Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 17 ліпеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

Прывітаньне! “Начная аблога” расчыняе для вас свае абдымкі: навіны, паведамленьні, выказваньні дня.

Галоўныя падзеі ў сьвеце ў мінулыя выходныя: Блізкі Ўсход, саміт у Санкт-Пецярбурзе і фэст этна-музыкі “Вольнае паветра”. Пачнем з найбліжэйшага да нас. Melisa ў гасьцёўні сайту Тузін Гітоў адзначае: “Вялікі дзякуй арганізатарам!!! :) Усё з абяцанага — і цудоўны гук, і добрая сцэнічная пляцоўка, і выдатнае асвятленьне, і найлепшыя выканаўцы, – было. І нават зусім нечакана зьявіўся мой самы любімы сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч!!! А яшчэ нас частавалі смачнай вячэрай. Былі падрыхтаваны месцы і дровы для вогнішчаў, бакі для сьмецьця, былі нават біяпрыбіральні. Было, канечне, адно “АЛЕ”: бясконцы даволі моцны дождж на працягу ўсяго фэсту, але нават ён ня здолеў зьнішчыць наш добры настрой і пачуцьцё сьвята”.

У форуме сайту studenty.by чалавек пад нік-нэймам svaboda пахваляецца: “А я ведаю, як даехаць да “Басоў” на аўтобусе туды-назад за 29$ для студэнтаў і 35$ для ўсіх астатніх. Пішыце ў прыватныя паведамленьні”.

На сайце фан-клюбу гурту “N.R.M. зьявіўся канцэртны запіс новай песьні “Менск і Мінск”. А ў форуме можна азнаёміцца з тэкстам і пабачыць акорды. Наведнік Ікс адазваўся запісам: “Песьня проста-такі гімн свабоднага Менску”.

На форумах парталу tut.by y падразьдзеле "Палітыка" нехта Pessimist робіць выснову: “Няма чаго было ліванцам “Хэзбале” волю даваць... Калі заўтра з кітайскай тэрыторыі на Хабараўск ракеты паляцяць — будзеце клапаціцца аб мірных кітайцах? У Чачні за гады канфлікту загінула каля 70 тысяч чалавек, далёка ня ўсе яны баевікі... Расейская армія бамбіла Грозны — гэта нармальна? Але чачэнцы Піцер ракетамі не абстрэльвалі…”

Скончу прагнозам надвор’я, які ў якасьці жарту прыводзіць аўтарка пад мянушкай Stopka ў сваім інтэрнэт-дзёньніку ЖЖ: “Добры вечар. Прагноз надвор’я на заўтра, 27 кастрычніка 2115 году. Заўтра ў Расеі надвор’е рознае. У Маскве, Саратаве, Парыжы, Міляне і Сызрані +18. У раёне Амазонкі, Волга-Вяцкім раёне, Бразыльскай АССР, Чылійскай аўтаномнай акрузе і Усьць-Буэнас-Айрэсе +27-29 градусаў. У Кітаі, Бураціі, Карэі і іншых раёнах Сібіры да +25. І, нарэшце, аб надвор’і за мяжой. У Менску +17”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітры Падбярэскі, шчэ сустрэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG