Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізкаўсходні канфлікт: галасы з Бэйруту і Хайфы


Радыё Свабода На Блізкім Ўсходзе ў Ізраілі і Лібане працягваюцца баявыя дзеяньні. Ізраільская авіяцыя і флёт наносяць за суткі да 80 ракетных удараў па тэрыторыі Лібану, сотні ракетаў, выпушчаных экстрэмісцкай групоўкай “Хэзбала”з тэрыторыі Лібану, цаляюць у паўночныя раёны Ізраілю. Замежнікі тысячамі эвакууюцца зь Лібану. А мясцовыя жыхары – што ў Лібане, што ў Ізраілі – застаюцца ў сваіх дамох. Зь некаторымі зь іх размаўлялі нашыя карэспандэнты.

Яшчэ тыдзень таму прыморскі бульвар у Бэйруце поўніўся людзьмі, галоўнай тэмай размоваў быў адпачынак. Цяпер рэчаіснасьць тамтэйшага жыцьця іншая – сырэны , выбухі ад ракетаў, разбураныя дамы і трупы на вуліцах. Гаворыць Ібрагім Фархі, які працуе ў амэрыканскім ўнівэрсытэце ў Бэйруце:

(Фархі: ) У першыя некалькі дзён некаторыя мясцовыя жыхары выехалі ў Сырыю і Ярданію, паколькі гэта быў адзіны спосаб уратавацца. Але цяпер Бэйрут у аблозе і пакінуць яго ўсё цяжэй, хаця некаторыя й спрабуюць”.

Большасьць крамаў у горадзе зачыненая, назіраюцца перабоі з харчаваньнем.

(Фархі: ) “Я адчуваю, што знаходжуся ў турме. Я магу пайсьці на працу ці застацца дома, але не пакідае адчуваньне, што я ў аблозе, што я не магу нікуды ад’ехаць, адляцець ці адплысьці”.

Ібрагім Фархі гаворыць, што, у адрозьненьне ад Ізраілю, дзе пабудавана шмат бамбасховішчаў, у Лібане іх няма.

(Фархі: ) “Мы ня маем сховішчаў у Лібане. Некаторыя будынкі маюць падвалы, але адмысловых сховішчаў ад ракетных удараў у нас няма”.

З другога боку мяжы, у Ізраілі, падобная сытуацыя. Хайфа – трэці велічынёю горад Ізраілю. Па Хайфе і яе ваколіцах былі выпушчаныя сотні ракетаў. У горадзе зачыненыя порт, школы, большасьць крамаў і ўстановаў. Гаворыць Това Лазараф, мясцовая карэспандэнта газэты “Jerusalem Post”:

(Лазараф: ) “Большая частка крамаў зачыненая, аўтобусы ходзяць, але цяпер у іх езьдзіць менш людзей, чым звычайна, людзі сядзяць дома. Некаторыя зьехалі, але ня большасьць”.

Аднак, у адрозьненьне ад Бэйруту, у Хайфе людзі маюць магчымасьць хоць неяк хавацца ад ракетных удараў.

(Лазараф: ) “Людзі абсталёўваюць сховішчы ў сваіх дамох: такія пакоі з мэталічнымі дзьвярыма і ўмацаванымі вокнамі. Яны сядзяць там ці знаходзяцца непадалёк, каб можна было там хутка схавацца. Офісы маюць сховішчы, але яны невялікія, і таму людзі лічаць, што будзе лепш, калі яны будуць у сховішчах у сваіх дамох”.

Загінулых у Ізраілі падчас цяперашняга канфлікту менш, чым у Лібане. Эмір Махул – араб, які мае ізраільскае грамадзянства. Ён – на баку сваіх супляменьнікаў і асуджае дзеяньні Ізраілю ў Лібане:

(Махул: ) “У апошнія дні ў Хайфе абавязвае камэнданцкая гадзіна, на вуліцах нікога няма. Але нашыя сэрцы – ня ў Хайфе, яны на поўдні Лібану і ў Бэйруце, дзе адбываюцца сапраўдныя этнічныя чысткі і злачынствы. Мы не павінны рабіць уражаньне, што гэта вайна паміж бакамі, якія вінаватыя ў роўнай ступені”.

Сёньня Хайфа была зноў абстраляная з тэрыторыі Лібану.
XS
SM
MD
LG