Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбурзе падчас саміту G-8 двойчы затрымлівалі беларускіх актывістаў


Радыё Свабода Група беларускіх грамадзянаў, актывістаў незарэгістраванага руху “Бунт”, якая падчас саміту вялікай васьмёркі знаходзілася ў Санкт-Пецярбурзе з мэтай прыцягнуць увагу да беларускіх праблемаў, была двойчы затрыманая міліцыяй. На гэты момант беларускія актывісты адпушчаныя.

Прадстаўнік незарэгістраванага руху “Бунт” Дзяніс Дзянісаў такім чынам падвёў вынікі ўдзелу беларускіх грамадзянаў у падзеях у Санкт-Пецярбурзе, зьвязаных з самітам вялікай васьмёркі: 14 ліпеня было затрымана 10 беларускіх актывістаў, 16-га — 6. Беларусы зусім не зьбіраліся ісьці ў калёне разам з антыглябалістамі. Іхная мэта была іншая — прыцягнуць увагу ўдзельнікаў саміту да праблемы дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі, каб яны націснулі на кіраўніцтва Расеі, што дагэтуль падтрымлівае А.Лукашэнку.

І 14-га, і 16 ліпеня беларускія актывісты хацелі зачытаць прэсе свой зварот да лідэраў вялікай васьмёркі, аднак прэсавыя канфэрэнцыі яшчэ да іх пачатку былі гвалтоўна спыненыя міліцыяй і ФСБ. Некалькі гадзінаў беларускіх актывістаў трымалі ў пецярбурскіх пастарунках, дапытвалі, як сьцьвярджаюць беларусы, пагражалі дзяўчатам згвалтаваньнем. Дзевяць гадзінаў пра затрыманых у нядзелю шасьцярых беларусаў не было нічога вядома, адпусьцілі іх толькі ўначы, сьведчыць Дзяніс Дзянісаў. Ён перакананы, што іх арыштоўвалі і дапытвалі супрацоўнікі расейскай ФСБ і беларускага КДБ.

(Дзянісаў: ) “Да іх падбеглі, павалілі на зямлю, некаторых білі, надзелі кайданкі й завезьлі ў 37-е аддзяленьне міліцыі. Пазьней мы зьвязваліся праз СМС, яны паведамлялі, што абыходзяцца вельмі груба, б’юць, што кожнага чалавека дапытваюць чатыры супрацоўнікі ў цывільным”.

Паводзіны расейскіх спэцслужбаў і міліцыі былі зусім неадэкватныя й будуць абскарджаныя, заявіў Дзяніс Дзянісаў.

(Дзянісаў: ) “Хаця наўрад ці тая краіна, якая афіцыйна падтрымлівае палітычна і эканамічна дыктатуру ў Беларусі, будзе з намі, беларусамі, нармальна абыходзіцца”.

Што да палітычнага выніку саміту вялікай васьмёркі, то спадар Дзянісаў зазначыў, што ўсё ж удалося пагаварыць з прадстаўнікамі шэрагу дэлегацыяў і замежнай прэсы ды распавесьці пра беларускія праблемы, але гэтага недастаткова:

(Дзянісаў: ) “На гэты момант мы ведаем, што па Беларусі не было сказана ніводнага слова. Прынамсі, афіцыйна. Можа, неафіцыйна гутарылі, але афіцыйна не было. І нас гэта турбуе. І мы тут будзем заставацца да канца і прабівацца, каб хоць нейкім чынам гэта было агучана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG