў адносна жывёлін у Літве існуе адмысловы закон (з 1 студзеня 1998 году), прыняты Соймам і падпісаны тагачасным прэзыдэнтам Альгірдасам Бразаўскасам – гэта Закон аб апякунстве, ўтрыманьні і выкарыстаньні жывёлін. Пазьней у гэты закон уносіліся зьмены, папраўкі. Там ёсьць і артыкулы, што абараняюць людзей ад агрэсіі жывёлін, якіх трымаюць іншыя людзі.

У прыватнасьці, закон дае юрыдычную фармулёўку шкоднай для жывёлін дзейнасьці чалавека і ўводзіць адпаведную адказнасьць – ад штрафаў да зьняволеньня. У законе ўстанаўляецца, што забаронена зьдзекавацца з жывёлін, марыць голадам (калі гэта свойскія жывёліны), біць іх, катаваць. Закон таксама рэглямэнтуе забойства жывёлін: не забараняе цалкам (або пакуль што не забараняе, як кажуць змагары за правы жывёлін), але патрабуе рабіць гэта без катаваньняў.

Падобныя законы існуюць у суседняй Польшчы, і за іх выкананьнем сочаць праваахоўчыя органы.

Якраз сёньня прыйшлі паведамленьні з суседняй Польшчы пра беспрэцэдэнтны працэс, на якім будуць судзіць чалавека за жорсткае абыходжаньне са свойскімі жывёлінамі – ён утапіў нованароджаных шчанюкоў.

У мястэчку Шчырк у Сылезіі у сьметніку ў панядзелак быў знойдзены плястыкавы пакет зь пяцьцю шчанюкамі – трое былі ўжо нежывыя. Паліцыя хутка ўстанавіла гаспадара шчанюкоў – гэта 28-гадовы мужчына, які адразу прызнаў сваю віну. Ён сказаў, што ня ведаў, куды дзяваць шчанятаў, і вырашыў іх утапіць. Думаючы, што шчанюкі ўжо мёртвыя, склаў у пакет і вынес на сьметнік. Паводле словаў мужчыны, ён не ўсьведамляў, што пераступае закон, а, згодна з законам, пакараньне за такі ўчынак – штраф або зьняволеньне на тэрмін да двух гадоў.

Прэзыдэнт экалягічнага “Клюбу Гая” з Польшчы апавёў з гэтай нагоды журналістам, што пакараньні за такога роду злачынствы дасюль фактычна абмяжоўваліся або штрафамі, або зьняволеньнямі ня болей як на некалькі месяцаў, тады як, скажам, у Швэцыі затрыманаму за жорсткае абыходжаньне з жывёлінамі грамадзяніну Польшчы прысудзілі паўтара году турмы.
XS
SM
MD
LG