Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Шалайкі (фота)


Іна Студзінская, Менск Аляксандра Шалайку дома чакаюць цяжарная жонка Вера, маленькі сын Цімафей і бацькі. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Аляксандар Шалайка ад 21 лютага знаходзіцца за кратамі. Спачатку яго трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Аляксандра Шалайку абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзянаў паводле часткі 2 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу. Суд над актывістамі “Партнэрства” прызначылі былі на 20 ліпеня, потым перанесьлі на 28 ліпеня.

(Вера: ) “Пазнаёміліся мы так. Ён прымаў мяне на працу, і мы працавалі тры гады разам”.

(Карэспандэнтка: ) “Службовы раман?”

(Вера: ) “Так. Мы яшчэ два гады сустракаліся. І толькі потым ажаніліся”.

(Карэспандэнтка: ) “Нават і несучасна — столькі гадоў сустракацца...”

(Вера: ) “Таму, я думаю, што добра ведаю. Праўда, мая маці кажа, што мужчыну немагчыма ведаць на 100 адсоткаў”.

На вясельле бацькі Аляксандра й Веры падарылі маладым ключы ад новай аднапакаёвай кватэры. У маладой сям’і нарадзіўся сын Цімафей. Юрыст па адукацыі, Вера Шалайка ў дэкрэтным адпачынку была нядоўга, не хацела пакідаць працу, сваіх студэнтаў — яна выкладае ў недзяржаўнай ВНУ крымінальнае права. Гадаваць Цімку дапамагалі бацькі. Вера пайшла на курсы кіроўцаў. Здавалася, усё цудоўна… Нечакана Аляксандра арыштавалі. Літаральна праз тыдзень пасьля арышту мужа Вера даведалася, што цяжарная. Што адбывалася ў душы гэтай мужнай жанчыны, ведае толькі яна. Але Вера атрымала правы, працягвае працаваць.

(Вера: ) “Самае цяжкае, я думаю, псыхалягічна — невядомасьць, чым гэта скончыцца. І ўвогуле, пакуль ня быў прызначаны суд, справа не перададзеная ў суд, — незразумеласьць таго, што адбываецца. Бо як бы муж нічога дрэннага не рабіў, а трымаюць ужо пяты месяц. Псыхалягічны дыскамфорт. Гэта самае цяжкае”.

(Карэспандэнтка: ) “А як пераадольваеце цяжкасьці? Што дапамагае?”

(Вера: ) “Я думаю, у каго ёсьць дзеці, тым гэта зразумела. Праца і час, які ты праводзіш зь дзецьмі. Зь ім забываесься на ўсе гэтыя праблемы. Па-першае, вялікі дзякуй бацькам. Бацькі ўвесь час са мною, зь Цімам. Дзякуй сябрам і сяброўкам маім, якія таксама дапамагаюць увесь час”.

(Карэспандэнтка: ) “У такіх сытуацыях сябры выпрабоўваюцца…”

(Вера: ) “Сапраўды, у гэтай сытуацыі вельмі шмат чаго я зразумела. Аляксандар, седзячы там, гэтага не заўважае. А тут гэта адразу зразумела, хто быў раней побач і цяпер побач заўсёды, і хто раней быў побач, а цяпер — не чуваць, не тэлефануюць. Можа, некаторыя й спужаліся — у нашай краіне й такое магчыма. Таму высновы зрабіла і я — думаю, і Аляксандар таксама, пра некаторых сяброў так званых”.

(Карэспандэнтка: ) “Крыўдна — такі час, калі дзіця пачынае хадзіць, размаўляць — і бацька гэта прапускае. Дый вам у такім стане ня лішняя была б ягоная падтрымка. Ці ёсьць жаданьне камусьці адпомсьціць, пакараць?”

(Вера: ) “Ну, пакараць… Я думаю, цяжарная жанчына ня здолее. І ўвогуле, у маім стане ўсе павінны быць добрыя. Я думаю, Бог усё бачыць, Бог усё разумее, і кожнаму будзе сваё. А цяжарнасьць… Ведаеце, калі муж побач, хочацца быць слабой, а калі мужа няма побач, то й цяжарнасьць хутка праходзіць, акумулюецца ўвесь арганізм. Мне так падаецца…”

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер рэдка дазваляюць спатканьні. А ў асноўным — ліставаньне. Жанр для такога пакаленьня, як вы, даволі нязвыклы, бо цяпер —тэлефон, СМС-кі, і-мэйл. Ці часта пішаце лісты?”

(Вера: ) “Спачатку пісалі кожны дзень. Шчыра кажучы, вучыліся пісаць. Бо так адбылося, што ў асноўным кампутары, тэлефоны. А цяпер тры-чатыры лісты на тыдзень. Ад яго прыходзяць тры лісты. А некаторыя сябры ўвогуле першы раз у жыцьці пісалі лісты. Першыя лісты, канечне, былі вельмі сур’ёзныя, Аляксандар пісаў плян, што ён кожны дзень робіць. Я больш разумела, што гэта псыхалягічна цяжка, таму пісала, што я раблю, што навучыўся ўжо Цімошка, як ён пайшоў, што сказаў. А цяпер ужо пра тое, што больш датычыцца суду, адвакатаў, пра надвор’е”.

У той дзень, калі мы размаўлялі зь Верай, яна мела спатканьне з Сашам на Валадарцы.

(Вера: ) “Нармальна ён трымаецца. І ў паштоўках адчуваецца добры настрой. Можа, таму што я цяжарная, ён ня хоча нечага дрэннае пісаць. І па-другое, у яго такі характар, што ён ня будзе трываць, што ў яго нешта ня так”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас зусім маленькае дзіця, вы працуеце, чакаеце другога. Мужчына быў галавой сям’і, грошы зарабляў. А цяпер матэрыяльны бок — хто дапамагае?”

(Вера: ) “Бацькі дапамагаюць, і я нешта атрымліваю, сябры некаторыя дапамагаюць, так што з гэтым больш-менш. І мае бацькі, і Сашавы бацькі нашу працу разумеюць. Саша — адзіны сын у сям’і, і таму ягоным бацькам вельмі цяжка псыхалягічна. І маці, і бацька трымаюцца, але вельмі заўважна, што яны перажываюць. Бацькі ёсьць бацькі...”

Цяпер Ціма, якому год і тры месяцы — у Верыных бацькоў, якія жывуць у прыватным доме ў маленькім гарадку. У менскай кватэры энэргічная Вера распачала рамонт. Хоча да вяртаньня Сашы й нараджэньня другога сына пакласьці кафлю ў кухні, лазенцы й прыбіральні. Што да сямейных традыцыяў, кажа Вера –

(Вера: ) “Мы вельмі актыўныя людзі, таму вельмі часта запрашаем да сябе сяброў, і сябры нас запрашаюць. Гэты момант, канечне, згублены — не да сустрэчаў цяпер. Вельмі цяжка было, калі споўніўся год Цімошу — Аляксандра не было з намі. А ў астатнім… Муж раней вельмі часта дарыў кветкі, кудысьці мы выяжджалі — цяпер гэтага няма. Былі нейкія пляны на лета — тут таксама ўсё разладзілася. Але, я думаю, усё наладзіцца, усё будзе добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Уяўляеце сам момант сустрэчы?”

(Вера: ) “Я думаю, абавязкова будзе смачная ежа, бо Аляксандар любіць смачна паесьці. Будуць бацькі, сябры, блізкія. Я думаю, будзе весела, і гэта ўсё адбудзецца хутка”.

У кастрычніку ў Веры і Аляксандра Шалайкаў павінен нарадзіцца другі сын. Шалайкі спадзяюцца, што да таго часу ўся сям’я зьбярэцца разам у адрамантаванай кватэры. З бацькамі, зь сябрамі.


Вера перачытвае лісты ад мужа


У сям’і Шалайкаў і Вера, і Аляксандар — юрысты


Вера дае парады сваім студэнтам па тэлефоне

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG