Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?


Радыё Свабода Былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну 13 ліпеня далі пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я настолькі далёкая ад палітыкі, што нават ня ведаю, хто гэта”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта несправядліва. Атрымоўваецца, што вось прайшлі выбары, цяпер ён прасядзіць пяць з паловаю гадоў і выйдзе пасьля наступных выбараў. Толькі з гэтай мэтай усё і рабілася, а гэта несправядліва”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што калі суд палічыў магчымым — значыць, гэта справядліва”.

(Спадар: ) “Нават ня ведаю, што сказаць. Я на выбарах не падтрымліваў гэтага кандыдата. Ня ведаю, можа й былі некаторыя хуліганскія дзеяньні, але даваць за гэта пяць гадоў турмы — гэта занадта”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта няправільна, бо ва ўсіх роўныя правы. Чаму тады нехта павінен атрымоўваць тэрмін, а нехта быць прэзыдэнтам?”

(Карэспандэнтка: ) “Аляксандра Казуліна суд прысудзіў да пяці з паловаю гадоў пазбаўленьня волі. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Ён настройваў народ супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. Я асабіста галасавала за Лукашэнку, я лічу, што ён падняў нашу Беларусь, можна сказаць, з развалінаў, у нас стабільны заробак, у нас прыгожы горад, у нас прыгожыя вуліцы й дарогі. А Казулін разам зь Мілінкевічам — абое рабое. І мне здаецца, што ён атрымаў паводле заслугаў”.

(Спадар: ) “Мы падтрымліваем і заўсёды падтрымлівалі Казуліна й Мілінкевіча за тое, што яны здолелі паказаць сябе на гэтых выбарах і маглі супрацьстаяць гэтай нелегітымнай уладзе”.

(Спадарыня: ) “Самадурствам гэта цяжка назваць, справядлівасьцю — тым больш. Але нічога іншага цяжка было й чакаць, бо ўсе ўсё разумеюць. Зразумела, што за разьбітае шкло на нейкім партрэце — пяць паловаю гадоў, не ідзе ні ў якое параўнаньне з тым, што адбываецца вакол. Што развальваюцца й стаяць прадпрыемствы, што беспрацоўе паводле афіцыйнай вэрсіі складае 11%, а ў рэальнасьці палова маіх знаёмых ня могуць уладкавацца. І чым гэта ўсё завершыцца, мне нават страшна падумаць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што, вядома, гэта няправільна. Я вось толькі што зь ягонай жонкай і дачкой на сустрэчы зь вязьнямі быў. У мяне там сын амаль год беспадстаўна сядзіць. І што я пасьля гэтага магу думаць пра нашую судовую сыстэму, калі ніякай справядлівасьці няма? Поўнае бяспраўе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG