Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акадэмік Кадыраў: “Беларусь ужо стараціла мільён тонаў збожжа”


Радыё Свабода Сёлета у сельскай гаспадарцы Беларусь будзе мець вялікія страты. Паводле дадзеных Інстытуту земляробства й сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук, з-за гарачага надвор''я страчаны адзін мільён тон збожжа. Каб пазьбегчы горшых наступстваў, у паўднёвых рэгіёнах ужо сёньня мусяць пачаць жніво.

На Берасьцейшчыне зерне ў коласе ўжо не наліваецца, а ўсыхае. Са словаў галоўнага агранома Маларыцкага раёну Вячаслава Федзюковіча, перадусім збожжа даводзіцца сіласаваць.

(Федзюковіч: ) “Тры гаспадаркі на сёньня жнуць. Гэта тыя гаспадаркі, якія маюць плюшчылкі для здрабненьня зерня й сховішчы для захоўваньня гэтага кансэрваванага корму”.

Паводле Вячаслава Федзюковіча, умовы ўліку збожжа ў Беларусі цяпер такія, што зерне, якое трапляе не ў сьвіран, а ў сіласную яму, не псуе статыстыку ўборачнай кампаніі. “Можна мець мала чыстага зерня, але быць ударнікам жніва”, – так кажуць у народзе . Са словаў акадэміка Міхаіла Кадырава, сёлета многія гаспадарнікі наважыліся на тэхналёгію кансэрваваньня збожжа.

(Кадыраў: ) “На вялікіх плошчах гэта будзе ўпершыню. Проста яны палохаюцца, што гэтае зерне... Па-першае, там ураджай невысокі, па-другое, калі далей сьпёка будзе працягвацца, то гэтае зерне зусім загіне. А так яны хоць пакладуць яго ў яму”.

Акадэмік Міхаіл Кадыраў. узначальвае Інстытут земляробства й сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук. Штогод менавіта гэтая ўстанова першай агучвае афіцыйныя прагнозы. Пасьля лічбы даводзіць на сэлектарнай нарадзе прэзыдэнт і патрабуе ня меншага выніку. Такім чынам, чаго чакаць сёлета? Ізноў гаворыць Міхаіл Кадыраў.

(Кадыраў: ) “Плянавалі больш як 7 мільёнаў тон збожжа, а зьбяром – ня больш як 6 мільёнаў. Калі вельмі высокія ўраджаі былі для рэспублікі, то жніво пачыналі 1-3 жніўня. А ўвесь ліпень зерне яшчэ налівалася. А калі такое раньняе жніво – у сярэдзіне ліпеня – то гэта само па сабе зьяўляецца першай прыкметай ня самага ўраджайнага году”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, самы высокі ураджай збожжа быў у 2004 годзе, ён перавысіў 7 мільёнаў тон. А сёлета яшчэ ў чэрвені беларускія чыноўнікі заяўлялі пра намер сабраць 8 мільёнаў тон.
XS
SM
MD
LG