Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ад Аляксандра Лукашэнкі — беларускага прэзыдэнта, які з афіцыйным трохдзённым візітам прыбывае ў Парыж, — адчувальна патыхае серай” (1996)


Падрыхтаваў Дзьмітры Падбярэскі Беларускія газэты 18 ліпеня ў розныя гады.

“Беларуская крыніца”, 1926 год:

“Шмат каго інтэрэсуе, што павінны сьведамыя беларусы казаць пры прывітаньні і разьвітаньні. Вось-жа спатыкаючыся беларус найчасьцей кажа: як маесься, як маецеся, як здароўе, здароў і г.д. Часам гаворыцца: добры дзень, добры вечар, а ідучы спаць кажуць: добрай ночы. Пры разьвітаньні беларусы найчасьцей гавораць: аставайцеся здаровыя. На гэта адказваюць: бывайце здаровыя, або: з Богам, шчасьліва і г.д. Цяпер пры разьвітаньні пачалі ўжываць слова: да пабачэньня”.

“ЛіМ”, 1936 год:

“Дзіўна толькі, што ў Белдзяржвыдавецтве ў гэты час спакойна сядзяць бракаробы, якія працягваюць выпускаць масавы брак і ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Тут бракаробы настолькі ўжо атупелі, што яны не звяртаюць ніякай увагі не толькі на ўзросшыя патрабаванні мас, але нават і на абурэнне гэтых мас… Тэхнічнае афармленне жудаснае. Аб мастацкім афармленні і гутаркі не можа быць, таму што яго няма. Ёсць абураючая мазня, якую ў Белдзяржвыдавецтве прынята называць “мастацкае афармленне”.

“Свабода”, 1996 год. Журналістка “Figaro” Ляўра Мандэвіль з нагоды візыту Аляксандра Лукашэнкі:

“Ягоны позірк кобры гіпнатызуе натоўп. Ягоныя дыктатарскія метады прымушаюць замаўчаць парламент і прэсу. Ягонае захапленне Гітлерам хвалюе Захад. Ад Аляксандра Лукашэнкі — беларускага прэзыдэнта, які з афіцыйным трохдзённым візітам прыбывае ў Парыж, — адчувальна патыхае серай”.
XS
SM
MD
LG