Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну зачытаў прысуд невядомы чалавек


Алег Грузьдзіловіч, Менск Высьветліліся падрабязнасьці таго, як Аляксандра Казуліна азнаёмілі з прысудам, які вынес 16 ліпеня судзьдзя Аляксей Рыбакоў. Сёньня ж у судзе Заводзкага раёну Менску адхілілі чарговую скаргу адвакатаў Казуліна.

18 ліпеня судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Алег Зямцоў не задаволіў чарговай скаргі адвакатаў Аляксандра Казуліна. Абаронцы былога кандыдата на прэзыдэнта дамагаліся адмены пастановы пракуратуры, якая не завяла крымінальнай справы на супрацоўнікаў “Алмазу”, што арыштоўвалі й канваявалі Аляксандра Казуліна 25 сакавіка. Паводле адваката Ігара Рынкевіча, алмазаўцы абражалі Казуліна й траўмавалі яму рукі кайданкамі.

(Рынкевіч: ) “Кайданкі яму надзелі, заламаўшы рукі за сьпіну. Потым мэдэкспэртыза паставіла яму дыягназ “гіпэрэмія” — гэта калі пераціснутыя рукі й кроў доўгі час не ішла”.

У пракуратуры, аднак, палічылі, што за гэтыя дзеяньні ніхто ня мусіць адказваць.

Дарэчы, гэта ўжо другая спроба абаронцаў Аляксандра Казуліна аспрэчыць рашэньні пракуратуры адносна дзеяньняў міліцыянтаў супраць былога кандыдата на прэзыдэнта. Першая скарга ў суд Маскоўскага раёну Менску таксама была адхіленая. Цяпер адвакаты Казуліна зьбіраюцца зьвярнуцца са скаргамі на пракуратуру ў Менскі гарадзкі суд.

Сёньня адвакат Ігар Рынкевіч сустракаўся з Аляксандрам Казуліным у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе дагэтуль трымаюць палітыка. Адвакат паведаміў, што Казуліну сталі балець вочы і ён зьвярнуўся па дапамогу да турэмных лекараў. У астатнім былы кандыдат на прэзыдэнта пачуваецца нядрэнна, ні на што ня скардзіцца, паведаміў адвакат.

Ігар Рынкевіч распавёў таксама падрабязнасьці таго, як 16 ліпеня Казуліна азнаёмілі з вынесеным яму прысудам. Нагадаем, у апошні дзень працэсу палітык адмовіўся падняцца, калі ўвайшоў судзьдзя, і яго выдалілі з залі. Урэшце судзьдзя Аляксей Рыбакоў зачытаў прысуд у прысутнасьці адвакатаў і дыплямата. Сёньня ад Аляксандра Казуліна стала вядома, што праз гадзіну азнаёмілі з вэрдыктам суду і яго, але зрабіў гэта нейкі невядомы малады чалавек.

(Рынкевіч: ) “Судзьдзі не было, было восем міліцыянтаў, сакратар і нейкі малады чалавек, будзем лічыць яго супрацоўнікам суду. І за гадзіну яму зачыталі прысуд. Ён у гэты час ляжаў на лаве падсудных”.

Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў, што паспрабуе высьветліць, хто той малады чалавек, які зачытаў прысуд Аляксандру Казуліну.

Паводле Ігара Рынкевіча, на гэтым тыдні ў Менскі гарсуд будзе накіраваная скарга на прысуд, вынесены судзьдзём Аляксеем Рыбаковым з Маскоўскага райсуду. Нагадаю, Аляксандра Казуліна пакаралі пяцьцю з паловай гадамі зьняволеньня за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Ён назваў прысуд помстай за крытыку Аляксандра Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG