Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Патрыс Лумумба


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Пачатак шасьцідзясятых гадоў прайшоў пад сьцягам антыкаляніяльнай барацьбы афрыканскіх народаў. Мастакі-афармляльнікі тае пары поруч з выяваю першага спадарожніка налаўчыліся маляваць пад трафарэт мурына, што рваў цяжкія ланцугі. Адно такое ланцужна-разрыўное пано вісела непадалёку ад полацкага кірмашу, і, калі мы з бацькам праходзілі міма, я заўсёды пытаўся: “Гэта хто? Лулумба?” “Лумумба, – папраўляў бацька і ці то жартам, ці то ўсур’ёз дадаваў, – дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху”.

У 1960 годзе былая бэльгійская калёнія Конга здабыла незалежнасьць. Урад там ачоліў былы камэрцыйны дырэктар піўной кампаніі Патрыс Лумумба, які адразу ж заявіў пра свае сымпатыі да навуковага камунізму. У выніку прэм’ерыў ён два месяцы і ў сьнежні таго ж году быў захоплены ў палон, як тады пісалі газэты, “лёкаямі бэльгійскіх калянізатараў”.

Паланеньне палымянага змагара за свабоду Афрыкі, калі верыць газэтам, “болем і абурэньнем адгукнулася ў сэрцах савецкіх людзей”. Пры гэтым апошнія не маглі дабраць розуму – дзе тое Конга знаходзіцца і хто там з кім ваюе. Няўцямнай была і роля ўва ўсёй гэтай гісторыі амэрыканскіх імпэрыялістаў, якіх не стамлялася выкрываць савецкая прапаганда. Дый само прозьвішча палымянага барацьбіта пісалі з памылкай. Я неяк праглядаў старыя газэты і бачыў здымак мітынгу, удзельнікі якога трымалі плякат “Рукі прэч ад Патрыса Лулумбы!” Так што праблемы ў гэтым пляне мелі ня толькі сямігадовыя падшыванцы.

Лумумбу забілі і, магчыма, зьелі правадыры варожага племені. Нашы людзі змахнулі няпрошаную сьлязіну і горача віталі рашэньне ўраду надаць маскоўскаму ўнівэрсытэту дружбы народаў імя ахвяры канібалізму. (Заўважым у дужках, што савецкі народ увадначас употай радаваўся. У Конга перамаглі стаўленікі імпэрыялізму, і цяпер гэтай краіне ня трэба было аказваць братнюю дапамогу.)

Імем Патрыса Лумумбы ахрысьцілі таксама вуліцы гарадоў і мястэчак. Была такая вуліца і ў Смаргоні. Поруч зь ёю якраз жыў мой цесьць. Гадоў пятнаццаць таму нязручнае для языка прозьвішча прыбралі з шыльды, назваўшы вуліцу ў гонар земляка, які загінуў у Аўганістане. Гэта не было ініцыятывай мясцовых уладаў. Прыйшла адпаведная дырэктыва з цэнтру, бо адначасова і ў іншых мясьцінах з гарадзкой тапанімікі прыбралі прозьвішча палымянага барацьбіта за свабоду Афрыкі, сёньня ўжо напаўзабытага Патрыса Лумумбы.
XS
SM
MD
LG