Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітыкам, якія за пятнаццаць гадоў ня здолелі прыйсьці да ўлады, трэба ціха сысьці на пэнсію”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 16 ліпеня).

Дачыненьні паміж апазыцыйнымі палітыкамі розных пакаленьняў, з розным досьведам і рознымі поглядамі на стратэгію і тактыку палітычнай дзейнасьці — тэма, якая апошнім часам цікавіць многіх нашых слухачоў. За мінулыя дванаццаць гадоў у беларускай апазыцыі было шмат няўдачаў і паразаў, і вельмі мала перамогаў і посьпехаў. Чаму? Адказваючы на гэтае пытаньне, многія людзі, у тым ліку і самі апазыцыйныя актывісты, глядзяць на сваіх лідэраў. Так робіць і наш слухач Мікалай Даўжэнка з Баранавічаў. У сваім лісьце ён піша:

“Палітыкам, якія за пятнаццаць гадоў ня здолелі прыйсьці да ўлады, трэба ціха сысьці на пэнсію. Няхай вудзяць рыбу і гадуюць пчолаў, а не займаюць месца, замінаюць маладым і езьдзяць па замежжы, дзе іх ведаюць як аблупленых і даўно ня маюць ніякіх ілюзіяў адносна іхных сапраўдных здольнасьцяў і магчымасьцяў. Тое, што маглі, палітыкі старэйшага пакаленьня ўжо зрабілі на пачатку 1990-х гадоў. Тое, чым яны займаліся пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў, — гэта толькі дэманстрацыя сваёй нямогласьці й бездапаможнасьці. Хто сёньня падтрымлівае Зянона Пазьняка? Якая рэальная грамадзкая сіла стаіць за ім? Дастаткова паназіраць за якой-небудзь акцыяй КХП БНФ, каб зразумець, што гэта за людзі й колькі іх. Дарэчы, і акцыяў гэтых цяпер амаль няма.

А колькі разоў спрабавалі вылучаць свае кандыдатуры на розных выбарах Шушкевіч, Грыб, Чыгір, Лябедзька, Вячорка ды іншыя! Няўжо яны яшчэ не зразумелі, які іхны сапраўдны рэйтынг? Іхны цягнік дыўно сышоў. Ім трэба зьмірыцца з гэтым і не займаць месца ля чыгуначнай плятформы, якое цяпер належыць маладым. А вы, шаноўныя вэтэраны апазыцыйнага руху, распакоўвайце валізкі ды пішыце мэмуары. Новы цягнік не для вас”.

Верагодна, для гэтых і падобных папрокаў на адрас старэйшага пакаленьня дэмакратычных палітыкаў ёсьць пэўная прычына. Прынамсі, такія галасы з боку маладзейшых актывістаў дэмакратычных рухаў апошнім часам гучаць даволі часта. Іншая рэч — наколькі справядлівыя катэгарычныя высновы, што робяцца на падставе такіх нараканьняў? Ці не ілюзія — спадзяваньне на тое, што, пазбавіўшыся ад старэйшых палітыкаў, палітыкі маладзейшыя адразу стануць папулярнымі й пасьпяховымі, і пачнуць трыюмфальнае шэсьце ад перамогі да перамогі? Апазыцыйнае поле ў Беларусі не такое перапоўненае і шматлюднае, каб на ім не хапала месца. Тым больш, што многія пералічаныя вамі, спадар Даўжэнка, палітыкі апошнім часам не прэтэндуюць на першыя ролі й не трымаюцца за грамадзкія пасады. Каму з маладых палітыкаў перайшлі дарогу ці не саступілі месца, напрыклад, Міхаіл Чыгір ці Мечыслаў Грыб?

