Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбурзе завяршыўся саміт “вялікай васьмёркі”


Юры Дракахруст, Прага Якія рашэньні былі прынятыя на сустрэчы лідэраў найбольш прамыслова разьвітых краінаў сьвету?

Выглядае, што галоўнай тэмай саміту сталі падзеі на Блізкім Усходзе – напады экстрэмісцкай групоўкі “Хэзбала” на Ізраіль і ізраільскія рэйды у Паласу Газы і ў Лібан. Варта адзначыць, што падыходы чальцоў “васьмёркі” да гэтага канфлікту прыкметна адрозьніваюцца. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваіх выступах на саміце адназначна ўсклаў віну за канфлікт на “Хэзбалу”, у той жа час як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Ізраіль сваім рэйдам ў Лібан перасьледуе больш шырокія мэты, чым проста вызваленьне сваіх захопленых у палон салдатаў. Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу падкрэсьліў, што Ізраіль мае права на самаабарону, аднак дадаў, што мае месца “непрапарцыйнае ўжываньне сілы Ізраілем”. Найбольш крытычна да дзеяньняў Ізраілю паставілася Францыя. У нядзелю пры падрыхтоўцы супольнай заявы па Блізкім Усходзе паміж прэзыдэнтамі Шыракам і Бушам адбылася гарачая спрэчка.

Сёньня, у апошні дзень саміту, у паседжаньні “васьмёркі” ў якасьці гасьцей удзельнічалі генэральны сакратар ААН Кофі Анан, а таксама кіраўнікі Кітаю, Індыі, Бразыліі, Мэксыкі і Казахстану.

Кофі Анан паведаміў, што лідэры “васьмёркі” выступілі з прапановай увесьці ў зону блізкаўсходняга канфлікту – на мяжу Ізраілю і Лібану – міжнародныя міратворчыя сілы. Ізраіль ня лічыць гэтай ідэі добрай – паводле яго, найперш “Хэзбала” павінна спыніць напады.

Прапанову аб уводзе міратворцаў будзе разглядаць Рада Бясьпекі ААН, хаця фактычна сёньня санкт-пецярбурскі саміт плаўна ператварыўся ў паседжаньне Рады – на саміце прысутнічалі ўсе яе сталыя сябры.

Яшчэ адным з ключавых пытаньняў саміту стала энэргетычная бясьпека, якая з ініцыятывы Расеі стаяла першай у парадку дня саміту. Масква адхіліла патрабаваньні заходніх дзяржаваў ратыфікаваць энэргетычную хартыю, якая забясьпечыла б доступ замежных краінаў да расейскіх радовішчаў і транспартнай інфраструктуры. У выніковым дакумэнце саміту гаворыцца адно аб датрыманьні прынцыпаў хартыі. На практыцы гэта азначае, што ўся газавая гаспадарка Расеі будзе заставацца манаполіяй “Газпрому” – гэта выклікае боязь Эўропы, што пастаўкі газу могуць істотна залежаць ад палітычных рашэньняў Крамля.

На сваёй прэсавай канфэрэнцыі Пуцін заявіў, што цэны на газ вызначаюцца не Крамлём, а рынкам. “Мы скончылі з тым пэрыядам гісторыі, калі дырэктыўна вызначалі цану на газ для сваіх партнэраў”, – сказаў расейскі прэзыдэнт. Падчас саміту Расея ўсё ж зазнала адну адчувальную паразу – правалам скончыўся чарговы раўнд перамоваў Расеі са Злучанымі Штатамі аб ўступленьні Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. ЗША – адзіная вялікая краіна, якая яшчэ не ўхваліла ўступленьня Расеі ў гэтую арганізацыю.

Напярэдадні саміту шмат гаварылася пра тое, што сярод яго тэмаў будуць праблемы здушэньня дэмакратыі ў Расеі і расейскага ціску на суседнія краіны. Аднак, гледзячы па ўсім, у Санкт-Пецярбурзе не адбылося шырокай дыскусіі па гэтых пытаньнях – ані што да антыдэмакратычных тэндэнцыяў ва ўнутранай палітыцы Расеі, ані што да яе палітыкі адносна суседзяў – Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. У сваю чаргу Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі запатрабаваў, каб Вялікая Брытанія выдала Расеі аднаго з лідэраў чачэнскага супраціву Ахмеда Закаева. Пры гэтым расейскі прэзыдэнт паставіў Вялікую Брытанію ў адзін шэраг з Сырыяй і Іранам – як краіну, якая дае прытулак тэрарыстам.
XS
SM
MD
LG