Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: трынаццаты дзень галадоўкі


Радыё Свабода Трынаццаты дзень у Берасьці працягваюць галадоўку 13 уладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць спагнаньня рэспубліканскага збору за выкарыстаньне транспартных сродкаў у прадпрымальніцкай дзейнасьці з уладальнікаў аўтамабіляў, увезеных у Беларусь да 2004 году.

У службе мэдычнай дапамогі Берасьця я пацікавіўся, ці не зьвярталіся да лекараў удзельнікі галадоўкі. Нагадаю, што першыя з галадоўнікаў амаль два тыдні таму заявілі, што адмаўляюцца ад ежы. У службе 03 на пытаньні адказвала Алена Дудзік:

(Дудзік: ) “Мы ўвогуле пра гэта першы раз чуем. Калі ў каго ёсьць хранічныя захворваньні, то абавязкова нешта б абвастрылася. У нас чатыры зьмены, але ніхто не паведамляў пра выклікі”.

Дзеля чаго рызыкуюць сваім здароўем берасьцейскія ўладальнікі так званых бусаў — замежных мікрааўтобусаў для перавозкі пасажыраў?

Яшчэ 25 сакавіка 2004 году зьявіўся ўказ прэзыдэнта аб адмысловым зборы з аўтамабіляў, якія былі ўвезеныя з-за мяжы для камэрцыйных мэтаў. Як вынікала з дакумэнты, указ не распаўсюджваўся на маршрутныя таксі, увезеныя ў папярэднія 2002 і 2003 гады. Але іхныя ўладальнікі таксама пачалі атрымліваюць усё большыя рахункі з падатковай інспэкцыі. Ад самага пачатаку сытуацыю з галадоўкай адсочвае берасьцейскі журналіст Юры Шапран:

(Шапран: ) “Уключаючы пэню і асноўную пазыку ад моманту дзеяньня ўказу, усё гэта складала ў сярэднім на кожнага ўладальніка маршрутнага таксі ад 20 да 30 мільёнаў рублёў. А хто, скажам, увёз два мікрааўтобусы, то сумы даходзяць да 80 мільёнаў рублёў”.

Нагадаю, што галадоўка ў Берасьці пачалася пасьля таго, як Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адхіліў скаргі прадпрымальнікаў. Сёньня ўдзельнікі акцыі гавораць пра больш аптымістычныя зьвесткі. Са словаў Любові Лаўруковіч, вызначальнае рашэньне можа мець сустрэча ў Берасьцейскім аблвыканкаме:

(Лаўруковіч: ) “Яны кажуць, што “мы для вас ўсё зрабілі”. Яны зьвярнуліся да віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова. Сёньня нам ліст аддалі, падпісаны ім. Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства юстыцыі зьвярнуліся ў Савет Міністраў. У сваю чаргу Саўмін — да прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “Ці варта ў такім разе працягваць галадоўку?”

(Лаўруковіч: ) “Галадаваць будзем да таго часу, пакуль падпішуць гэты дакумэнт. Мы ўжо маем прэцэдэнт, калі пытаньне ніяк ня вырашылася”.

Упершыню берасьцейскія таксісты правялі акцыю пратэсту летась у верасьні. Галадоўка доўжылася больш за тыдзень і спынілася пасьля таго, як улады паабяцалі не спаганяць рэспубліканскі збор з уладальнікаў маршрутак, якія былі ўвезеныя таго, як указ прэзыдэнта набыў моц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG