Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў часе саміту сканчаюцца затрыманьнямі


Радыё Свабода Сёньня ў Санкт-Пецярбургу завершыцца саміт “Вялікай васьмёркі”. Дэмакратычныя колы шэрагу краінаў бачылі шмат падстаў дзеля таго, каб на саміце было ўзьнятае і беларускае пытаньне – сярод такіх падстаў у тым ліку і нядаўні жорсткі прысуд былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну. Данесьці ўсясьветнай супольнасьці факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі ў Санкт-Пецярбург выправіліся актывісты беларускіх дэмакратычных рухаў. Ці ўдалося ім гэта зрабіць – высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Як кажуць відавочцы падзеяў у Санкт-Пецярбургу, саміт “G-8” існуе нібыта ў двух паралелях. З аднаго боку – сур’ёзныя тэмы, якія ўздымаюць кіраўнікі “Вялікай васьмёркі” пад дахамі гістарычных палацаў, зь іншага – тысячы людзей на вуліцах гораду, якія заяўляюць пра неабходнасьць вырашэньня больш шырокага кола праблемаў. Апошнія, якіх ўсё часьцей стэрэатыпна называюць антыглябалістамі, прыяжджаюць з усяго сьвету. Так, у суботу некалькі сотняў актывістаў розных палітычных рухаў наладзілі апазыцыйнае шэсьце па вуліцы Марата. Вось што наўпрост з калёны расказаў кіраўнік моладзевага аддзяленьня партыі “Яблоко” Аляксандар Шуршаў.

(Шуршаў: ) “Тут бяруць удзел шмат якія рухі, прычым, ёсьць як левыя, так і дэмакратычныя арганізацыі, і ўсе яны ідуць да месца правядзеньня мітынгу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у калёне хтосьці зь беларусаў? Пра беларускую прысутнасьці штосьці вядома?”.

(Шуршаў: ) “Беларускіх сьцягоў ня бачу, але тут дакладна ёсьць вельмі многія рэгіёны як Расеі, так і блізкага замежжа. Ужо вядома, што многіх здымалі зь цягнікоў, якія йшлі на Піцер, шмат затрыманых ужо тут, у Пецярбургу. За якіясьці дробныя адміністратыўныя правапарушэньні ўсім адразу ж давалі 10 сутак арышту, каб проста нэўтралізаваць. І падчас вось гэтага шэсьця некалькі чалавек таксама затрыманыя. Але, тым ня меней, калёна працягвае рушыць”.

Што да пэрсанальнага складу беларусаў, якія далучыліся да пратэстных акцый у Санкт-Пецярбургу, то бальшыня ў “горад на Няве” выпраўляліся інкогніта, каб ня быць зьнятымі зь цягнікоў яшчэ на пад’ездах да яго. Але вядома, што асноўную масу складаюць удзельнікі так званага негвалтоўнага супраціву “Бунт” і актывісты моладзевага руху “Разам”. Аднак у вулічным натоўпе ўсе, як кажуць, перамяшаліся, і сказаць дакладна – хто працягвае браць удзел у акцыях пратэсту, а хто мог трапіць у пастарункі – ня могуць нават тыя, хто меўся адсочваць беларускую прысутнасьць у Піцеры. Вось што гаворыць прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кацярына Ткачэнка.

(Ткачэнка: ) “Сытуацыя выглядала так: беларусы нашыя затэлефанавалі расейцам, прызначылі час для сустрэчы на Ісакіеўскай плошчы. Расейцы прыйшлі, але толькі здалёк пабачылі беларусаў, бо іх саміх амаль адразу ж забралі ў той момант (маю на ўвазе расейцаў). Але яны пацьвердзілі, што былі затрыманая і некаторыя беларусы. Хлопцы нашыя, у сваю чаргу, абяцалі скінуць хоць які-небудзь кантакт, як трапяць у Піцер, але так нічога і не атрымалася”.

Каардынатар расейскага моладзевага руху супраціву “Абарона” Юлія Малышава была затрыманая міліцыяй яшчэ ў пятніцу – у той самы момант, калі была прызначаная сустрэча з прадстаўнікамі беларускага “Бунту”.

(Малышава: ) “Я толькі іх бачыла, калі нас забіралі, і ўсё. Да гэтага часу яны аб сабе не падавалі ніякіх сыгналяў. Калі яны да нас падыходзілі, калі нас затрымлівалі, пасьпелі сказаць, што кагосьці і сярод іх узялі. А я бачыла толькі некалькі чалавек, якія былі яшчэ свабодныя. Ня ведаю, як далей было, але на сувязь з намі яны пакуль не выходзілі... Дарэчы, у гэтыя хвіліны тут арганізатара “Сацыяльнага форуму” “эфэсбэшнікі” на машыне кудысьці павезьлі. Таму ўсё вельмі дынамічна разьвіваецца. І гэта пры тым, што арганізатар “форуму” учора меў гутарку з губэрнатарам Валянцінай Матвіенкай, а сёньня яго “эфэсбэшнікі” вязуць у невядомым кірунку, папярэднне зьбіўшы. У мяне на вачох усё гэта адбылося”.

Паводле дадзеных расейскіх праваабаронцаў, толькі за ўчорашні дзень у Санкт-Пецярбургу былі затрыманыя 37 антыглябалістаў, сярод якіх, зноў жа, узгадваюцца і беларусы. Расейскія крыніцы паведамляюць, што цягам 14-15 ліпеня затрымана каля паўтара дзясятка беларусаў, якія ў Пецярбургу распаўсюджвалі асобнікі спэцвыпускаў “Беларуская праўда”. Ёсьць інфармацыя, што, хутчэй за ўсё, яны застануцца ў пастарунках да завяршэньня саміту. Як не выключаюць праваабаронцы, дапытваюць беларусаў ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і беларускага КГБ. Прынамсі, ёсьць зьвесткі, што некаторым беларусам прыгразілі наступствамі пасьля вяртаньня дадому.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG