Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс чакае Аляксандра Казуліна?


Уладзімер Глод, Менск (эфір 13 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: юрыст Валянцін Стэфановіч і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Уладзімер Глод: ) “Безумоўна, галоўнай падзеяй гэтага тыдня стаў суд над былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Я зьвярнуў увагу на тое, што пачатак гэтага судовага працэсу некалькі разоў адкладаўся. Афіцыйны бок тлумачыў: гэта робіцца таму, што трэба лепш падрыхтавацца да суду. Але тыя людзі, якія назіралі за судом, кажуць, што ён праводзіўся ў надзвычай высокім, хуткасным тэмпе. Спадар Валянцін, чаму так атрымліваецца, што спачатку доўга не пачыналі суд, а затым яго, як кажуць, пагналі на ўсю хуткасьць?”

(Валянцін Стэфановіч: ) “Тое, што працэс пераносіўся, дык сьледзтва тлумачыла гэта так: патрэбна ўдакладніць некаторыя моманты. Адпаведна Працэсуальна-крымінальнаму кодэксу сьледзтва можа, пры неабходнасьці, падаўжаць час расьсьледаваньня. А чаму далей так пагналі? Магчыма, гэта тычыцца палітычнага пляну гэтай судовай справы. Можа, гэта зьвязана з пачаткам саміту “вялікай васьмёркі”, працэс хацелі закончыць да пачатку сустрэчы ў Пецярбурзе”.

(Глод: ) “У першы дзень працэсу каля суду сабраліся некалькі соцень людзей, потым іх было ўсё менш і менш. А на трэці й чацьверты дзень у залі нават былі вольныя месцы. Дзе тыя людзі, якія павінны былі б падтрымаць Казуліна?”

(Уладзімер Падгол: ) “Я размаўляў з адным зь лідэраў казулінскай партыі — Уладзімерам Нісьцюком. Ён патлумачыў, што пытаньне падтрымкі разглядалася партыяй напярэдадні працэсу. І было вырашана не мабілізоўваць актывістаў. Магло б прыйсьці некалькі тысяч чалавек з партыі, з руху “Воля народу”, які таксама ўзначальвае Казулін. Але было вядома, што ля залі суду будзе велізарны хапун. Таму вырашылі, што такія ахвяры немэтазгодныя.

Хто мог прыйсьці на суд Казуліна і падтрымаць яго? Па-першае, родныя. Яны там былі. Па-другое, выкладчыкі дзяржунівэрсытэту, якім кіраваў Казулін. Іх няма. Тут усё зразумела — гэта запалоханыя людзі. Маглі б прыйсьці й сядзець у залі кіраўнікі ды актывісты апазыцыйных палітычных партыяў. Але гэта ўжо асобная гаворка”.

(Глод: ) “Спадар Стэфановіч, як вы думаеце, калі б да суду прыйшлі некалькі тысяч прыхільнікаў Казуліна, ці арыштавалі б іх?”

(Стэфановіч: ) “Мне падаецца, што ўсё залежыць ад таго, як гэтыя людзі сябе б паводзілі. Калі б яны проста прыйшлі, гэта адна сытуацыя. Калі б яны наважыліся зрабіць акцыю падтрымкі, дык людзей бы затрымлівалі. Бо ёсьць ужо мноства прыкладаў, калі затрымлівалі людзей на іншых судах — у справе Фінькевіча, Радзівіла... Гэта рабілася абсалютна беспадстаўна, але дачынна невялікай купкі людзей — так бы мовіць, засьвечаных актывістаў, якіх супрацоўнікі міліцыі добра ведаюць у твар. Іх прэвэнтыўна затрымліваюць, абвінавачваючы ў дробным хуліганстве. Але мне падаецца, калі б сапраўды прыйшлі некалькі тысяч чалавек, дык вельмі цяжка паверыць, што іх усіх затрымалі б”.

(Глод: ) “У шараговага апазыцыянэра, калі ён бачыць, што дэмакратычная супольнасьць ня можа падтрымаць нават свайго лідэра, натуральна, узьнікае сумнеў: а хто ж мяне абароніць? Ці ня так?”

(Падгол: ) “Я думаю, што прыкладам тут павінны быць кіраўнікі іншых апазыцыйных партыяў. Зь іхнага боку ўвесь час дэкляруецца палітычная салідарнасьць. Але паглядзім на рэаліі. Па сутнасьці, у суд прыйшоў толькі Анатоль Лябедзька. Ён сядзеў на лаве, больш за тое — выказаў жаданьне быць сьведкам на гэтым працэсе. Астатнія лідэры падышлі да ганку. Іх у залю не прапусьцілі, бо яны сапраўды падышлі даволі позна. Яны пакрасаваліся, раздалі інтэрвію — і ўсё. А Казуліну вельмі прыемна было б пабачыць і Мілінкевіча, і Вячорку, і Калякіна, і іншых. І можа так атрымацца, што калі будуць судзіць названых мной апазыцыйных лідэраў, дык будзе тая ж самая “салідарнасьць”. На жаль, такі прыклад палітычных лідэраў пераймаецца і іхнымі падначаленымі”.

(Глод: ) “Як вы думаеце: чаму ўлады ўсё ж пачалі гэты судовы працэс? Выбары адбыліся, вынікі вядомыя, Лукашэнка па-ранейшаму пры ўладзе... Можна, мабыць, было б спусьціць гэты працэс на тармазах”.