Аўтар наступнага ліста — Барыс Гудзімчык зь Менску. Разам з допісам слухач даслаў фотаздымак, на якім — мноства сьпілаваных дрэваў уздоўж дарогі. У лісьце Барыс Гудзімчык тлумачыць:

“Вы паглядзіце, што робіць улада ў Карэліцкім раёне: пілуюць здаровыя дрэвы, якія калісьці былі прыгожа, роўненька пасаджаныя. Нішчаць і таполевыя алеі, і кусты, якія растуць уздоўж дарогі. А потым усё гэта карчуюць бульдозэрамі. Вандалізм, зьдзек зь людзей, распуста, п’янства, гвалт, забойствы, падпалы будынкаў — вось што робіцца пры цяперашняй уладзе. Прыяжджае які-небудзь гад, бяз згоды гаспадара пілуе дрэвы, ламае сад, прысады — і хоць бы што: аказваецца, яму гэта дазволена, ён начальнік. Узровень жыцьця на вёсцы вельмі нізкі. Садзяць у турмы, не даюць беларусам жыць. І сьмяротнасьць вельмі высокая”.

Змаганьне са старымі таполямі — зьява, уласьцівая ня толькі для Карэліцкага раёну, спадар Гудзімчык. Сьпілоўваюць і выкарчоўваюць іх паўсюль. У тым ліку вельмі шмат у менскіх дварах і парках. Грамадзкасьць часта гэтым абураецца, але ў дарожных і камунальных службаў, якія займаюцца зьнішчэньнем, свае аргумэнты і факты. Таполя — дрэва недаўгавечнае і нетрывалае. Пры моцным ветры ці ўрагане якраз старыя таполі часта становяцца прычынай розных здарэньняў і нават трагедыяў. Асабліва гэта небясьпечна менавіта ля дарогаў.

Іншая рэч, наколькі ўлічваюць дарожнікі й камунальнікі, сьпілоўваючы старыя дрэвы, пажаданьні мясцовых людзей — ці раяцца зь імі, ці тлумачаць, што на месцы сьпілаваных пасадзяць маладыя дрэўцы іншых пародаў. Як паказвае досьвед, найчасьцей — і ня раяцца, і не тлумачаць, а на месцы, дзе расьлі таполі, пакідаюць пасьля сябе ня новыя пасадкі, а — выкарчаваныя пні, буралом і старое гальлё.

Урывак зь ліста Міхаіла Лысевіча зь Ліды, у якім слухач разважае пра няспраўджаныя мары й спадзяваньні тых беларусаў, якія хацелі бачыць незалежную Беларусь эканамічна моцнай і самастойнай, з адроджанай нацыянальнай мовай і культурай. Спадар Лысевіч піша:

“Наша палітычнае грамадзкае жыцьцё насамрэч вельмі нецікавае і, па вялікім рахунку, нікуды не скіраванае. Сучасныя беларусы з-за свайго ўнутранага жыцьця ператварыліся ў людзей з адзінай мэтай — пражыць дзень і нешта зарабіць. Мы ня бачым сьвету: проста ня маем на гэта ніякіх эканамічных магчымасьцяў. Мы не імкнемся спазнаць сваю родную Беларусь. Прызнайцеся, калі апошні раз вы бывалі ў Полацку, Міры, Нясьвіжы, Горадні? Колькі разоў наведвалі нашы нацыянальныя музэі? Увогуле, што зрабілі падчас адпачынку для ўласнай душы?

Эканоміка Беларусі — віртуальная і залежная. Мы, як наркаманы, сядзім на іголцы таннага расейскага газу і нафты. Нічога ня робім, каб пазбавіцца ад ганебнай і згубнай залежнасьці. Працягваем “кляпаць” скапіяваныя (і часьцяком кепска скапіяваныя) з заходніх узораў камбайны, трактары, аўтобусы, а потым шукаем шляхоў, каб іх набыла тая самая Расея. Бо ні Нямеччыне, ні Францыі, ні Галяндыі яны не патрэбныя. І пакуль Расея купляе іх, мы лямантуем па БТ аб беларускім эканамічным цудзе. Які, праўда, да цудоўнага жыцьця беларусаў пакуль не прывёў. Палітычнае жыцьцё ператварылася ў жорсткае супрацьстаяньне. У гэтай віхуры два супрацьлеглыя лягеры заблукалі, заблыталіся ва ўласных памылках і супрацьстаяньнях. Нам прапануюць толькі два шляхі — альбо ў Расею, альбо на Захад. Нам ужо даўно не прапануюць беларускай Беларусі.

Мы варымся ва ўласным соку сваіх памкненьняў і памылак, прапіваем будучыню, духоўна мізарнеем, нацыянальна вар’яцеем і гаворым: “Такі сьвет. Хіба, калі будзе іншы, дык будзе лепш?” Куды ж ты ідзеш, віртуальная Беларусь? І да чаго нарэшце прыйдзеш?”

Пытаньні гэтыя, як вы і сам, спадар Лысевіч, разумееце — рытарычныя. Варыянтаў адказаў на іх можа быць шмат, але ніводзін ня можа прэтэндаваць на дакладнасьць і вычарпальнасьць. Пэсымістычны ўпадніцкі настрой аўтара ліста лёгка можна зразумець і патлумачыць — навакольная рэчаіснасьць многіх схіляе да сумных абагульненьняў і высноваў. Хоць нават сярод гэтых змрочных рэаліяў паўсядзённасьці ёсьць сьветлыя натхнёныя твары нашых сучасьнікаў, якія ня толькі вераць у лепшую будучыню радзімы, але і набліжаюць гэтую будучыню сваімі справамі. Не для ўсіх, спадар Лысевіч, кола інтарэсаў абмяжоўваецца вузкімі спажывецкімі патрэбамі. І гэта пакідае беларусам надзею.

Ліст з Украіны, ад нашага слухача з Жытоміру Аляксандра Кіба. Свой допіс спадар Кіб, які ніколі ня жыў у Беларусі, напісаў на выдатнай беларускай мове:

“Паважаны спадар Валянцін. Цудоўную беларускую мову я вучыў на слых, перадусім ад вас, шаноўны спадар Жданко, з вашых дыялёгаў са слухачамі. Вялікі дзякуй за тое, што вы ёсьць, за тытанічныя высілкі “Свабоды” з мэтай абуджэньня нацыі. Праз вас я меў ліставаньне зь некаторымі слухачамі “Свабоды”, допісы якіх ня раз гучалі ў вашай перадачы — напрыклад, Зьмітром Панкаўцом з Барысаўскага раёну, Яўгенам Зінчанкам з Данбасу. Вялікая просьба — дапамагчы зьвязацца са сьвядомым беларусам зь Вялейкі Юр’ем Сокалам, ліст якога прагучаў 26 красавіка і вельмі мяне ўзрушыў сваёй шчырасьцю. Трымайцеся і далей супрацьдыктатурнай выспачкай! Сашко Кіб. Жытомір. Украіна”.

Разам зь лістом Аляксандар Кіб даслаў розныя мясцовыя публікацыі пра цяперашнія ўкраінскія праблемы, у тым ліку — пра моўную сытуацыю. Пад ціскам прарасейскіх сілаў, якія ў шэрагу усходніх рэгіёнаў надалі расейскай мове статус афіцыйнай, украінцы зноў вымушаныя распачынаць барацьбу за родную мову, супраць спробаў узаконіць дзьвюхмоўе.

“Што такое ўзаконенае дзьвюхмоўе? — чытаем ва ўлётцы, якія зьявіліся цяпер на жытомірскіх вуліцах. — Гэта — немінучы раскол Украіны і крах незалежнай дзяржавы. Гэта — ператварэньне Ўкраіны ў губэрню Расеі. Гэта — капітуляцыя”.

Магчыма, для кагосьці гэтыя сьцьвярджэньні пададуцца занадта катэгарычнымі. Але пра рэальныя вынікі так званага “дзьвюхмоўя” ўкраінцы могуць меркаваць якраз на прыкладзе Беларусі. Праз адзінаццаць гадоў пасьля таго, як расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай нароўні зь беларускай, беларуская мова выціснутая практычна з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця. Ніякага рэальнага моўнага раўнапраўя няма. І ня створана ніякіх мэханізмаў супраць дыскрымінацыі й далейшага вынішчэньня роднай для беларусаў мовы.

Што да вашай прыватнай просьбы, спадар Кіб, то мы яе выканалі — пераадрасавалі дасланы вамі ліст нашаму слухачу Юр’ю Сокалу зь Вялейкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG