Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскую службу таксі 052 пазбавілі радыёчастаты


Радыё Свабода У Менску сёньня адключаная частата, на якой ажыцьцяўлялася радыёсувязь у службе таксі 052. Такое рашэньне прыняло Міністэрства сувязі й інфарматызацыі. Пазбаўленьне частаты пагражае распадам службы таксі 052 і стратай яе калектывам працоўных месцаў. Каля сямісот чалавек могуць застацца бяз працы. Кіроўцы спрабуюць абараніць свае інтарэсы.

Таксісты сьведчаць, што радыёчастата была адключаная сёньня раніцай. Гаворыць кіроўца Віктар Жаўлакоў:

(Жаўлакоў: ) “З васьмі гадзінаў наша частата адключана. Рыхтуецца ліст, зьбіраюцца дакумэнты — празь Міністэрства эканомікі, на Мінсувязь і гэтак далей. Прынамсі, мы зьбіраемся дзейнічаць у рамках закону, у прававым полі. Ніякіх незаконных дзеяньняў мы рабіць не зьбіраемся”.

Інфармацыю пра адключэньне радыёчастаты пацьвердзілі “Свабодзе” і ў грамадзкім аб’яднаньні “Набат”, сябрамі якога зьяўляюцца таксісты службы 052 і якое давала ім частату для радыёсувязі. Аднак Міністэрства сувязі й інфарматызацыі вырашыла пазбавіць аб’яднаньне ліцэнзіі. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё афіцыйны прадстаўнік міністэрства Аляксей Федарынчык:

(Федарынчык: ) “Прычынай спыненьня дзеяньня ліцэнзіі грамадзкага аб’яднаньня “Набат” сталі грубыя і неаднаразовыя парушэньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ліцэнзаваньні й электрасувязі”.

Паводле спадара Федарынчыка, ініцыятыва пазбавіць “Набату” ліцэнзіі зыходзіла ад Камітэту дзяржаўнага кантролю. Ягоны дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў выявіў парушэньні ў дзеяньнях ранейшага кіраўніцтва аб’яднаньня. Пасьля гэтага Мінсувязі й вырашыла адклікаць ліцэнзію.

Нагадаю, пра ініцыятыву Мінсувязі таксістам стала вядома 14 ліпеня. У той жа дзень кіроўцы правялі несанкцыянаваны мітынг на вуліцы Камуністычнай, дзе месьціцца будынак дзяржаўнага тэлебачаньня. Таксісты зьвярнуліся да яго прадстаўнікоў, каб распавесьці пра сваю бяду ў тэлеэфіры. Па дапамогу яны таксама зьвярнуліся да кіраўніцтва афіцыйнага прафсаюзу “Садружнасьць”, які ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG