Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя разагнала акцыю на дзень Салідарнасьці (фота)


Радыё Свабода Учора ў Беларусі і за мяжой адзначаўся Дзень салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў-апанэнтаў А.Лукашэнкі. У Менску было затрымана каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў пікету ля расейскай амбасады. У Гародні і Магілёве таксама было затрымана некалькі актывістаў апазыцыі. Большасьць затрыманых адпусьцілі. Дзе знаходзіцца лідэр АГП Анатоль Лябедзька – невядома.

Супрацоўнікі менскай міліцыі з абеду кантралявалі падыходы да расейскай амбасады, сюды падагналі нават вялізны кратаваны МАЗ для перавозкі арыштаваных. У выніку толькі дзясятку чалавек паасобку ўдалося прайсьці да варот амбасады Расеі і запаліць сьвечкі салідарнасьці. Каля 40 актывістаў, якія ішлі групамі, былі затрыманыя на подступах да амбасады, маладых людзей білі, цягнулі за валасы, закідвалі ў аўтобусы. Сьведкай гэтага гвалту стала жыхарка Менску:

(Спадарыня: ) “Сярод белага дня хапаюць людзей і кідаюць іх у аўтобус… Гэта жах, хіба можна ў такой краіне жыць. Гэта фашызм сапраўдны. У мяне ў вайну бацька загінуў, каб у нармальнай краіне жыць, а не ў такой, у якой я жыву”.

Як паведаміў “Свабодзе” адзін з затрыманых Мікіта Красноў, усіх іх моцна білі яшчэ і ў аўтобусе, клалі на падлогу і білі, а Андрэя Бабіцкага міліцыянты ўвогуле зьбілі да крыві. Потым усіх адвезьлі ў Фрунзенскі РАУС Менску для высьвятленьня асобаў, перапісалі дадзеныя і большую частку актывістаў адпусьцілі.

Сярод іншых міліцыя затрымала лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, які прыйшоў на акцыю салідарнасьці з сынам. Як паведаміў па мабільным тэлефоне сам Анатоль Лябедзька, на яго і некаторых іншых склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні, і хутчэй за ўсё начаваць яму давядзецца ў турме на Акрэсьціна. Ня выключана, што сёньня яго чакае суд. Перад затрыманьнем спадар Лябедзька заявіў “Свабодзе”:

(Лябедзька: ) “Улада, якая на словах мае падтрымку 80 адсоткаў, а змагаецца з трыццацьцю маладымі людзьмі, якія прыйшлі з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў – гэта ня моцная ўлада, у яе няма 80 адсоткаў падтрымкі, яна адчувае фізычны страх”.

Між тым маладыя людзі, якім удалося вырвацца з рук АМАПу, казалі, што яны зусім не запалоханыя:

(Хлопец: ) “Канеше, будзем змагацца да канца, да перамогі”.

(Дзяўчына: ) “Я не ўпершыню ўдзельнічаю, і наступны раз таксама прыйду”.

Паводле ініцыятаркі правядзеньня дзён салідарнасьці Ірыны Халіп, у нядзелю аналягічныя акцыі салідарнасьці адбыліся ў іншых гарадах Беларусі і ў сталіцах замежных краін. У Менску ў акцыі прыняў удзел каардынатар расейскага моладзевага руху “Абарона” Мікалай Збаражэнка.

(Збаражэнка: ) “Я сюды адзін прыехаў, каб падтрымаць беларусаў, на знак салідарнасьці зь імі паўдзельнічаць у гэтай акцыі”.

(Карэспандэнт : ) “У Расеі ўжо таксама так?”

(Збаражэнка: ) “Так, у Піцеры цяпер затрыманьні, ды і па ўсёй Расеі…”









XS
SM
MD
LG