Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым пісалі ў школе


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Дай сёньня першаклясьніку драўляную асадку, якой пісалі ў школе ягоны дзед і бабуля, ён наўрад ці здагадаецца, што гэта такое. Асадак тых ужо даўно няма ў продажы. А ў наш час яны каштавалі дзьве капейкі і былі самых розных колераў. Хлопцы пры гэтым выбіралі колеры халоднай часткі спэктру: чорныя, зялёныя. Жоўтымі ці чырвонымі пісалі дзяўчаткі.

У асадку ўторквалі пяро “зорачка”. Іншымі пёрамі карыстацца забаранялася. У пачатковых клясах пісаць даводзілася з націскам. Ад той пары запомніліся спэцыфічныя словы: валасяны пераход і таўшчынка. “А таўшчынка?! Дзе ў цябе таўшчынка?!” – гукала над вухам настаўніца на ўроках чыстапісаньня.

Трэці кампанэнт пісьмовых прыладаў – чарніліца. Яе называлі невылівайкай. Напачатку яны былі скрозь шклянымі, а потым зьявіліся і фаянсавыя. Кожны мусіў прынесьці ў школу такую невылівайку. Чарніліцы стаялі ў шафе, і перад заняткамі дзяжурны ставіў кожнаму на парту ягоную. Знаходзіліся пракуды, якія падсыпалі ў чарніла цукар, і тады яно пачынала “цягнуцца”, пакідаючы ў сшытках дробныя кляксы. А то й кідалі ў чарніліцу кавалкі прамакаткі, што гарантавала вялікія кляксы. Таму многія дзяўчаткі сталі насіць у школы свае чарніліцы. У партфэлі іх класьці не выпадала – чарніла магло праліцца, таму для іх шылі невялічкія торбачкі. Яны зацягваліся даўгой аборкай, якую прывязвалі да ручкі партфэля.

У трэцім, здаецца, клясе перайшлі з “зорачкі” на “шышачку”. Гэта было пяро зь белага мэталу, якое пісала бяз націску і мела пукаты, падобны да шышкі, таварны знак. Настаўніца спачатку забараняла ім пісаць, але потым махнула рукой.

Неўзабаве, з ініцыятывы Міністэрства народнай адукацыі, дазволілі пісаць чарнільнымі самапіскамі. Але ня ўсякімі. “Толькі з адкрытым пяром!” – шматкроць, з інтанацыяй лёгкай панікі папярэджвалі настаўніцы. Тою парою мы, шкаляры, любілі вызначаць: у каго лепшая самапіска. Самымі шыкоўнымі лічыліся кітайскія, з залатымі пёрамі. Зрэшты, з маўклівай згоды настаўніц неўзабаве перайшлі на асадкі з закрытым пяром. Памятаю, бацькі падаравалі мне на дзень нараджэньня шыкоўную асадку коштам 2 рублі 20 капеек. Пакарыcтаўся ёю толькі адзін дзень. Ідучы са школы, сталі барукацца з адным ёлупнем, бацькоўскі падарунак трэснуў і запэцкаў школьны пінжак.

А ў восьмым клясе, без усялякага дазволу, усе гамузам сталі пісаць шарыкавымі асадкамі. Яны так імкліва ўвайшлі ў наша жыцьцё, што сёньня здаецца: імі заўсёды пісалі ў школе.
XS
SM
MD
LG