Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": ці стане беларуская опэра беларускамоўнай?


Юлія Шарова, Менск Сёлета пачалася рэканструкцыя будынку опэрнага тэатру ў Менску. Пасьля таго, як будынак давядуць да ладу, там павінна зьявіцца новая тэхніка для субтытраў – публіка атрымае магчымасьць слухаць опэры на незнаёмых мовах і сачыць за тэкстам зь перакладам… Ці будуць гэта пераклады на беларускую мову?

Адна з апошніх рэчаў з заходняй опэрнай клясыкі, якую тэатар паставіў –аднаактоўка Гаэтана Даніцэці “Рыта”. Прэм’ера адбылася ў сьнежні мінулага году. Паставілі спэктакль па-расейску, узялі вядомы і папулярны пераклад Дзімітрына. Чаму ня мова арыгіналу ці не пераклад на беларускую?

Мова арыгіналу, кажа мастацкі кіраўнік тэатру Маргарыта Ізворска, творыць перашкоды для ўспрыманьня опэры. Да таго ж у “Рыце” шмат жвавых размоўных дыялёгаў – опэра павінна быць зразумелай бальшыні слухачоў. Рабіць беларускі пераклад дорага й нязручна, лічыць спадарыня Ізворска, таму й...

(Ізворска: ) “Калі мы ўпершыню паставілі на італьянскай мове “Тоску”, мы выпускалі лібрэта зь перакладам на расейскую. Тады былі нейкія фінансавыя магчымасьці, каб гэта зрабіць. Цяпер усё гэта для нас досыць вялікая праблема, бо фінансы абмежаваныя. Мы ня можам ажыцьцявіць такое”.

Праблема, аднак, ня толькі ў грашох. Са словаў Маргарыты Ізворскай, нават калі будуць грошы і зьявіцца бягучы радок – яшчэ ня факт, што беларускія варыянты клясычных лібрэта прыжывуцца ў тэатры.

(Ізворска: ) “Гэта ўсё ня я вырашаю. Існуе мастацкая рада, і тады, я зноў вам кажу, мяркуючы з усяго, спатрэбіцца сацыялягічнае апытаньне. І ў выніку гэтага апытаньня пэўныя творы будуць трансьлявацца на той мове, якая запатрабаваная грамадзтвам”.

Да гісторыі пытаньня: беларуская мова ў опэрным тэатры рэдка была ў сапраўднай пашане, калі ня браць пад увагу арыгінальныя нацыянальныя опэры. У канцы 1920-х – на пачатку 1930-х гадоў Юльян Дрэйзін пераклаў на беларускую лібрэта “Сэвільскага цырульніка”, “Фаўста” й “Русалкі” Дворжака – спэктаклі па гэтых опэрах пасьпяхова ішлі на сцэне ў даваенны час, аднак пасьля вайны гэтыя варыянты лібрэта сталі незапатрабаванымі. Цяпер тэксты перакладаў Дрэйзіна ляжаць у архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

У часе вайны опэрнымі перакладамі займалася Натальля Арсеньнева: яна перастварыла па-беларуску “Кармэн”, “Яўгенія Анегіна”, “Чарадзейную флейту”, “Вольнага стралка”. Затым былі хіба толькі адзінкавыя спробы: Максім Танк рабіў пераклад “Страшнага двара” (опэра ішла па-беларуску пасьля вайны). Была “Галька” ў перакладзе Яўгена Міклашэўскага, некалькі перакладаў лібрэта зрабіла Сьвятлана Клімковіч… Опэрны пераклад гэтак і ня быў пастаўлены на прафэсійную аснову.

(Скарабагатаў: ) “Мы павінны працаваць на беларускай мове. Увогуле. А мова арыгіналу павінна быць, калі тэатар едзе на гастролі. Ну дык што: калі такая ўмова, дык, значыць, трэба й на мове арыгінала вучыць. І дзеля гэтага час ад часу паказваць спэктаклі на мове арыгіналу. Што да рускіх опэр, дык бессэнсоўна цяпер іх перакладаць на беларускую”.

Гэта гаварыў заслужаны артыст Беларусі, барытон Віктар Скарабагатаў. Нягледзячы на тое, што недзе зь сярэдзіны 1940-х гадоў большасьць замежных опэр у нас ставіцца па-расейску, бо так нібыта гэты від мастацтва робіцца больш даступным, Віктар Скарабагатаў вітае зьяўленьне новых беларускіх перакладаў.

Аднак вядомы перакладчык Васіль Сёмуха, які ў свой час перастварыў лібрэта “Фаўста” Гётэ й шэраг вакальных твораў, лічыць сёньня перакладаньне опэрных лібрэта на беларускую мову заняткам непэрспэктыўным. У Беларусі толькі адзін опэрны тэатар, які ў такіх перакладах, відавочна, не зацікаўлены. Між тым казаць пра тое, што беларуская мова можа ўскладніць успрыманьне опэры, не выпадае, лічыць Васіль Сёмуха.

(Сёмуха: ) “Опэру слухаюць не на дажынках, а ўсё ж такі ў опэрным тэатры. Публіка даволі спэцыфічная, абазнаная, няхай ня ў музыцы, але ўва ўсялякім разе ў культуры свайго часу й ранейшага часу. І яны разумеюць, пра што сьпяваюць Яўгеній й Тацяна”.

Музыказнаўца Вольга Брылон лічыць літаратурныя пераклады опэрных лібрэта на беларускую мову бессэнсоўным заняткам: у пасьляваенны час усе заходнія опэры ішлі па-расейску, публіка прызвычаілася да “Сердца красавицы”, “У любви, как у пташки крылья…” ды іншых расейскіх варыянтаў опэрных шлягераў. Да таго ж беларускі тэатар усё адно рана ці позна захопіць міжнародная тэндэнцыя – ставіць спэктаклі толькі на мове арыгіналу, бо гэта падвышае “экспартныя магчымасьці” трупы. А вось беларускія падрадковікі для лібрэта рабіць варта, лічыць спадарыня Брылон.

(Брылон: ) “Я лічу, што гэта ўжо ў нейкай ступені візытоўка тэатру. Такі бягучы радок абавязаны быць на беларускай мове, як абавязаныя быць тыя ж праграмкі на беларускай мове. Нават калі гэты спэктакль ідзе на мове арыгіналу ці на расейскай мове – усё адно праграмкі павінны быць. Гэта ж нашая спадчына, гэта ж наш самы галоўны дзяржаўны тэатар. І мне падаецца, што менавіта такая пастаноўка пытаньня мае сэнс. І гэта слушна, калі б такі бягучы радок быў на беларускай мове”.
XS
SM
MD
LG