Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Казуліну працягваюць абмяркоўваць у Нямеччыне


Радыё Свабода З асуджэньнем выраку выступіў нямецкі ўрад. Як вынікае з заявы МЗС ФРГ, судовы працэс, за якім сачыла нямецкая амбасада ў Беларусі, "не адпавядаў прынятым міжнародным стандартам і меў ярка палітычны характар". Фэдэральны ўрад Нямеччыны патрабуе "неадкладна вызваліць спадара Казуліна ды іншых палітычных вязьняў у Беларусі". Такія ж патрабаваньні выказваюць і звычайныя нямецкія грамадзяне – наведнікі інтэрнэт-сайту belarusnews.de.

Як лічыць большасьць удзельнікаў форуму "Пяць з паловай год для Казуліна", "гэты прысуд ёсьць ударам па агульным разуменьні законнасьці". Некаторыя наведнікі сайту таксама палемізуюць, якім бы мог быць вырак у юрыдычна цывілізаванай краіне.

"Юрыдычна Лукашэнка выдатна застрахаваў сябе. Ён можа прызначаць судзьдзяў, можа “папраўляць“ законы, дараваць амністыю зьняволеным", – лічаць наведнікі нямецкага інтэрнэт-сайту belarusnews.de, камэнтуючы судовае пакараньне былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

І ўсё ж... Які б вэрдыкт вынесла нямецкае правасудзьдзе ці правасудзьдзе іншай краіны ЭЗ, калі б падобнае адбылося не ў Беларусі, а ў дэмакратычнай дзяржаве? Прыкладна такое пытаньне задае Бэргі і некаторыя іншыя ўдзельнікі форуму.

Паводле Бэргі, ён бачыў менскія дэманстрацыі, у тым ліку тую акцыю, у часе якой быццам бы прагучаў казулінскі заклік да штурму турмы.

“Я цяпер у Аўстрыі і ўсе гэтыя тры дні задаю сабе пытаньне… Ангельскі пісьменьнік атрымаў год турмы за тое, што ён паставіў пад сумнеў Галакост, газавыя камэры Трэцяга рэйху... З поўнай адказнасьцю кажу: такія выпадкі ў нашым грамадзтве сапраўды караюцца”, – перакананы Бэргі.

У працяг разважаньняў адзін з наведнікаў сайту нават зьвяртаецца непасрэдна да нямецкай судовай практыкі: заклік да зьвяржэньня ўлады ў адпаведнасьці з артыкулам нямецкага Крымінальнага кодэксу караецца пазбаўленьнем волі ад 1 да 10 гадоў.

"Ці ёсьць у вас факты і паказаньні сьведкаў, што Казулін сапраўды заклікаў да штурму турмы? – палемізуе з апанэнтамі спадар з Леонбэргу. – Ці можаце вы назваць прыклады, дзе і калі ў падобных выпадках выкарыстоўваўся гэты артыкул. У Нямеччыне пяцьцю гадамі караюць за забойства", – піша леонбэржац.

Удзельнік форуму таксама папракае нямецкіх журналістаў за іхную некарэктнасьць у тагачасных паведамленьнях: "заклікаць ісьці да турмы” зусім не азначае "заклікаць ісьці на штурм турмы”.

Некаторыя нямецкія ўдзельнікі дыскусіі мяркуюць, што Казулін добра ўсьведамляў сабе, на што ішоў. “Гэта ёсьць барацьба за свабоду, супраць таталітарызму. Магчыма, дзеля гэтага і варта адседзець у турме...”

На нямецкім інтэрнэт-сайце belarusnews.de можна ўбачыць і такі заклік: "Свабоду Беларусі, свабоду Казуліну!" "Той, хто ведае Беларусь, хто не сьляпы і не глухі, разумее, што ў краіне няма свабоды, а ёсьць галеча. Людзі атрымліваюць невысокія заробкі, яны выціснутыя, як лімон", – піша адзін з удзельнікаў форуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG