Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогод у Беларусі забіваюць да 70 тысяч “безнаглядных” свойскіх жывёлін


Ігар Карней, Менск У цывілізаваных краінах наўмыснае забойства жывёліны прыраўноўваецца да забойства чалавека і адпаведна караецца. Так, у 2001-м у ЗША на тры гады пазбаўленьня волі быў асуджаны амэрыканец Браян Бэрэт, які забіў уласнага сабаку. Летась жыхар штату Вірджынія Лі Кук быў зьняволены на 10 гадоў за расстрэл паліцэйскага сабакі. У судзе ўдакладнілі, што 5 гадоў – гэта тэрмін за спробу забойства сабакі, яшчэ 5 – за незаконнае захоўваньне зброі. Ці ёсьць у Беларусі прэцэдэнты пакараньня за зьдзек з жывёлін?

Штогод у Беларусі зьнішчаецца да 70 тысяч свойскіх жывёлін, якія трапілі ў катэгорыю “безнаглядных”. Грамадзкія арганізацыі для абароны жывёлін патрабуюць спыніць такое жорсткае абыходжаньне і ўзяць на ўзбраеньне спосаб, які практыкуецца ўва ўсіх цывілізаваных краінах – стэрылізацыю. Такія захады дадуць магчымасьць абысьціся без бессэнсоўных забойстваў і разам з тым не дазволяць кінутым катам ды сабакам безнаглядна размнажацца. За два гады па ўсёй краіне стэрылізавана паўтысячы бадзяжных жывёлін. Астатнія па-ранейшаму ліквідуюцца.

Абаронцаў абурае: часта адлоў жывёлін праводзіцца пасярод дня і ў прысутнасьці дзяцей. Прычым і катоў, і сабак кідаюць у адзін фургон – пэўна, у спадзяваньні на “натуральны адбор”. Такія антыгуманныя захады арганізацыі для абароны жывёлін параўноўваюць са злачынствам. Праўда, дамагчыся пакараньня за гэта немагчыма: як кажа кіраўніца камітэту абароны жывёлін “Заасьвет” Маргарыта Пушкевіч, “карныя акцыі” праводзяцца пад эгідай дзяржавы.

(Пушкевіч: ) “Пяты год у нашым парлямэнце пакрываецца пылам закон “Аб стасунках з жывёлінамі”. Ён нават не названы “Аб абароне…”, яны зьнялі слова “абарона”, напісаўшы сарамлівае “аб стасунках з жывёлінамі”. Нягледзячы на тое, што маса лістоў ім ідзе і ад грамадзянаў, і мы зьвяртаемся туды, абарончыя арганізацыі. Аднак усё застаецца на ранейшым узроўні. Яны нам толькі гавораць, маўляў, закон дапрацоўваецца. А насамрэч у гэтым дзяржаўныя структуры проста не зацікаўленыя...”

Паступова паўстае і праблема пахаваньня жывёлін. Часьцяком гаспадары целы жывёлін не хаваюць, а выкідаюць на сьметнік. Гаворыць сябра адной з дабрачынных арганізацыяў для абароны жывёлін Алена Міхеева:

(Міхеева: ) “У сьметніцу выкідваць нельга. На дварэ пад плотам закопваць таксама нельга. Дзявайце куды хочаце... У нас ёсьць пляны, якія, вядома, яшчэ не рэалізаваліся, – стварыць перасоўную крэматорыю для жывёлін. Такая задума на ўзроўні плянаў. Таму цяпер людзі хаваюць сваіх гадаванцаў цішком, дзесьці на полі ці ў сябе на лецішчы. Іншых варыянтаў папросту няма. І нават у дзяржаўных лякарнях, калі прыносяць умярцьвіць жывёліну, то лекары ўсоньваюць і аддаюць зноў гаспадару – рабіце далей, што хочаце”.

Адпаведна санітарным нормам, менчукі мусяць вывозіць здохлую жывёліну на скотамагільнік у вёсцы Дзегцяроўка, за 13 кілямэтраў ад Менску. Гэты скотамагільнік – звычайная бэтонная яма, заваленая напаўраскладзенымі трупамі. Зрэшты, іншыя буйныя гарады ня маюць і такіх могілак свойскіх жывёлін.
XS
SM
MD
LG