Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вырашаюць, як прадаваць “Белтрансгаз” Расеі


Радыё Свабода Сёньня па абедзе ў Менску пачалося першае паседжаньне працоўнай групы дзеля вызначэньня кошту “Белтрансгазу” з мэтай ягонага акцыянаваньня расейскім газавым манапалістам. У перамовах удзельнічаюць ня толькі эканамісты “Газпрому”, але і прадстаўнікі нідэрляндзкага банку “ABN AMRO”. Беларусь пагадзілася на прыцягненьне незалежнай кампаніі-ацэншчыка пасьля таго, як Расея заявіла пра падвышэньне з 2007 году кошту газу да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Беларускую дэлегацыю на трохбаковых перамовах узначаліў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Сёньня і заўтра экспэрты будуць займацца выпрацоўкай мэтадалёгіі разьлікаў пры ацэнцы актываў “Белтрансгазу”. Генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Дзьмітры Казакоў назваў сёньняшнюю сустрэчу “рэкагнасцыроўкай для выпрацоўкі агульных падыходаў для ацэнкі кошту газатранспартнага прадпрыемства”. Такім чынам, нейкіх канкрэтных вынікаў пакуль не чакаецца. Пра зыходныя пазыцыі ў часе перамоваў і ў “Газпроме”, і ў “Белтрансгазе” гаварыць ня сталі, таксама адмовіліся і ад дачасных камэнтароў.

Дзьмітры Казакоў раней казаў, што Беларусь настойвае на рыначным кошце “Белтрансгазу”, прэм’ер Сяргей Сідорскі нават называў канкрэтны кошт — 5 мільярдаў даляраў. Расея хацела купіць “Белтрансгаз” па балянсавым кошце альбо паклікаць незалежнага ацэншчыка. Але толькі пасьля апошніх заяваў аб падвышэньні кошту газу больш як у чатыры разы Беларусь пагадзілася на гэта. Незалежным ацэншчыкам вызначаны галяндзкі банк “ABN AMRO”. Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Беларусі Андрэй Жукаў:

(Жукаў: ) “Вызначаліся, каб гэта задавальняла “Газпром” і нас задавальняла. Гэты банк актыўна працуе з “Газпромам”. У нас, у прынцыпе, нейкіх пярэчаньняў да яго няма”.

Спадар Жукаў не чакае, што актывы “Белтрангазу” будуць хутка ацэненыя, але спадзяецца на пазытыўны вынік да канца году — у прыватнасьці, чакае, што абодва бакі пагодзяцца з вынікамі незалежнай ацэнкі.

(Жукаў: ) “Ужо ёсьць меркаваньні, што павінна быць нармальна”.

Незалежны менскі эканаміст Валеры Дашкевіч больш стрыманы ў ацэнцы пэрспэктываў прыватызацыі “Белтрансгазу”:

(Дашкевіч: ) “Яшчэ ня факт, што пасьля таго, як галяндзкі банк вынесе сваю ацэнку, Беларусь пагодзіцца зь ёю. Гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае, мякка кажучы. Таму я думаю, што гэты працэс будзе вельмі доўгі. Хаця да канца году, калі прыйдзе час падпісваць дамову, абодва бакі будуць лагаднейшыя — і беларускі, паколькі цана на газ хвалюе, і расейскі, паколькі трэба будзе падпісаць кантракт на транзыт газу”.

Валеры Дашкевіч мяркуе, што продаж “Белтрансгазу” Расеі не выратуе Беларусь ад высокага кошту на газ, праз год-два Расея зноў запатрабуе рынкавай цаны, як гэта сталася з Малдовай, якая раней прадала свае газаправоды Расеі, а цяпер купляе газ за 160 даляраў за тысячу кубамэтраў.

* * * Нагадаем, што яшчэ ў 2002 годзе Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне, паводле якога Беларусь абавязалася прадаць “Белтрансгаз” “Газпрому”, а Расея – пастаўляць Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах. Да 2004 году “Газпром” выконваў гэтыя абавязкі, але бакі не сышліся ў цане: расейскі газавы манапаліст быў гатовы купіць “Белтрансгаз” па балянсавым кошце – 600 мільёнаў даляраў; на думку беларускага боку, нацыянальная газатранспартная сыстэма каштуе 2 мільярды даляраў. Гэтыя спрэчкі сталі прычынай шэрагу крызісаў у двухбаковых адносінах, у прыватнасьці канфлікту ў лютым 2004 году, калі Расея на кароткі час цалкам спыніла пастаўкі газа ў Беларусь і празь Беларусь.

Мяркуецца, што галяндзкі банк дасьць незалежную ацэнку кошту “Белтрансгазу”.
XS
SM
MD
LG