(Стэфановіч: ) “Усе выбарчыя палітычныя працэсы, а іх было 17, паступова завяршаюцца. З гучных справаў застаюцца толькі працэс “Партнэрства” па новых артыкулах Крымінальнага кодэксу ды справа маладафронтаўцаў, якая заведзеная па дзейнасьці незарэгістраваных арганізацыяў. І, як мне падаецца, калі справа пачалася, дык улады мусяць (хочуць яны гэтага ці не) давесьці яе да лягічнага заканчэньня — гэта азначае асуджэньня. Досьвед паказвае — найбольш жорстка караюцца тыя людзі, якія трапілі ў апазыцыйныя рухі з уладных структураў. Тут можна прывесьці прыклады Ганчара, Захаранкі, Чыгіра, Марыніча... Тое ж тычыцца й Казуліна, які быў рэктарам найбуйнейшага ўнівэрсытэту, меў нейкі час статус міністра. Гэты працэс насіў паказальны характар для іншых чыноўнікаў, каб яны ня мелі ніякага намеру далучацца да апазыцыйных рухаў. У такіх працэсах, як казулінскі, улады дзейнічаюць найбольш жорстка й паказальна, зьневажаючы гэтых людзей і адначасова паказваюць ім, што яны згубілі і што зь імі будзе”.

(Падгол: ) “Згадайце выбарчую прэзыдэнцкую кампанію, выступы Казуліна на тэлебачаньні. Лукашэнка выходзіць на трыбуну так званага Ўсебеларускага народнага сходу, дзе мусіць расказваць усёй краіне, усім выбарцам, якая квітнеючая будзе Беларусь. І раптам — велізарны кавалак свайго выступу ён прысьвячае палеміцы з Казуліным, абражаючы яго самым неверагодным чынам. Было відаць, што Казулін, што называецца, дастаў Лукашэнку, трапіў яму ў самае балючае месца. І гэты судовы працэс — гэта і помста свайму паплечніку былому, а потым здрадніку, з пункту гледжаньня Лукашэнкі: помста за абразы, як лічыць Лукашэнка, за тое, што Казулін сказаў праўду.

Казулін трапіў у жудасныя, неймаверныя жорны. І судовы працэс — толькі пачатак. Я думаю, што яго могуць давесьці да крайніх межаў і жыцьця, і псыхічнага стану. Гэты судовы працэс паказаў, што ў Казуліна ўжо бывае памежны стан, калі нельга гарантаваць ягонага здароўя”.

(Глод: ) “Дык ці сапраўды ў нас атрымліваецца так, што Лукашэнка перадусім, як сказаў Уладзімер Падгол, помсьціць тым, хто закрануў яго беспасярэдне, а толькі потым тым, хто закранае сыстэму ўлады? Спадар Стэфановіч, вы з гэтым пагаджаецеся?”

(Стэфановіч: ) “Я пагаджаюся, паколькі ў нашай краіне палітыка надзвычай пэрсаніфікаваная. І Лукашэнка шмат што ўспрымае менавіта як асабістую абразу”.

(Глод: ) “Што будзе далей з Аляксандрам Казуліным? Як ён будзе сябе паводзіць? Давайце паспрабуем спрагназаваць сытуацыю”.

(Падгол: ) “Уваходжаньне Казуліна ў вялікую палітыку практычна да прэзыдэнцкіх выбараў суправаджалася адкрытым абвінавачаньнем Казуліна ў тым, што ён супрацоўнік ФСБ альбо агент Масквы, які скіраваны разбурыць беларускую апазыцыю, ці хітры намэнклятурнік, якому не ўдалося зрабіць кар’еру ва ўладным стане і які хоча зрабіць яе ў стане апазыцыі. Татальна нэгатыўная крытыка ішла ад лідэраў і актывістаў усіх апазыцыйных палітычных партыяў неказулінскага кшталту, у тым ліку і Міколы Статкевіча. І толькі пару апошніх месяцаў барацьбы было нэўтральнае стаўленьне, ды яно часам суправаджалася крытыкай Казуліна — як ворага апазыцыі й ворага дэмакратыі. Больш ніхто яму станоўчага іміджу не рабіў. Дык якім чынам стаць з патэнцыйнага здрадніка, патэнцыйнага ворага ён зрабіўся б героем?

Па-другое, Казулін — абсалютна наіўны і неадукаваны чалавек у палітыцы. Чаго вартае ягонае публічнае хадайніцтва ў судзе, калі ён публічна заявіў, а ўсе мэдыі пра гэта паведамілі, што хадайнічае пра правядзеньне псыхіятрычнай экспэртызы... для сябе. Па сутнасьці, гэта можа быць трагічнай канцоўкай лёсу Казуліна на палітычным полі Беларусі. І ён сам даў гэтаму старт”.

(Стэфановіч: ) “Самае сумнае было б і для яго, і для ўсіх, калі ён пасьля таго, як пакіне турэмныя нары, апынецца ў забыцьці. І ягоная кар’ера як палітычнага дзеяча на гэтым скончыцца. Прыклады ж такія ёсьць: і Чыгір, і Марыніч, і іншыя людзі, якія адбылі пакараньне, а затым зьнікалі з палітычнага жыцьця. І натуральна, што ходу назад у іх ужо таксама няма, ніхто іх назад ня возьме. Таму гэта пэўная чалавечая трагедыя. Але давайце пачакаем — калі ў яго хопіць імпэту, хопіць жаданьня, думаю, што Казулін знойдзе сабе пэўную палітычную нішу”.
XS
SM
MD
LG