Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адновяць расьсьледаваньне зьбіцьця журналіста Алега Ўлевіча?


Радыё Свабода, Менск Пракуратура Менску адмяніла пастанову аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы, зьвязанай са зьбіцьцём супрацоўніка “Комсомольской правды в Белоруссии” Алега Ўлевіча падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі. У лісьце, які атрымаў журналіст з пракуратуры, гаворыцца, што такое рашэньне прынялі “ў сувязі зь непаўнатой расьсьледаваньня і неабходнасьцю дадатковых сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў”.

Вось як Алег Улевіч пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Улевіч: ) “Безумоўна, гэта аптымістычная для мяне навіна. Я спадзяюся, што знойдуць тых людзей, якія зрабілі гэты ўчынак. Гэта было 2 сакавіка. Я тады прыехаў да будынку РУУС Кастрычніцкага раёну Менску, каб высьветліць, што будуць рабіць з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным, таму што яго затрымалі ў ДК чыгуначнікаў, калі ён спрабаваў зарэгістравацца ўдзельнікам Усебеларускага сходу. Была інфармацыя, што яго вельмі моцна зьбілі. І, натуральна, грамадзкасьць цікавілася абставінамі гэтага зьнікненьня. І я зьбіраў інфармацыю. Але раптоўна выйшлі людзі з РУУС і пачалі ўсіх, хто стаяў ля гэтага будынку, зьбіваць і кідаць у аўтобусы. Адзін зь людзей у цывільным вельмі моцна ўдарыў мяне ў твар, яшчэ раз потым у галаву, па нырках разы тры-чатыры… Я папрасіў, каб мне выклікалі хуткую, бо вельмі дрэнна сябе адчуваў, траціў прытомнасьць. Забралі мяне ў 9-ы клінічны шпіталь. Там я праляжаў больш як тыдзень і яшчэ потым тыдні два быў на амбуляторным лячэньні.

У часе сьледзтва справу перасылалі некалькі разоў з РУУС Маскоўскага раёну ў Маскоўскую пракуратуру, потым зноў у РУУС, потым ва ўпраўленьне дазнаньня папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму. І вось у гэтым упраўленьні справу закрылі. Я напісаў тады скаргу. Вельмі шмат было сьведкаў. Таму, калі сьледзтва сапраўды зацікаўленае ў аб’ектыўным расьсьледаваньні, ня будзе ніякіх праблемаў, як я думаю, знайсьці вінаватых”.

Як паведаміў Алег Улевіч, пракуратура Менску зноў накіравала ягоную справу ва ўпраўленьне дазнаньня ГУУС Менгарвыканкаму.
XS
SM
MD
LG