Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турфірмам давядзецца адказваць за “імпарт” птушынага грыпу


Радыё Свабода Усьлед за Міністэрствам спорту і турызму інспэктаваць беларускія турыстычныя фірмы зьбіраецца Міністэрства аховы здароўя. Плянуецца ажыцьцявіць кантроль ведаў турапэратараў у вельмі спэцыфічнай галіне – супрацоўнікаў агенцтваў будуць экзамэнаваць у пытаньнях інфэкцыйных і эпідэміялягічных захворваньняў, якія падчас адпачынку можна прывезьці з-за мяжы.

Як кажуць у Міністэрстве аховы здароўя, гарачае надвор’е спрыяе зьніжэньню імунітэту чалавека і распаўсюду неўласьцівых для Беларусі хваробаў. Паведамляецца, што эпідэміёлягам сёлета ўжо давялося сутыкнуцца з выпадкамі завезенага з поўдня “украінскага адзёру”. Прычым, гаворка пра некалькі дзясяткаў чалавек, якія тэрмінова мусілі прайсьці курс вакцынацыі. Апроч таго, сярод патэнцыйна імпартаваных хваробаў можа апынуцца малярыя, брушны тыфус і нават сумна знакаміты птушыны грып. Таму асабліва пільна будуць інспэктавацца фірмы, якія прапануюць адпачынак у экзатычных мясьцінах – перадусім, у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Супрацоўнік аднаго з турыстычных агенцтваў Аляксей Крапівін вымушаны прызнаць, што той кірунак насамрэч робіцца ўсё больш прывабным сярод беларускіх турыстаў.

(Крапівін: ) “Не такі ўжо ў нас бедны народ, паводле досьведу сваіх падарожжаў ведаю. Што тычыцца асабліва Тайлянду, то вельмі многія там адпачынак дазволіць сабе могуць; гэта ўсё адносна нядорага. Шры-Лянка пакуль ня так папулярная. Калі я туды лятаў, то нам казалі, што мы дзесьці 16-я зь Беларусі. А цяпер, ведаю, і там адпачынак набірае абароты, хоць Шры-Лянка, Інданэзія, уся гэтая акруга насамрэч крыху даражэйшая. Ужо і Віетнам да гэтай кампаніі вельмі актыўна далучаецца”.

Між тым, спадар Крапівін ня ведае пра выпадкі заражэньня турыстаў інфэкцыйнымі захворваньнямі. І ўдакладняе, што ў большай ступені даводзіцца засьцерагацца стыхійных бедзтваў – землятрусаў ці цунамі.

Адным з праблемных для эпідэміёлягаў усяго сьвету рэгіёнам ёсьць Афрыка. Менавіта тут найбольшая верагоднасьць падчапіць “букет” з самых розных хваробаў. Аднак – не хаваюць радасьці і ў Міністэрстве аховы здароўя, і ў саміх турыстычных кампаніях – грамадзянаў Беларусі ў экватарыяльных частках “чорнага” мацерыка амаль няма. Выключэньнем – беларусы, якія працуюць у афрыканскіх краінах паводле кантрактаў. Перадусім гэта тычыцца лётчыкаў, якія, ня маючы працы ў Беларусі, мусяць згаджацца на самыя рызыкоўныя прапановы. Рэдкі з пілётаў, які вяртаецца на радзіму, не перахварэў на малярыю. Ёсьць і трагічныя выпадкі – пазалетась у Гародню прывезьлі лётчыка, які памёр ад малярыі ў Танзаніі. Жыхарка Менску Алена Салаўёва расказвае жарсьці, пачутыя ад бацькі, які працуе ў Конга.

(Салаўёва: ) “Там ёсьць мангавая муха. Прыкладам, памыў адзеньне, павесіў на вуліцы сохнуць. Кашуля можа павісець толькі 5 хвілінаў, але калі побач пралятала гэтая муха і села на кашулю, яна там пакідае сваю лічынку. І калі той кавалачак, дзе сядзела муха, не адпрасаваць, гэтыя лічынкі трапляюць пад скуру і пачынаюць знутры “зьядаць” чалавека. Зьнешне быццам нармалёва, але рана ці позна ў целе зьявіцца дзірка. Расказваюць, што гэта вельмі страшна, бо адразу ж па жывому даводзіцца выразаць кавалкі мяса”.

Правесьці эпідэміялягічны “лікбез” сярод супрацоўнікаў турфірмаў Міністэрства аховы здароўя вырашыла, не чакаючы падобных жарсьцяў. Праўда, пра наступствы для турагентаў у выпадку “правалу” іспытаў не паведамляецца.
XS
SM
MD
LG