Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія фэдэралісты ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі


Радыё Свабода Арганізацыя маладых эўрапейскіх фэдэралістаў ( JEF ) накіравала зварот да кіраўнікоў эўрапейскіх краінаў, у якім падкрэсьлівае, што яе сябры ня могуць быць абыякавымі да цяперашняй беларускай сытуацыі.

“Мы настойваем на тым, каб вы зьдзяйсьнялі ціск на расейскія і беларускія ўлады з тым, каб зьмяніць сытуацыю”, – гаворыцца ў звароце.

У сваёй заяве сябры JEF выказваюць падтрымку беларускім няўрадавым арганізацыям, СМІ, апазыцыі , якія адчуваюць перасьлед з боку рэжыму, а таксама патрабуюць права голасу для беларускіх грамадзянаў.

У дзень салідарнасьці зь Беларусьсю прадстаўнікі арганізацыі выйшлі на вуліцы эўрапейскіх сталіцаў. Некаторым гарадзкім статуям яны завязалі раты і такім чынам сымбалічна прадэманстравалі сваім суайчыньнікам, як улады ў Беларусі пазбаўляюць сваіх грамадзянаў права на свабоду слова.

Арганізацыя JEF, са штаб-кватэрай у Брусэлі і зь філіямі ў розных эўрапейскіх сталіцах, існуе больш за 50 год і мае на мэце аб’яднаць усіх маладых эўрапейцаў, прычым ня толькі з краінаў ЭЗ, з тым, каб уплываць на дэмакратычныя працэсы на кантынэнце.
XS
SM
MD
LG