Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелых беларусаў у зоне лібанска-ізраільскага канфлікту няма


Радыё Свабода За час узброенага супрацьстаяньня паміж Ізраілем і баевікамі лібанскай групоўкі “Хізбала” ўжо загінулі прынамсі 200 чалавек. Сёньня пачынаецца масавая эвакуацыя замежных грамадзянаў з тэрыторыі ваеннага канфлікту. 350 эўрапейцаў вывезена італьянскім вайсковым самалётам, паром для эвакуацыі сваіх суайчыньнікаў арандавала Францыя. Два караблі для вывазу сваіх грамадзянаў накіравала ў рэгіён Вялікабрытанія. 80 чалавек адляцяць у Маскву самалётам расейскага Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях. Беларускае замежнапалітычнае ведамства заяўляе, што ніхто зь беларусаў у зоне канфлікту не пацярпеў, аднак каля паўсотні чалавек будуць адтуль эвакуяваныя.

Тэлефон ганаровага кансуляту Беларусі ў Бэйруце сёньня не адказвае. Аднак прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў удакладніў, што каля пяцідзесяці чалавек будуць эвакуяваныя пры дапамозе расейскай амбасады ў Сырыі.

(Папоў: ) “Пакуль што ніякіх зьвестак пра пацярпелых сярод беларусаў няма. Цяпер наша амбасада ў Сырыі, якой даручана гэтую справу кантраляваць, узаемадзейнічае з расейскім бокам. Ёсьць дамоўленасьць, што яны будуць рабіць усе магчымыя захады, каб дапамагчы эвакуяваць нашых грамадзянаў — тых, хто, безумоўна, жадае эвакуявацца. Таму праца працягваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Але факт, што беларусы ў Лібане ўсё ж ёсьць?”

(Папоў: ) “Ну, вядома ж, ёсьць. Гэта і гуманітарныя сувязі, і нашыя дзяўчаты выходзілі за лібанскіх хлопцаў. Таму нейкія грамадзяне пэўна ёсьць. І, разам зь іншым, мы ўсім раім праз паўночны шлях, хто на ўласных аўтамабілях, не чакаючы разгортваньня падзеяў, таксама эвакуявацца ў Сырыю”.

Дакладнай статыстыкі што да колькасьці беларусаў, якія жывуць у Лібане, няма. Жыхарка Барысава Ганна ўжо некалькі гадоў працуе ў Бэйруце ў галіне турызму і кажа, што ведае яшчэ некалькі дзяўчат зь Беларусі, занятых у гэтай сфэры. Цяпер Ганна на вакацыях дома, сочыць за разьвіцьцём падзеяў, але кажа, што хацела б зноў выправіцца ў Лібан.

(Ганна: ) “Насамрэч да нас нашмат больш увагі, чым нават да арабскіх жонак. Вельмі ўважлівыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы. Калі я раней была літаральна ні бэ, ні мэ, баялася рот адкрыць, тады было цяжка, а калі знойдзеш агульную мову, лёгка кантактаваць зь любым чалавекам — ад афіцыянта да генэральнага мэнэджэра”.

Абстрэлы групоўкай “Хізбала” ізраільскіх гарадоў спрычыніліся да яшчэ адной тэндэнцыі — ад’езду ў Эўропу габрэяў, якія колісь выехалі ў Ізраіль. Ігар Штайгер вярнуўся ў Воршу пасьля васьмі гадоў, праведзеных на зямлі абяцанай. Расказвае, што яшчэ ўвесну на карысьць такога кроку было адно — бясьпека дачкі, якая нарадзілася ў Ізраілі.

(Штайгер: ) “Я перакананы: вярнулася б яшчэ больш людзей. Але шмат хто ня можа вярнуцца з-за таго, бо пайшлі дзеці ў школу, адпаведна, ня ведаюць ужо мовы ні беларускай, ні расейскай. Па-другое, абсалютная бальшыня пасьля прыезду ў Ізраіль набыла кватэры, узялі пазыку ў банку. Значыць, з пазыкай, пакуль ня выплаціш, ня вернесься. Мне здаецца, калі б у людзей была б магчымасьць вярнуцца, яны б вярталіся. Ну, і, зноў жа, калі ў людзей усе блізкія сваякі таксама ў Ізраілі, то зразумела — куды ён паедзе? У яго ўжо ні ў Беларусі, ні дзесьці яшчэ ніякіх каранёў”.

Гісторыя ваенных канфліктаў паміж Лібанам і Ізраілем мае амаль трыццаць гадоў. У 1978-м Ізраіль упершыню перайшоў мяжу Лібану, і ад таго часу ў адказ на дзеяньні “Хізбала” робіць гэта досыць рэгулярна. Што да ўласна “Хізбала” (“Партыя Алаха”), то гэтая палітычная і вайсковая арганізацыя лібанскіх мусульманаў была створаная групай сьвятароў-шыітаў у 1982 годзе. “Хізбала” мае ў Лібане вялікі палітычны ўплыў, маючы прадстаўнікоў у парлямэнце краіны.
XS
SM
MD
LG