Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вынікі саміту G-8 камэнтуюць беларускія палітыкі й палітолягі


Радыё Свабода Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк, ацэньваючы вынікі санкт-пецярбурскага саміту вялікай васьмёркі, зьвярнуў увагу на тое, што гэты форум стаў у вялікай ступені сьвяточнай сустрэчай, палітычным шоў з фантанамі, электрамабілямі, прэсавымі канфэрэнцыямі.

(Нісьцюк: ) “Кіраўнікі дзяржаваў вельмі нядрэнна дэманструюць сябе, перш за ўсё гаспадар саміту. Яны нядрэнна піярацца наконт нейкіх ключавых пазыцыяў у стаўленьні да ўсясьветных праблемаў. Але я ня ведаю і ранейшых самітаў, якія б мелі нейкія канкрэтныя вынікі”.

Паводле спадара Нісьцюка, краіны Захаду маглі б прапанаваць Ул.Пуціну падтрымаць дэмакратыю ў Беларусі, калі б адначасова зацікавілі Расею хуткім сяброўствам ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, але гэтага не адбылося.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян ня ўпэўнены, што ў кулюарах саміту вялікай васьмёркі ўвогуле нешта гаварылі пра Беларусь:

(Касьцян: ) “Калі яны і вырашалі, то вырашалі ўсе пытаньні ў інтарэсах васьмёркі, але не ў інтарэсах сьвету… Усьміхаліся яны адзін аднаму, але гэта ня значыць, што ўсе праблемы зьніклі. Буш не зьмяніў сваёй пазыцыі адносна Расеі, калі ён параіў, каб у Расеі была дэмакратыя, як у Іраку. Таму я ня думаю, што ўсе праблемы паміж ЗША і Расеяй ззаду, — па-мойму, яны наперадзе”.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі гэтак выказаўся пра санкт-пецярбурскі саміт:

(Класкоўскі: ) “Для Расеі важна было, як гавораць расейцы, ня ўдарыць тварам у бруд. І саміт прайшоў вельмі пампэзна, гэта ці ня самы дарагі з самітаў вялікай васьмёркі. Лідэры Захаду былі ў такім дваістым становішчы, таму што надта крыўдзіць гаспадара саміту было неяк няёмка. А разам з тым, у Захаду даволі шмат вострых непрыемных пытаньняў да Расеі. І яшчэ варта ўсё ж даволі лагодна паводзіць сябе адносна Расеі, зважаючы на тое, што гэта вельмі буйны пастаўшчык энэрганосьбітаў. Калі казаць пра беларускае пытаньне, то мне падаецца, што зноў тут беларускаму рэжыму пашанцавала, у тым сэнсе, што гэтае пытаньне акрамя таго, што ўвогуле ў параўнаньні зь іншымі глябальнымі праблемамі займае параўнальна сьціплае месца, а тут яшчэ рэзкае абвастрэньне абстаноўкі на Блізкім Усходзе, тут яшчэ і нядаўнія запускі ракетаў Паўночнай Карэяй, і вострая фаза, у якой знаходзіцца іранскае пытаньне. Натуральна, гэта яшчэ болей адсунула ў цень, у кулюары беларускае пытаньне”.
XS
SM
MD
LG