Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Дубоўка (15.7.1900, в. Агароднікі (цяпер Пастаўскі раён) — 20.3.1976, Масква)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Масква сусьвету вушы прашумела Пра самавызначэньне аж да зор. Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела? Стварыла Гомельскі ганебны калідор. Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі, Пасьмешышчам для сьвету усяго. Як быццам мала ў нашай волі сталі, Як быццам ў сэрцах нашых згас агонь...

Пад гэтым амаль набатным вершам, напісаным у сярэдзіне 1920-х (калі Гомель яшчэ ня быў у выніку намаганьняў нашых нацыянал-камуністаў вернуты ў склад БССР), стаяў подпіс: Янка Крывічанін. Чэкісты не адразу высьветлілі сапраўднае імя аўтара, але ўрэшце супадзеньне шрыфту на адбітках і друкавальнай машынцы ў прадстаўніцтве Беларускай ССР у Маскве не пакінула сумневаў: верш напісаны супрацоўнікам гэтае ўстановы Ўладзімерам Дубоўкам.

У 1930-м яго, выпускніка маскоўскага Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытуту, аднаго з найталенавіцейшых сяброў зорнага згуртаваньня “Ўзвышша”, бліскучага перакладчыка Шэксьпіра й Байрана, на трыццаць гадоў адлучылі ад літаратуры. Ягоныя рукапісы прысвоіў сумна вядомы стукач і літпагромшчык Лука Бэндэ, які празь дзесяцігодзьдзі ласкава прадасьць гэтыя самыя рукапісы аўтару.

Сталінскім катам удалося на ўсё жыцьцё пасяліць у душы выдатнага паэта страх. Вярнуўшыся ў 1958-м з высылкі, ён застаўся ў Маскве. Мае старэйшыя калегі-пісьменьнікі, якія пераведвалі Дубоўку, апавядалі, што той і на схіле дзён пазьбягаў размоваў на хоць крыху рызыкоўныя тэмы і перахоўваў валізку з сваім сібірскім сталярскім інструмэнтам, думаючы, што той зноў спатрэбіцца, каб зарабіць у далёкіх краях на хлеб.

Створаны Дубоўкам у 1925-м верш “О Беларусь, мая шыпшына” (які ў юнацтве ўспрымаўся мною як неафіцыйны гімн) называюць прарочым:

О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цьвет! У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасьцеш...

“Добры дзень, мая Шыпшына”, — назваў я дваццаць гадоў таму сваю першую кнігу.

P.S. Цярністы жыцьцёвы шлях Уладзімера Дубоўкі ўзнавіў у сваім нядаўнім рамане-біяграфіі “Круг” Алесь Пашкевіч.
XS
SM
MD
LG